Сілавікі прыйшлі з ператрусам да бацькоў пісьменніка Сашы Філіпенкі
Дома ў пісьменніка Сашы Філіпенкі адбыўся ператрус, ягонага бацьку затрымалі.

Да бацькоў беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі прыйшлі з ператрусам.
Пра гэта Саша Філіпенка напісаў на сваёй старонцы ў Facebook:
«У мяне дома ператрус. Сем чалавек з аўтаматамі. Бацьку забралі. Маці сказалі: "Скажыце дзякуй сыну". Відавочна, што ціснуць на мяне і хочуць, каб я перастаў выказвацца ў еўрапейскай прэсе».
Саша Філіпенка — беларускі пісьменнік і журналіст. Ён апублікаваў шэсць раманаў, сярод якіх «Былы сын», «Задумы», «Чырвоны Крыж». Яго кнігі перакладзены на англійскую, французскую, італьянскую, нямецкую і іншыя мовы.
Глядзіце таксама

У 2022 годзе выйшаў яго новы раман «Крэмулятар», у аснове якога — рэальныя матэрыялы Следчай справы Пятра Несцярэнкі, дырэктара Маскоўскага крэматорыя на тэрыторыі Данскога некропаля, які працаваў там у гады савецкіх рэпрэсій.
Філіпенка ўдзельнічаў у беларускіх пратэстах 2020 года супраць Аляксандра Лукашэнкі. Ён неаднаразова выступаў у абарону беларускіх палітычных зняволеных.
Глядзіце таксама

Нагадаем, як пісаў «НЧ», у пачатку 2021 года буйная швейцарская газета апублікавала зварот пісьменніка да прэзідэнта міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Петэра Маурэра, як гэтая арганізацыя не заўважае тое, што адбываецца ў Беларусі, як калісьці не заўважыла газавыя камеры ў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагерах: «Я прапанаваў вам праінспектаваць беларускія турмы, у якіх жанчыны спяць на бетоннай падлозе і металічных сетках без матрацаў, у якіх хлеб кладуць пад галаву замест падушак. У якіх прыбіральні ўяўляюць сабой дзіркі ў падлогах, не агароджаныя нават шторкамі, а наглядчыкі не дазваляюць перадаваць у камеры ні зубныя шчоткі, ні пракладкі. Тады, увосень, вы адказалі, што МКК не валодае падобным мандатам. Загадзя прадбачыўшы такі адказ, я нагадаў вам пра бразільскія фавелы, у адносінах да якіх МКК займае куды як больш актыўную пазіцыю… Адным з галоўных аргументаў, якім вы тлумачылі немагчымасць умяшацца ў беларускія падзеі, з'яўляецца нейтралітэт, які нібыта займае Міжнародны Чырвоны Крыж. Я дазваляю сабе выкарыстоўваць слова «нібыта», таму што ў выпадку Беларусі ніякага нейтралітэту ваша арганізацыя на самай справе не выконвае… На чале грамадскай арганізацыі стаіць чыноўнік, прызначаны і прама падпарадкаваны дыктатару Лукашэнку! Паважаны спадар прэзідэнт, разам з вамі мы бачым, што варта заплюшчыць вочы на зверствы сілавікоў у адной краіне, як іх злачынствы адразу паўтараюцца ў суседняй».
Глядзіце таксама
