Хронікі рэпрэсій 9 верасня, частка 2. У «Белгазпрамбанку» паменела інкасатараў

Палітычны пераслед беларусаў: сабралі, што адбылося ці стала вядома на вечар 9 верасня, — з дапамогай праваабаронцаў і СМІ.

Доктар Аляксандр Мялешка атрымаў тры гады «хатняй хіміі»

Доктар Аляксандр Мялешка атрымаў тры гады «хатняй хіміі»


У «Белгазпрамбанку» затрыманні. 6 верасня сілавікі прыйшлі ў банк. Паводле інфармацыі некалькіх не звязаных паміж сабою крыніц, затрыманыя «10 або 11» супрацоўнікаў інкасатарскай службы. Усіх абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі і далі па 14 сутак.

«Некаторых затрымлівалі досыць жорстка. Аднаму нават зламалі плячо або руку — нібыта за аказанне супраціву. У саміх інкасатараў дома прайшлі ператрусы, — распавёў супрацоўнік банка. Мужчына дакладна не ведае, за што затрымлівалі супрацоўнікаў. — У нас толькі ўрыўкавыя звесткі. Быццам бы за абразу Лукашэнкі ва ўнутраным чаце. Кажуць, хтосьці зліў іх перапіску».

Затрыманы таксама начальнік службы інкасацыі. Ёсць інфармацыя, што затрыманых можа быць больш — 14 чалавек.

Ганна Тукава, якая здзейсніла антываенную акцыю на лінейцы ў Наваполацку, дагэтуль не выйшла на волю.

Праваабаронцам стала вядома, што Ганна Тукава, у якой ёсць аднагадовае дзіця, ужо тыдзень знаходзіцца за кратамі. Учора дзяўчыну зноў судзілі па арт. 19.11 за падпіску на два «экстрэмісцкія» каналы ва Укантакце. Суддзя Зінаіда Балаболава аштрафавала яе на 960 рублёў (30 базавых велічынь).

У той жа час, нагадваюць праваабаронцы, згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, адміністрацыйны арышт не можа быць ужыты да жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей. Іх нават нельга затрымліваць больш чым на тры гадзіны. Але насуперак закону Тукаву ўжо тыдзень трымаюць за кратамі. Вядома, што на яе складзены чарговы пратакол за «экстрэмізм».

Ганну затрымалі 1 верасня. Падчас выступу людзей у вайсковай форме на лінейцы ў Наваполацкай гімназіі яна ўстала перад імі і паказала знак «Вікторыя».

МУС абнавіла спіс экстрэмістаў. Ён папоўніўся наступнымі людзьмі:

  • Яўген Люльковіч, прысуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі па ч. 3 арт.130, ч. 1 арт. 342 КК.
  • Аляксандр Курганскі, прысуджаны да 1,5 гадоў пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 130, ст. 369 КК. У чэрвені яго таксама ўключылі ў спіс «тэрарыстаў».
  • Аляксей Маеўскі, асуджаны па ч. 1 арт. 130, ст. 364, арт. 369 КК. Таксама лічыцца»тэрарыстам".
  • журналіст Андрэй Кузнечык, прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі па ч.1 арт. 361-1 КК.
  • Дзяніс Граханаў, прысуджаны да аднаго года і сямі месяцаў пазбаўлення волі па ч. 2 арт.339 і ч. 1 арт. 368 КК.

Цяпер у спісе 479 прозвішчаў.


Супрацоўніка РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі прысудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі». 9 верасня суд Першамайскага раёна Мінска разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Мялешкі. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў двух нядзельных маршах у Мінску — 23 і 30 жніўня 2020 года. Суддзя Максім Трусевіч прызнаў лекара вінаватым па арт. 342 КК.

Аляксандра Мялешку затрымалі 7 ліпеня супрацоўнікі КДБ. Спачатку яго змясцілі на Акрэсціна, але праз шэсць дзён мужчыну адпусцілі пад даручальніцтва калегаў, таму ён знаходзіўся да суда на волі.

Мялешка — загадчык лабараторыі генетычнай біятэхналогіі РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, кандыдат біялагічных навук. Мае 20-гадовы стаж працы, раней уваходзіў у склад кіруючага органа першаснай арганізацыі «Свабоднага прафсаюза» ў РНПЦ ДОГІ.

Асуджанай на 15 гадоў пазбаўлення волі палітвязню Марфе Рабковай дазволілі праз шкло на гадзіну сустрэцца з мужам.

— Выглядае па параўнанні з мінулым годам нармальна. Бледная, вядома, не хапае сонца. Худы. Сказала, што важыць каля 45 кілаграмаў. Здароўе па — ранейшаму турбуе, — распавёў Вадзім на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы MySpace. — Я перадаў ёй прывітанне — яна ўсім вельмі ўдзячная. Распавёў пра рэакцыю міжнароднай супольнасці на прысуд — была радая і задаволеная тым, што яе не забываюць. Прысуд яна ўспрыняла адэкватна, кажа: «Глупства». На амністыю нават блізка не разлічвае. Але спадзяецца на лепшае!

Праваабаронцы заклікаюць неабыякавых падтрымаць ваеннага аналітыка Ягора Лебядка, затрыманага ў Беларусі 13 ліпеня. Эксперта абвінавачваюць па крымінальным артыкуле 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за інтэрв'ю незалежнаму медыя.

Цяпер Ягор Лебядок ў СІЗА-1 на Валадарскага. Вы можаце падтрымаць яго грашовымі пераводамі, пасылкамі і бандэролямі з прыемнымі дробязямі, а таксама лістамі і тэлеграмамі.

Палітвязень Анджэй Пачобут, які быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года па так званай «польскай справе», скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы. Як паведамляюць гарадзенскія праваабаронцы са спасылкай на блізкіх журналіста, ён перадаў, што на гэты працэс яму быў выдзелены месяц.

Анджэй, каб прачытаць як мага больш, адмаўляўся ад абедаў і чытаў матэрыялы з раніцы да вечара, скончыўшы гэты працэс 5 верасня.