Хронікі рэпрэсій, 10 мая. Чарговы масавы суд у Брэсце

Новыя «экстрэмісты», суды над цяжарнай жанчынай і папулярнай гомельскай фатографкай, затрыманне студэнта. Распавядаем галоўнае, што адбылося з беларускімі палітвязнямі сёння.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 чалавек — цяпер у ім 4056 прозвішчаў

10 траўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Расіі Міхаіла Бодаша, кухара Ігара Казубава, бацьку траіх непаўнагадовых дзяцей Віталя Максімчука

У Брэсце пачынаецца трэці суд за «грубае парушэнне парадку» 10 жніўня 2020

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 10 траўня распачынаецца суд паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) адразу над васьмю мясцовымі жыхарамі – Мікітам Вайцюком, Васілём Алексеюком, Глебам Клімовічам, Віталём Варфаламеевым, Аляксандрам Тысевічам, Юліяй Шаронавай, Мікалаем Нікіцюком і Максімам Собалевым.

Палітвязня Міхаіла Лабаня хочуць перавесці на турэмны рэжым

Міхаіл — гаспадар ювелірнай майстэрні «Самародак», які займаўся вырабам упрыгожанняў для ўдзельнікаў рэканструктарскіх суполак, вывучаў гісторыю Сярэднявечча.

Яго абвінавацілі ў "паклёпе ў дачыненні да Лакушэнкі" (ч. 1 арт. 367 КК), абразе "Лакушэнкі" (ч. 1 арт. 368 КК) і "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК).

Суддзя Віталь Лапко асудзіў палітвязня да 4 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь.

Цяпер стала вядома, што ў судзе Івацэвіцкага раёна 13 траўня адбудзецца суд па замене Міхаілу рэжыма ўтрымання на турэмны. Яго справу разгледзіць суддзя Сяргей Кухацкаволец.

Глядзіце таксама

Сілавікі затрымалі студэнта БДУІРа

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 20-гадовага студэнта трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

На «пакаяльным відэа» хлопец «прызнаецца» ў тым, што ў 2020 годзе пісаў у чат-бот праекта «Голас», хадзіў на пратэсты, распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы, пасля тэракту ў Расіі «радаваўся гэтай сітуацыі», а таксама падтрымліваў «украінскіх неанацыстаў».

Глядзіце таксама

Актывістку руху «Маці-328» Марыну Уладыку асудзілі да 15 сутак арышту

Па інфармацыі @MAYDAYMog, жанчыну затрымалі раніцай 7 траўня, а дома правялі ператрус. 

У судзе Заводскага раёна Мінска 8 траўня над жанчынай адбыўся суд. Яе абвінавацілі ў "дробным хуліганстве" паводле арт. 19.1 КаАП. Суддзя Алена Някрасава арыштавала Уладыку на 15 сутак.

Вядома, што Марына з'яўляецца каардынатаркай па дапамозе сіротам, асуджаным да вялікіх тэрмінаў паводле арт. 328 КК (Незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў). Каля дзясятка асуджаных маглі "атаварвацца" ў турэмнай краме дзякуючы дапамозе актывістаў руху.

Папулярную гомельскую фатографку асудзілі па двух крымінальных артыкулах

34-гадовая Аляксандра Мельнічак прафесійна займаецца фатаграфіяй больш за 15 гадоў. Яе спецыялізацыя — сямейная, вясельная і івэнт-фатаграфія. Раней жанчына мела ўласную фотастудыю «Пудра» ў Гомелі. Таксама яна ўдзельнічала ў фотапраектах і конкурсах.

Апошні раз яна была анлайн ва «Укантакце» 15 лютага. Імаверна, у гэты дзень яе і затрымалі, піша "Наша Ніва".

Судовы працэс над Аляксандрай адбыўся 3 траўня ў Гомельскім абласным судзе. Разглядаў справу суддзя Дзмітрый Казлоў. Мельнічак абвінавачвалі па двух артыкулах — «распальванне варожасці ці варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК) і «актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).

Мужчыну асудзілі да двух гадоў калоніі за каментар пад фота Лукашэнкі

Стала вядома, што 7 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва вынесены прысуд мясцоваму жыхару Паўлу Макаранку. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і асудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд агучыла суддзя Ю. Арахоўская.

Яго асудзілі за тое, што ў жніўні 2021 году ён пакінуў каментар пад выявай Лукашэнкі ў адной з груп Telegram. У ім нібыта ўтрымлівалася негатыўная ацэнка Лукашэнкі, абвінавачанне вырашыла, што гэтым Макаранка «публічна ў зневажальнай форме выказаў сваю негатыўную ацэнку асобы». 

Мужчына не прызнаў віну.

Цяжарную мінчанку асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у «Маршы героеў»

У судзе Ленінскага раёна Мінска 27 сакавіка асудзілі Юлію Каралёву паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Суддзя Юлія Інчына прызначыла Каралёвай два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Мінчанку апазналі па фотаздымку з акцыі пратэсту і з дапамогай даных мабільнага аператара аб тэлефонных злучэннях яе абаненскага нумара.

Акрамя гэтага ў судовай пастанове паведамляецца аб «актыўным спрыянні выкрыванню іншых удзельнікаў злачынства» з боку Юліі. Нібы Юлія падала асабістыя даныя іншых удзельнікаў Маршу, якія былі разам з ёю на фотаздымку. Яе адвакат прасіў улічыць гэты факт і змякчыць пакаранне. Але суд адмовіў, бо «абвінавачваная ўказала толькі абставіны здзейсненага ёю злачынства».

КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» чатыры кааліцыі, якія будуць удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду

Гэта «Воля / Рух Воля / Блок Воля», «Закон и правопорядок», «Еўрапейскі выбар» і «Моладзевы наступ». 

Усе яны былі прызнаныя КДБ «экстрэмісцкімі фармаваннямі» 6 траўня. Адзначым, што ў дакуменце таксама пералічана больш за 80 чалавек, якія маюць дачыненне да вышэй згаданых кааліцый.

Крыніцы: ПЦ «Вясна», MAYDAY.TEAM«Наша Ніва»