Кацярына Андрэева перахварэла на пнеўманію за кратамі
Пра пнеўманію і іншыя праблемы са здароўем палітзняволенай журналісткі паведаміў яе муж Ігар Ільяш.
«У канцы красавіка Кацярына Андрэева перахварэла на пнеўманію. Была шпіталізаваная, праляжала ў санчастцы калоніі 10 дзён.
На шчасце, пнеўманія была не вялікая, а ачаговая. Лекары своечасова дыягнаставалі хваробу і вельмі адказна паставіліся да лячэння.
Каця ачуняла і на мінулым тыдні яе выпісалі з санчасткі.
Перад тым як захварэць на пнеўманію Каця перанесла моцны прыступ сезоннай алергіі. Яна заўсёды была алергікам, але ў зняволенні гэтая праблема рэзка абвастрылася.
Прыступы становяцца значна больш пакутлівымі, а спіс алергенаў – шырэйшым.
У пачатку красавіка алергічны ацёк прыйшлося здымаць пры дапамозе ўколаў (спачатку ўнутрымышачна, а потым унутрывенна), бо Каця зусім не магла дыхаць праз нос.
У цэлым за амаль што 3,5 гады зняволення праз агульнае аслабленне арганізму Каця стала часцей хварэць на прастуды і пакутаваць ад галаўных боляў.
У яе прыкметна пагоршыўся зрок — амаль непазбежная праблема для тых, хто працяглы час знаходзіцца за кратамі», — піша Ігар Ільяш на сваёй старонцы ў Facebook.
Нагадаем, Кацярына Андрэева — палітзняволеная журналістка. Як пішуць праваабаронцы ПЦ «Вясна», разам з журналісткай Дар'яй Чульцовай яна стала фігуранткай крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на "Плошчы Пераменаў" у Мінску 15 лістапада 2020 г.
18 лютага 2021 года Кацярына была асуджаная на два гады пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму.
7 красавіка 2022 года стала вядома, што журналістцы выстаўлена новае абвінавачванне — у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу). Справу ў закрытым рэжыме 4 ліпеня 2022 пачаў разглядаць суддзя Гомельскага абласнога суду Алег Харошка. 13 ліпеня ён прызначыў Кацярыне 8 гадоў і 3 месяцы ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Палітзняволеная падала скаргу на прысуд. 20 верасня адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі, прысуд пакінулі без зменаў.