Хронікі палітычных рэпрэсій у Беларусі за 9 верасня

Чарговыя суды і затрыманні. У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. Расказваем, што вядома на гэты час.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg


Разгляд «справы Аўтуховіча» працягнецца ў панядзелак


У судовым працэсе па справе групы Мікалая Аўтуховіча абвешчаны перапынак да 12 верасня. Пра гэта паведаміла БЕЛТА.
У панядзелак працягнецца даследаванне нявывучаных тамоў. На судовы працэс будуць таксама выкліканы сведкі.

Пра затрыманне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 снежня 2020 года. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродне стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Следчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса («Наўмыснае пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам»). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яе на ч. 1 арт. 289 («Акт тэрарызму»), які прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў.
На пачатку лютага абноўлены спіс арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, з’явіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле КДБ, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, яго жонка Любоў і дарослы сын Павел, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімір Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёна Вольга Маёрава ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі з ім сувязь і, па версіі следства, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.
Суд над Мікалаем Аўтуховічам і «яго групай» пачаўся 18 траўня. Усяго на лаве падсудных 11 чалавек. З 11 ліпеня па 1 жніўня Аўтуховіч трымаў галадоўку.

Напрыканцы жніўня дачка Мікалая, Кацярына Аўтуховіч, абвясціла тэрміновы збор на аплату паслуг адваката. Неабходная сума была сабрана за два дні.


«Светлагорскіх партызанаў» пачнуць судзіць 27 верасня

Крымінальную справу палітвязняў Дзмітрыя Равіча, Дзяніса Дзікуна і Алега Малчанава пачнуць разглядаць 27 верасня ў Гомельскім абласным судзе, паведамляюць праваабаронцы. Судовы працэс у закрытым рэжыме будзе весці суддзя Анатоль Сотнікаў.
Палітвязням выстаўлены абвінавачванні паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму, здзейснены ў складзе арганізаванай групы, які пацягнуў цяжкія наступствы, што ствараюць пагрозу гібелі людзей і прычынення ім цялесных пашкоджанняў»).

Іх падазраюць у падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіравання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь-Астанкавічы» 28 лютага. Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін — Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны).


У Мінску затрыманы 32-гадовы Дзмітрый Стасевіч


У праўладных каналах яго называюць «актывістам аднаго з дваровых чатаў» і адзначаюць, што ён пачаў «спаміць» там «экстрэмісцкімі пастамі».

Паводле супрацоўнікаў ГУБАЗіК, даныя мужчыны ім перадалі ягоныя суседзі. Верагодна, яму прад'яўлены абвінавачанні паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»): сілавікі кажуць, што знайшлі ў тэлефоне Дзмітрыя фотаздымкі, якія пацягнулі за сабой узбуджэнне крымінальнай справы за ўдзел у «масавых беспарадках у 2020 годзе». Сам Стасевіч прызнаецца ў відэа, што хадзіў на Маршы, а таксама быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.



Палітзняволеную, асуджаную да «хатняй хіміі», асудзілі да «хатняй хіміі»

Палітзняволеную Веру Валністую другі раз асудзілі да «хатняй хіміі», але гэтым разам вызвалілі пасля суда.
8 верасня суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў справу палітзняволенай Веры Валністай, якую абвінавацілі па арт. 342 КК «Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Жанчыне 31 год. Яе затрымалі 6 чэрвеня. 8 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска Веру прызналі вінаватай у абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 КК і прызначылі ёй 2 гады «хатняй хіміі», а таксама абавязалі выплаціць 1000 рублёў матэрыяльнай кампенсацыі пацярпеламу. Пасля суда Веру зноўку змясцілі на Валадарку, дзе ёй давялося чакаць наступнага суда, які адбыўся роўна праз месяц.
8 верасня Веру Валністую прызналі вінаватай ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту і з улікам прысуду па першай крымінальнай справе канчаткова пакаралі трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Веру вызвалілі ў зале суда.

Чарговы прысуд па «справе Зельцара»

Сёння ў Гродзенскім абласным судзе вынеслі прысуд 37-гадоваму палітвязню Аляксею Сянько, паведамляюць праваабаронцы Вясны. Суддзя Анатоль Заяц прызнаў мужчыну вінаватым паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») Крымінальнага кодэкса. Прысуд — два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Палітвязень быў затрыманы дома ў Слоніме 29 верасня 2021 года.
«Стала трывожна. Я пазваніла мужу, ён спачатку не браў, пасля кажа: "Не магу размаўляць". Мы пайшлі дадому, падыходзім, а там тыя трое яго ўжо выводзяць. Ён паспеў мне шапнуць: "Гэта КДБ"», — распавядала пра дзень затрымання жонка Аляксея.