Хронікі рэпрэсій. 5 гадоў за «дэанон» сілавікоў і каментары, 3,5 года — за здымкі расійскай тэхнікі

Палітычны пераслед беларусаў за 8 верасня — сабралі, што вядома, з дапамогай праваабаронцаў. 

photo_2022_09_08_12_37_27.jpg

У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 27-гадоваму палітзняволенаму гамельчуку Алегу Канавалаву (на фота). Яго асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама прызначылі штраф у памеры 3200 рублёў і кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага міліцыянта 5000 рублёў.

Канавалаў — уладальнік ютуб-канала «Третий регион Беларусь», якога затрымалі па вяртанні ў Беларусь з Украіны 10 студзеня 2022 года.

Палітвязня абвінавацілі ў тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо пасля ад'езду ва Украіну працягваў «размяшчаць у сацсетцы інфармацыю антыдзяржаўнага толку, прапагандаваць супраціў прадстаўнікам улады». Мужчына загружаў на свой канал відэа з акцый салідарнасці беларусаў у Кіеве. Таксама яму ў віну паставілі «цынічныя каментары» пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і абразу Лукашэнкі.

Учора на праўладных каналах з'явілася відэа з затрыманым дырэктарам крамы красовак «Снікерхэд» Сяргеем Калядой і былым дырэктарам па маргетынгу гэтай жа крамы Уладзімірам Стасевічам. Але, папярэдне, іх затрымалі яшчэ 5 верасня.

6 верасня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска адбыўся суд над Стасевічам. Суддзя Таццяна Полулех прызнала Уладзіміра вінаватым па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) і арыштавала яго на 13 сутак. Лёс Сяргея Каляды высвятляецца.

Стала вядома, што на арыштаванага на 10 сутак Уладіміра Целяпуна за спасылку ў фэйсбуку на сайт «Палескай Вясны», агулам склалі тры адміністрацыйных пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Наступны суд адбудзецца 9 верасня.

Таксама сілавікі правялі ператрус у яго дома. Вядома, што шукалі тэхніку і матэрыялы па «справе Вясны».

Нагадаем, праваабаронцу затрымалі тряцэга верасня ў сябе дома ў Мазыры.

7 верасня Гомельскі абласны асудзіў да 3,5 гадоў калоніі палітвязня Алега Храмых, якога абвінавацілі па ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Судовае пасяджэнне ўзначаліў Анатоль Сотнікаў.

У сакавіку гэтага года на вуліцы Ільіча Алег убачыў расійскую вайсковую тэхніку, якая накіроўвалася ў бок цэнтра Гомеля, зняў яе на відэа, а праз нейкі час даслаў фота, відэа, тэкставае апісанне таго, што адбываецца, характарыстыкі вайсковай тэхнікі і яе геалакацыю ў адзін з тэлеграм-каналаў, прызнаных на той момант «экстрэмісцкім».

Свой учынак мужчына патлумачыў тым, што ў інтэрнэце ён убачыў банер, які заклікаў беларусаў выратаваць украінцаў, націснуў на яго і апынуўся ў тэлеграм-канале, пасля чаго даслаў у яго чат-бот фота і відэа.

Палітзняволенага Дзмітрыя Дзямешку асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — «хіміі». Падчас суда стала вядома, што месяц таму яму замянілі меру стрымання падчас следства са зняволення на хатні арышт.

Дзмітрыя прызналі вінаватым паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). На этапе следства яму таксама прад’яўлялі арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці ці варажнечы), але абвінавачанні па яму знялі яшчэ да суда.

Таксама палітвязень мусіць выплаціць 100 базавых велічынь штрафа і чатыры тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Мужчына быў затрыманы год таму ў Новалукомлі па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Федасюка і ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра.

6 верасня 2022 года падчас закрытага судовага пасяджэння вынесены прысуд жыхару Гомеля Міхаілу Касякову. Яго асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Прысуд агучыў суддзя Яўген Шаршнёў.

Вядома, што да затрымання мужчына працаваў кіроўцам на прадпрыемстве «Гомельшкло». У праўладных пабліках з'яўлялася відэа затрымання Міхаіла, дзе сам мужчына распавядае, што нібыта выклаў у аднакласніках фота Лукашэнкі ў «непрыстойнай форме».

Магілёўскі ГУБАЗіК затрымаў за каментары і рэгістрацыю ў плане «Перамога» мясцовага жыхара Віктара Лабкова. Днямі мужчына вярнуўся з працы ў Латвіі.

Таксама стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго магілёўца — Дзмітрыя Барадзінова. Падрабязнасцяў пакуль няма.

У журналіста газеты «Вечаровы Бабруйск» Дзяніса Носава 8 верасня прайшоў ператрус.

Прычыны пакуль невядомыя. Нагадаем, улады нядаўна заблакавалі сайт незалежнай газеты «Вечаровы Бабруйск» — некалькі дзён ён не адчыняецца ў Беларусі.

Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка перавялі на турэмны рэжым у Гродна.

У аршанскай калоніі № 8 Дзмітрый Сушчык знаходзіўся з красавіка. Нядаўна палітвязня перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) і пры гэтым рэгулярна змяшчалі ў штрафны ізалятар за «парушэнне парадку».

Цяпер стала вядома, што днямі ў Оршы адбыўся суд па ўзмацненню рэжыму палітвязню. Па рашэнні суддзі Дзмітрыя перавялі на турэмны рэжым і накіравалі ў гродзенскую турму № 1. Па прыбыцці туды яму адразу былі выпісаныя два парушэнні і яго зноў збіраюцца змясціць у ШІЗА.

12 верасня палітвязень адзначыць 39-годдзе.

Нагадаем, Дзмітрыя асудзілі па ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) на паўтара года калоніі.

Знікла сувязь з палітзняволенай Аленай Гнаук.

Палітзняволеную актывістку з Пружанаў Алену Гнаук 15 жніўня перавялі ў папраўчую калонію № 4. Па прыбыцці яна даслала родным ліст, але пасля гэтага вестачак ад яе больш не даходзіла. Родныя жанчыны мяркуюць, што Алене або блакуюць ліставанне, або змясцілі ў ШІЗА.

Нагадаем, 17 чэрвеня палітзняволеную асудзілі на тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў. Алену прызналі вінаватай па двух крымінальных артыкулах. Перад этапам у калонію палітзняволеную больш за паўтара месяца ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары баранавіцкага СІЗА.

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк зноў у штрафным ізалятары.

Пра гэта паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда: «Толькі тры дні пратрымалася Паліна ў атрадзе пасля мінулых 20 содняў ШІЗА, як яе ізноў кінулі ў падвал. Гэта ўжо 50 содняў катаванняў за апошнія два з паловай месяцы, што Паліна знаходзіцца ў жаночай папраўчай калоніі №24 (Зарэчча)».

Нагадаем, у гомельскай калоніі 7 красавіка Паліну асудзілі па ч. 2 арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі.

Палітвязень Ілля Тананка выйшаў на волю. 

21-гадовы Ілля Тананка — студэнт МДЛУ, асуджаны на паўтара года «хіміі» амапаўца Балабы (арт. 369).

Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён напісаў на сцяне дома, дзе пражывае пацярпелы, «Балаба — забойца», чым публічна «абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Сам Ілля на судзе адзначаў, што пакінуў надпісы на аб'явах, размешчаных на інфармацыйных стэндах каля пад'ездаў: ён разумеў, што гэта абраза, але хацеў выказаць сваё меркаванне.

З 13 сакавіка 2021 года Ілля адбываў тэрмін у папраўчай установе адкрытага тыпу №9 у Віцебску. 8 верасня ён выйшаў на волю.