Ваеннага эксперта Ягора Лебядка трымаюць у СІЗА-1. Як яму дапамагчы?
Навукоўца і ваеннага эксперта Ягора Лебядка затрымалі 13 ліпеня. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянту).
Навукоўца і ваеннага эксперта Ягора Лебядка затрымалі 13 ліпеня. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянту), нагадваюць праваабаронцы.
Але пасля «сутак» на волю ён не выйшаў, бо яго перазатрымалі па крымінальнай справе паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. У праўладных тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя, што прычына — інтэрв'ю на «Еўр*радыё».
У заяве ад 16 жніўня праваабаронцы прызналі ваеннага эксперта палітвязнем.
Апошнім часам Ягор Лебядок шмат разважаў пра вайну. Ён адзначаў, што «пацыфізм у нашых умовах недапушчальны, гэта безумоўна». Аднак адзначаў, што ў беларускім грамадстве няма падтрымкі кіраўніцтва краіны. Не толькі з-за 2020 года, але і з-за таго, што Лукашэнка даў тэрыторыю Беларусі для ваеннай агрэсіі ў дачыненні да Украіны. «Праблема не толькі падтрымліваць войска, але і за каго ваяваць? За Лукашэнку? За Беларусь? Беларусь — не Лукашэнка. Многіх беларусаў яго палітыка не задавальняе. Тым больш што яна можа прывесці да разбурэння нашых гарадоў».
Нядаўна эксперт адзначаў, што ўдзел Беларусі ў вайне не скончыўся. А планы па Кіеве ў расіян — перакінуць групоўку ў Беларусь і атакаваць Кіеў — засталіся. «Мяркуючы па тым, як усе актыўна ўзяліся, гэта на канец ліпеня — пачатак кастрычніка», — прагназаваў тэрміны новай эскалацыі эксперт. І казаў, што вайна можа пачацца і на нашай тэрыторыі.
Цяпер палітвязня ўтрымліваюць у СІЗА-1 на Валадарскага. Яго можна падтрымаць грашовымі пераводамі, пасылкамі і бандэролькамі з рознымі прыемнымі дробязямі, а таксама лістамі салідарнасці і тэлеграмамі.
Адрас для падтрымкі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Ягор Віктаравіч Лебядок