Хронікі рэпрэсій. Палітвязня, які апублічыў тэлефонныя размовы Эйсмант, пераводзяць у турму
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 9 лістапада.
У Брэсце затрымалі айцішніка, які жыве і працуе ў Польшчы. Паведамляецца, што ён нібыта напісаў больш за 5 тысяч паведамленняў у «экстрэмісцкіх» каналах і чатах. На змантаваным сілавікамі відэа затрыманы кажа, што працуе на амерыканскую кампанію і жыве ў Познані — верагодна, яго затрымалі падчас паездкі ў Беларусь.
Былога
падпалкоўніка КДБ палітвязня Аляксея Храловіча перавялі на турэмны рэжым.
Аляксей — былы падпалкоўнік КДБ. У Мінскім гарадскім судзе 30 сакавіка 2022 года яго асудзілі на 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў паводле ч. 2 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Таксама ён пазбаўлены вайсковага звання. Пад вартай да суда ён утрымліваўся каля году.
Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме на дзяржтэлебачанні, Храловіч меў дачыненне да перадачы блогеру Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 года аўдыя размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 24 кастрычніка ў Наваполацку адбыўся суд па замене Аляксею рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Таццяны Хрыпач палітвязня перавялі на турэмны рэжым.
Суд Баранавіцкага
раёну прызнаў «экстрэмісцкім» украінскі тэлеграм-канал «Вільне Рівне». Адпаведнае
рашэнне было прынятае 3 лістапада.
Таксама спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі: тэлеграм-каналы і чаты «Пастаўскія падзеі», «28 марта. Жгем», «Верхнедвинск за перемены livе», старонка ў фэйсбуку «МАЯ Радзiма Беларусь», тэлеграм-каналы і лагатыпы праектаў «Народная Амбасада Беларусi у Iзраiлi», «Народное посольство Беларуси в Литве», «Канал народного посольства Беларуси в Черногории», суполка ва «УКантакце» «Пошукі старога Гомеля», ЦікТок-старонка «BIELARUSKI SAL».
Вынеслі прысуд айцішніку, затрыманаму пасля атакі на самалёт у Мачулішчах. Дзмітрыя Маставога абвінавачвалі ў «здрадзе дзяржаве» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
Па гэтых артыкулах яму пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядаў Брэсцкі абласны суд, заўтра ў Вярхоўным судзе будзе разгледжана апеляцыя. Паседжанне будзе закрытае.
Афіцыйна пра прысуд не паведамлялася, але як даведаўся Dissidentby, Дзмітрыю далі 10 гадоў калоніі.
Дзмітрыя Маставога затрымалі ў пачатку сакавіка 2023 года. У фільме «Гаспар на сувязь не выйшаў» на тэлеканале АНТ, які выйшаў 5 красавіка, сцвярджалі, што Дзмітрый нібыта прапаноўваў «Беларускаму Гаюну» зліваць інфармацыю аб аэрадроме: ён наладзіў трансляцыю з ноўтбука праз скайп, яна ішла два тыдні без перапынку. Яго затрымалі, калі ён нібыта забіраў камеру са схованкі. «Беларускі Гаюн» пазней заявіў, што Маставы не вёў для іх трансляцыю.
На волю выйшаў
палітвязень Ягор Жукаў. Яго абвінавацілі паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржсімвалаў»). Згодна з абвінавачаннем, у ноч на 3 ліпеня Ягор сарваў сцяг з
крамы «Еўраопт».
Як тлумачыў сам хлопец, ён быў нецвярозы, ішоў з сябрамі. Убачыў сцяг, падскочыў, зачапіўся за дрэўка. Дрэўка сцяга нечакана зламалася, яго рэшткі засталіся вісець на сцяне. Ён з сябрамі сышоў з месца здарэння.
3 ліпеня Ягора затрымалі супрацоўнікі міліцыі і да
суда змясцілі пад варту. На судзе пракурор агучыў суму «шкоды» ад дзеянняў
Жукава — 21 рубель. У выніку ў жніўні Ягору прысудзілі 3 месяцы арышту.