Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 16 лістапада
Галоўныя навіны дня ў адным аглядзе.
Беларускія ўлады прыпынілі дзейнасць яшчэ трох медыцынскіх цэнтраў. На гэты раз у поле зроку трапілі ТДА «Медыцынскі цэнтр "Кравіра"», ТАА «Доктар Нэма», ТАА «ПлеядаМед». Мінздароўя назвала прычынай прыпынення ліцэнзій гэтых медцэнтраў «выяўленыя парушэнні».
Два гады і адзін месяц калоніі прысудзіў Гомельскі абласны суд Аляксандру Айнутдзінаву. Яго абвінавачвалі ва «ўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы, вярбоўцы або падрыхтоўцы асоб для такога ўдзелу» (ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі) — за спробу далучыцца да палка Каліноўскага. Мужчына быў затрыманы памежнікамі пры спробе перасячы ўкраінскую мяжу.
Віцебскай журналістцы Жанне Жалевіч суд вынес штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў). Зараз яна знаходзіцца дома. Сёння да журналісткі зноў прыходзілі сілавікі.
Гродненскі абласны суд прысудзіў 5 гадоў калоніі старшыні пярвічнай ячэйкі «Беларускага Незалежнага прафсаюза» «Гродна Азота» Андрэю Ханевічу. Мужчыну прызналі вінаватым у «дыскрэдытацыі Беларусі» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» — за тэлефонную размову з журналістам «Белсата».
2,5 гады калоніі агульнага рэжыму прысудзілі жыхарцы Мазыра Крысціне Чаранковай — за антываенныя допісы ў Інстаграме. Дзяўчыну судзілі па ч.1 арт. 130 КК РБ («Распальванне сацыяльнай варожасці»). На судзе Чаранкова адмовілася даваць паказанні.
Арцёма Сакава, відэааператара «Краіны для жыцця» і фігуранта «справы Ціханоўскага», перавялі ў магілёўскую турму. 9 лістапада суд Шклоўскага раёна вырашыў узмацніць рэжым утрымання палітвязня за кратамі, паведамляюць праваабаронцы.
Пачаўся другі суд над актывістам анархісцкага руху Дзмітрыем Дубоўскім, якога ўжо прысудзілі да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гэтым разам яго будуць судзіць за падзеі 2009-2010 гадоў: тады на тэрыторыю Мінабароны закінулі дымавую шашку і правялі акцыю на праезнай частцы. Дубоўскага таксама абвінавачваюць у тым, што ён закінуў факел у акно апорнага пункта ў Салігорску, разбіў шкло «Дома прафсаюзаў», удзельнічаў у падпале банкаўскіх філіялаў у Мінску і ў падпале дзвярэй КПП на Акрэсціна ў 2010 годзе.
Як мінімум 205 медыкаў былі звольненыя або звольніліся самі праз сваю грамадзянскую пазіцыю, паведамляюць структуры салідарнасці. Таксама як мінімум на 17 беларускіх медыкаў былі заведзеныя крымінальныя справы. Мінімальны атрыманы тэрмін — 1,5 года «хатняй хіміі», максімальны — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Гомельскі абласны суд прысудзіў 4,5 гады калоніі строгага рэжыму 26-гадоваму Барысу Кіму — за «рэабілітацыю нацызму» і «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання».
Зноў затрымалі былую палітзняволеную паштальёнку Ларысу Танкашкур. На пачатку 2021 года ёй прысудзілі тры месяцы турмы за перадачу звестак дзясяткаў сілавікоў у тэлеграм-чат. Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, адразу пасля вызвалення Танкашкур адправіла даныя свайго суддзі і пракурора ў «ЧКБ».
ГУБАЗіК затрымаў шэф-бармэна Вальтэра Гому. Яго абвінавачваюць ва «ўдзеле ў пратэстах пасля выбараў», а таксама ў тым, што ён нібыта «дасылаў відэа у чат-бот прызнанага экстрэмісцкім тэлеграм-канала». З Вальтэрам знялі брыдкае «пакаяльнае відэа».
Праваабаронцы «Вясны» прызнаюць палітзняволенымі ў Беларусі 1419 чалавек. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1707 палітычных зняволеных у краіне, у тым ліку 205 жанчын, 7 непаўнагадовых. Паводле інфармацыі ініцыятывы, 13 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.