Як татуіроўкі з інструмента самавыражэння ператварыліся ў пратэсныя сімвалы

У беларускага рэжыму сваё разуменне «экстрэмізму» і «тэрарызму». У Беларусі за краты саджаюць за адзенне «няправільных» колераў і налепкі на машынах. Пра тое, як татуіроўкі сталі «непажаданымі» ў краіне, расказвае «Deutsche Welle».

61393441_605.jpg


Суразмоўцу DW Яўгенію забралі на «допыт» у міліцыю пасля таго, як яна зрабіла на руцэ тату з выявай контуру Беларусі, які перасякае чырвоная паласа, што сімвалізуе след крыві. «Гэта было ў канцы 2020-га. Я зрабіла тату, і літаральна праз пару дзён мяне забралі, рука зажыць не паспела. Напэўна, сачылі за маёй старонкай у Instagram, — расказвае дзяўчына. — Пыталіся, навошта зрабіла тату, у каго, што яна значыць, гаварылі, што гэта "практычна свастыка". Я адказала, што гэта межы маёй краіны, за якую ў мяне два прадзеды загінулі падчас вайны, што тату зробленая ў памяць пра людзей, якія загінулі за незалежнасць Беларусі, і нічога фашысцкага ў ёй няма».
Яўгенію адпусцілі, але папярэдзілі, што яе татуіроўка можа прынесці непрыемнасці. Але далёка не заўсёды для ўладальнікаў «пратэсных» тату ўсё абмяжоўваецца «прафілактычнай размовай».

«Пакаяльнае відэа» з уладальнікам тату

У пачатку жніўня праўладныя Telegram-каналы апублікавалі так званае «пакаяльнае відэа» кіроўцы хуткай дапамогі з Мінска, затрыманага за «экстрэмісцкія» татуіроўкі. Сярод тату, якія сілавікі палічылі незаконнымі, — надпісы «БТ забівае», «Рускі ваенны карабель, ідзі на х..», «Не быць скотам» (словы з верша беларускага паэта Янкі Купалы «Хто ты гэткі?»), выява герба «Пагоня» і іншыя. Сцвярджалася таксама, што фота мужчыны ў міліцыю даслаў «неабыякавы грамадзянін». «На маім целе набітыя татуіроўкі пратэснага і экстрэмісцкага характару. Абавязуюся ў бліжэйшы час звесці лазерам», — абяцае ў «пакаяльным» відэа затрыманы.


За «дэманстрацыю татуіровак» з «Пагоняй» і «сімвалам анархізму» сілавікі затрымалі аднаго з наведвальнікаў музычнага фестывалю «Viva Braslav», які ў канцы ліпеня праходзіў у Віцебскай вобласці. Інфармацыю пра затрыманне распаўсюдзіў адзін з праўладных Telegram-каналаў. У паведамленні мужчыну называюць анархістам і сцвярджаюць, што падчас фестывалю ён быў без майкі, таму сілавікі ўбачылі яго тату: сімвал анархізму — літара «А» ў крузе (літары «О») і герб «Пагоня». Партал «Медыязона. Беларусь» высветліў, што імя затрыманага — Міхаіл Тарлоўскі, паводле звестак рэсурсу Dissidentby.com, ён знаходзіцца ў зняволенні з 2 жніўня, гэта значыць, да 10 верасня — ужо 39 дзён.

«Суткі» за тату з бчб-сцягам і імем сына

За тату судзілі і палітвязня, культурнага менеджара, стваральніка крамы Symbal.by Паўла Белавуса. Мужчыну затрымалі 15 лістапада 2021 года, праз некалькі дзён яму далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле аб «несанкцыянаваным пікетаванні» (ч.1 арт. 24.23 КаАП). Як расказваў былы сукамернік Белавуса, у стваральніка Symbal.by на запясці была невялікая, памерам з пачак запалак, татуіроўка з бел-чырвона-белым сцягам і надпісам «Мірон». У Паўла двое дзяцей, Міронам клічуць яго сына.


Пасля Белавуса яшчэ двойчы адпраўлялі на «суткі», затым яму прад'явілі абвінавачанні па крымінальнай справе за «ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК). У чэрвені 2022 года яго таксама абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-1 КК). У жніўні адзін з праўладных Telegram-каналаў паведаміў пра чарговае абвінавачанне, выстаўленае Белавусу, — на гэты раз у «здрадзе дзяржаве». Па артыкуле аб «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК) яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Вядома і пра выпадках крымінальнага пераследу за тату ў Беларусі. Гродзенскага музыку і гітарыста беларускамоўнага панк-гурта «Deviation» Паўла Бялянаваабвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» (арт. 368 КК РБ) — верагодна, за татуіроўку з яго партрэтам без вачэй. Бялянава затрымалі 2 чэрвеня 2022. Як расказваў сябар музыкі, да яго прыйшлі «па справе нейкіх графіці», але не заспелі дома. На наступны дзень гродзенец пайшоў на допыт, і яго ўжо не выпусцілі — спачатку далі «суткі», а потым завялі крымінальную справу. 5 жніўня Паўла адпусцілі з СІЗА ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці здзяйснення злачынства.

«Забараніць любое выказванне меркавання, нават на ўласным целе»


«Затрыманні за татуіроўкі — даўняя практыка, яна даволі шырока ўжывалася беларускімі сілавікамі да падзей 2020 года, напрыклад, у дачыненні да анархістаў, — каментуе юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна». — Таксама судзілі за тату з выявай свастыкі і іншых забароненых у Беларусі сімвалаў, ужывалі адміністрацыйны артыкул аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля 2020 года сталі затрымліваць і за так званую «пратэсную» сімволіку, расказвае юрыст: былі выпадкі, калі да адказнасці прыцягвалі за тату ў выглядзе герба «Пагоня» або бел-чырвона-белага сцяга.
Паводле слоў суразмоўцы DW, у другім выпадку часцей за ўсё судзяць за «несанкцыянаванае пікетаванне» (арт. 24.23. КаАП). «У законе "Аб масавых мерапрыемствах" паняцце "пікетаванне" настолькі шырокае, што пад яго можна падагнаць любое выказванне ўласнага меркавання, выказванне любым чынам. Суды і міліцыя гэтым і займаюцца. Хоць, безумоўна, судзіць за тату як за парушэнне правядзення масавага мерапрыемства — абсурд», — адзначае праваабаронца. Ён упэўнены, што ў цэлым «гэта проста спосаб забараніць любое выказванне меркавання, нават на ўласным целе».