Хронікі рэпрэсій. Асудзілі жанчыну, якая назвала Лукашэнку «казлом», чарговы прысуд па «справе Зельцэра»
З дапамогай праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі за 3 лістапада.
У Брэсцкім абласным судзе на тры гады калоніі асудзілі Эдгара Шырко паводле арт.
369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай
сацыяльнай варожасці). Справу разглядаў суддзя Сяргей Беразюк.
Эдгара затрымалі па крымінальнай справе, распачатай за
каментары ў сацсетцы «ВКонтакте» пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя
Федасюка і ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Шырко ў мінулым працаваў бібліятэкарам, журналістам у
выданні Intex-Press, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства ў школе.
Суд Ваўкавыскага раёна вынес
прысуд работніку ААТ «Беллакт», грамадскаму актывісту Юрыю Піваварчыку, якога
абвінавацілі ў знявазе дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). Справу разглядаў
суддзя Мікалай Сяргейка.
З матэрыялаў абвінавачання
вынікае, што Піваварчык у супольнасці «STOP LUKA», «размясціў выяву дзяржаўнага
сцяга на фоне нацысцкай сімволікі (свастыкі), сэнсавым зместам малюнка якога
з'яўляецца аўтарскае меркаванне, што ва ўпраўленні Рэспублікі Беларусь
выкарыстоўваецца нацысцкая ідэалогія, што не прымальна з пункту гледжання
сучаснай культуры, паколькі ў ім прысутнічаюць элементы скажэння
грамадска-палітычнай рэчаіснасці…».
У выніку, суддзя прызначыў Юрыю
пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову
адкрытага тыпу («хімія») тэрмінам на адзін год.
1 лістапада ў Чэрыкаўскім раённым судзе разгледзелі
справу мясцовага таксіста Дзмітрыя Іванова, якога абвінавацілі паводле арт. 369 КК за
тое, што жодзінскі міліцыянт Мікалай Бараноўскі палічыў сябе абражаным ягоным
каментаром у сацсетках.
Менавіта Бараноўскі ўдарыў падчас падаўлення пратэстаў у
Жодзіне жанчыну. Яна падала заяву ў Следчы камітэт па факце прымянення сілы
супрацоўнікам міліцыі, аднак гвалт быў расцэнены як паводзіны «ва ўмовах
абгрунтаванай прафесійнай рызыкі або крайняй неабходнасці».
Як стала вядома «Н*шай Ніве», на судовым працэсе Іваноў не мог
сядзець праз боль у нырках. У выніку яго асудзілі на 1,5 года «хатняй хімі».
У судзе Круглянскага раёна асудзілі двух мясцовых жыхароў 18 і 19 гадоў да года калоніі кожнага. Дзяніса Вараб'я і Івана Вараб'я прызналі вінаватымі ў здзеку над дзяржаўным сцягам паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса за тое, што летам яны сарвалі чырвона-зялёны сцяг з будынку сельскага клуба і пашкодзілі яго мацаванне. Жорсткі прысуд хлопцам вынес суддзя Дзмітрый Сасноўскі.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаныя двойчы ў ноч на 24 ліпеня 2022 года «з мэтай дэманстрацыі свайго абразлівага і блюзнерскага
стаўлення да дзяржаўнага сімвала сарвалі ўсталяваны на будынку сельскага клуба дзяржаўны сцяг, пашкодзіўшы яго мацаванне».
Затрыманнаму на «хіміі» палітвязню Юрыю Вінічуку прызначылі 7 сутак арышту паводле адміністрацыйнага пратакола. Падрабязнасці пакуль невядомыя.
Нагадаем, 30 кастрычніка ў асіповіцкую ПУАТ-48 прыязжалі
сілавікі. Там людзей паклалі тварамі ў падлогу, правяралі тэлефоны. Пасля
гэтага берасцейца затрымалі. Юрый адбывае паўтара года «хіміі» за
абразу Лукашэнкі.
Паводле апошніх звестак, у выніку застыстак на «хіміях» былі затрыманыя 22 палітвязняў.
Ад раніцы 30 кастрычніка ў папраўчых установах адкрытага
тыпу па ўсёй Беларусі сілавікі ладзілі затрыманні,
ператрусы, допыты і выняцце тэлефонаў на «праверку» ў
палітзняволеных, асуджаных да абмежавання волі.
Зачыстка прайшла як мінімум у 12 папраўчых
установах. Затрыманы мінімум 22 палітвязні, але
прозвішчы вядомыя пакуль толькі 16 з іх.
Вядома, што палітвязням з ваўкавыскай ПУАТ-29 Дэвіду
Шаракову і Дзмітрыю
Гурэеву прызначылі па 6 сутак адміністрацыйнага арышту, а Арцёму Ляшнеўскаму — 20 базавых
велічыняў штрафу. Арышты палітвязні адбываюць у ІЧУ Ваўкавыска. Таксама суды
прайшлі над Аляксандрам Сячко і Андрэем
Разуваевым, але
вынікі невядомыя. А 4 лістапада будуць судзіць па арт. 19.11 КаАП
палітзняволеных Кацярыну Батуру і Алену Лысковіч, якія адбываюць
тэрмін на гродзенскай «хіміі» — ПУАТ-25.
Сілавікі проста на вуліцы затрымалі
жыхара Магілёва Андрэя Кірпічэнку. У віну мужчыну паставілі тое, што падчас
прамых эфіраў у TikTok ён публічна падтрымліваў Украіну і яе войска ў вайне,
развязанай Расіяй.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне
40-гадовага жыхара Рэчыцы Паўла Гушчы. Паводле іх, мужчына паказаў праязджаючым
расійскім вайскоўцам сярэдні палец. За гэта яго прыехалі затрымліваць амапаўцы
ў поўным абмундзіраванні.
Паведамляецца, што мужчына арыштаваны на 15 сутак
На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася відэа з затрыманнем
мужчыны за налепку з нацыянальным сцягам.
Напачатку відэа відаць, што нехта здымае на відэа налепку са
знакам BY у нацыянальных колерах. Пасля гэтага ідуць кадры жорсткага затрымання
мужчыны — яго брутальна выцягваюць з машыны і кідаюць на асфальт. Увесь гэты
працэс здымаецца на відэа. На відэа з допыту мужчыны відаць, што ў яго
рассечаны лоб.
3 лістапада ў судзе Маладзечна і Маладзечанскага раёна
суддзя Вадзім Петрусевіч прызнаў Людмілу Самак вінаватай у абразе Лукашэнкі паводле арт. 368
КК. Ён асудзіў яе да года пазбаўленні волі ў калоніі
агульнага рэжыма.
Людміла — жыхарка Крупскага раёна, яна хворая на сухоты, мае
хранічны алкагалізм і некалькі судзімасцей. У дзень затрымання 19 верасня 2021
года яна ехала ў інфекцыйную бальніцу, каб лячыцца ад сухотаў.
На чыгуначным вакзале ў Маладзечне жанчына сядзела на лаўцы
і ўжывала алкаголь, калі да яе падыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Пры іх яна пачала
крычаць, што Лукашэнка «казёл, плаціць сваім міліцыянтам, якія нічога не
робяць». Таксама Самак ўжывала лаянку. Гэта запісалі прыборы відэафіксацыі,
якімі карыстаюцца супрацоўнікі міліцыі.
Стала вядома, што стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі
нядаўна этапавалі ў СІЗА-2.
Нагадаем, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня
Анатолю Латушку прысудзілі 6 гадоў калоніі, Ліліі Ананян — 5 гадоў «хатняй хіміі», Алене Маліноўскай — 4 гады калоніі.
Іх затрымалі 31 студзеня за маляванне па трафарэце на паштовых скрынях у
пад'ездах герба «Пагоня» і змясцілі пад варту. На судзе Латушка і
Маліноўская віну не прызналі, Ананян —
прызнала цалкам.
Пасля затрымання Латушкі было вядома, што яго збівалі.
Падчас суда, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі агучаныя падрабязнасці прымянення фізічнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУС. Жонку Анатоля
таксама асудзілі праз тры тыдні пасля мужа. Алене прысудзілі
2,5 гады «хатняй хіміі».
У Мінскім гарадскім судзе 4 лістапада адбудзецца чарговае пасяджэнне па «справе фонда «Страна для жизни». Па ёй праходзіць тры
валанцёры — палітзняволены Антон Сташэўскі,
Юлія Сырых, Таццяна
Астроўская, а
таксама Марына Дуброўская.
З іх толькі Антон утрымліваецца пад вартай, Юлія і Таццяна пасля амаль гадавога
зняволення пакінулі Беларусь, а Марына знаходзіцца пад хатнім арыштам. Таму
цяпер судзяць толькі Сташэўскага і Дуброўскую. Справу разглядае суддзя Дзіна
Кучук.
У залежнасці ад ролі кожнага, іх вінавацяць па двух
крымінальных артыкулах: ч. 2 арт. 342 і ч.1 арт. 357. Па апошнім артыкуле
Сташэўскаму пагражае ад 8 да 12 гадоў зняволення. Сваю віну ён не прызнаў ні па ніводным артыкуле. У пятніцу, 4 лістапада, Антон выступіць з апошнім
словам на адкрытым працэсе. Прыходзьце падтрымаць яго ў Мінскі гарадскі суд па
адрасе вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1.
У судзе Маскоўскага раёна Мінска прызначаная дата суда над
тату-майстрам Алегам Фалеем. Яго абвінавачваюць у абразе прадстаўніка (арт. 369
КК) і хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК). Судовы працэс прызначылі на 15 лістапада,
суддзя — Сяргей Кацэр.
Па матэрыялах следства, Алег у жніўні 2020 года нанёс на
сцяну ў пад'ездзе жылога дома ў сталіцы надпісы, у якіх выяўлялася непавага да
дзяржаўных органаў улады, што следчыя расцанілі як «хуліганства». Акрамя гэтага
ён нібыта пакінуў абразлівыя каментары ў фэйсбуку ў адрас
супрацоўнікаў АУС з мэтай «прыніжэння іх гонару і годнасці ў сувязі з выкананнем
ўскладзеных на іх службовых абавязкаў».
Судовы працэс будзе праходзіць у адкрытым рэжыме.