Хронікі рэпрэсій 23 жніўня: Паліна Шарэнда-Панасюк знікла з гомельскага СІЗА

Папаўненне ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»,  тры гады зняволення — за данат, які не дайшоў. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў за 22 жніўня.

hroniki_cihaha_pratestu___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_27_kastrycznika__25__logo_logo.jpg
  • Папаўненне ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Старонка гурта «Дай Дарогу» ва «УКантакце» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Чачэрскага раёна 17 жніўня. Адзначым, што на старонку падпісаныя больш за 33 тысячы чалавек.

Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі: 

  1. Старонкі ва «Укантакце» «Budzma Razam», «Юрий Станцель»;
  2. Сайт і сацсеткі крамы «Адметнасць/Admietnasc»;
  3. Старонка ў «Аднакласніках» «Рудабельская паказуха».
  • Паліна Шарэнда-Панасюк знікла з гомельскага СІЗА

Сваякі толькі ведаюць, што яе вывезлі адтуль 21 жніўня. Дзе цяпер знаходзіцца палітзняволеная — на сёння невядома.

У гомельскім СІЗА №3, куды Паліна была пераведзеная з рэчыцкай калоніі пасля завядзення новай крымінальнай справы за нібыта злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі, палітзняволенай няма. Пра гэта распавялі родныя Паліны. 

Сёння, 23 жніўня, для Паліны не ўзялі перадачу. Было паведамлена, што палітзняволеная 21 жніўня вывезена. Куды на гэты раз яе этапавалі, не сказалі. Паводле мужа Паліны Андрэя Шарэнды, спробы даведацца, дзе палітзняволеная, пакуль не далі вынікаў.

  • Тры гады зняволення — за данат, які не дайшоў

Беларуска Анастасія Петрачэнка, калі знаходзіліся ў Польшчы, данаціла ў полк Каліноўскага, але але транзакцыя не прайшла. Калі дзяўчына вярнулася ў Беларусь, яе асудзілі на тры гады калоніі. 

Сталі вядомыя падрабязнасці суда над палітзняволенай Анастасіяй Петрачэнка: ёй перакваліфікавалі абвінавачанне.

Анастасія пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пераехала з Беларусі ў Польшчу. Там, у суседняй краіне, яна паспрабавала зрабіць ахвяраванне са свайго беларускага банкаўскага рахунка праз інтэрнэт-банкінг палку імя Каліноўскага памерам 16,71 долараў ЗША, аднак транзакцыя не прайшла. Пазней палітзняволеная вырашыла вярнуцца ў Беларусь, дзе была затрыманая.

  • Для палітзняволенага Арцёма Лябедзькі абвінавачанне запрасіла 3,5 года пазбаўлення волі

Прысуд будзе абвешчаны заўтра, 24 жніўня. Працэс у Мінскім гарадскім судзе вядзе суддзя Яўген Пісарэвіч. Арцёму Лябедзьку інкрымінаваны арт. 361-2 КК («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»).

Падчас працэсу палітвязень не прызнаў віну і заявіў, што яму зусім не ясная сутнасць прад'яўленых абвінавачанняў і ён не разумее, за што ён аказаўся на лаве падсудных. Арцём даваў паказанні ў форме адказаў на пытанні дзяржаўнага абвінаваўцы.


  • Палітвязень Канстанцін Залатых накіраваны ў наваполацкую ПК-1

У наваполацкую папраўчую калонію № 1 з мінскага СІЗА былога дырэктара газеты «Белорусы и рынок» перавялі яшчэ 21 ліпеня — праз два з паловай тыдні пасля разгляду апеляцыйнай скаргі палітвязня ў Вярхоўным судзе. 

13 ліпеня КДБ Беларусі дадаў Канстанціна Залатых у спіс асоб, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці». Гэта азначае, што яму забаронена атрымліваць у калоніі грашовыя пераводы. А 21 ліпеня МУС унесла палітвязня ў спіс «экстрэмістаў».


  • Вярхоўны суд 29 жніўня разгледзіць апеляцыйную скаргу палітзняволенага Яўгена Меркіса 

Гомельскі краязнаўца і журналіст быў затрыманы 13 верасня 2022 года. Палітвязня абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (чч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). 

Справу Меркіса ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Адкрытым зрабілі толькі агалошванне выраку. 

Паводле прапагандыстаў, Яўген адпраўляў тэлеграм-каналам звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі. Таксама яны паведамляюць, што Меркіс працаваў для тэлеканала “Белсат”, які ўлады прызналі экстрэмісцкім.

У Вярхоўным судзе 29 жніўня ў закрытым рэжыме адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі палітвязня. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Чаравача.


  • У Мінску за ўдзел у пратэстах затрымалі Аліну Будай — супраць яе распачалі крымінальную справу

Калі меркаваць па сацсетках, Аліне Будай 31 год, яна працуе бухгалтарам. Аліну затрымалі, меркавана, 15 жніўня — у гэты дзень яна знікла з усіх сацсетак.

У відэа сілавікоў дэманструюцца скрыншоты з яе інстаграма — на іх фота з пратэстаў. Таксама яе змушаюць сказаць, што яна зарэгістраваная ў «плане "Перамога"».

Пазней стала вядома, што ГУБАЗіК прыйшоў і да сяброў затрыманай Аліны Будай.

Як піша @nashaniva, сілавікі звярнулі ўвагу і на сяброў дзяўчыны. Ілья Янкоўскі, як сцвярджаюць сілавікі, прыйшоў у ГУБАЗіК сам, бо патрапіў на фота, дзе былі ён і ягоныя сябры. Яму 31 год, і, згодна з інфармацыяй ад «Кіберпартызанаў», ён нядоўга працаваў у «Зелянбудзе». Апошнім часам, згодна з інфармацыяй у сацсетках, мужчына працуе ў Расіі у будаўнічай кампаніі.

Паводле «НН», затрымалі таксама і 31-гадовую сяброўку Аліны — Дар'ю Агрызка. Яна знікла з усіх сацсетак у той жа момант, што і яе сяброўка.


  • Жанчына зняла, як ДАІ штрафуе яе дачку за адсутнасць флікера — усе скончылася крымінальнай справай

Інцыдэнт адбыўся ў Лоеўскім раёне. Інспектар ДПС спыніў дзяўчыну, што ішла па краі праезнай часткі без флікера. Калі яна сядзела ў службовым аўтамабілі і на яе складалі пратакол, прыйшла яе маці. Жанчына рэагавала на сітуацыю эмацыйна і здымала ўсё на смартфон. 

Як паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама, жанчына «ўсяляк спрабавала перашкаджаць вядзенню адміністрацыйнага працэсу, здымала тое, што адбываецца, на тэлефон, эмацыйна каментавала дзеянні супрацоўніка міліцыі і давала ацэнку дзеянням праваахоўнікаў у цэлым». Пазней на яе склалі пратакол аб непадпарадкаванні і аштрафавалі на 185 рублёў.

18 жніўня ў дачыненні да жанчыны распачалі крымінальную справу па артыкуле аб распальванні сацыяльнай варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.