Хронікі рэпрэсій. У калонію за каментары адправілі шматдзетнага бацьку, чарговы прысуд па «справе Зельцэра»
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 22 верасня.
У судзе
Маскоўскага раёна Мінска да паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
асудзілі 48-гадовага шматдзетнага бацьку Паўла Ларына.
За каментары ў тэлеграм-чатах і каналах яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка
ўлады і Лукашэнкі (артыкулы 369 і 368 КК). Прысуд вынесла
суддзя Таццяна Пірожнікава.
Павел —
шматдзетны бацька, на волі яго чакаюць чацвёра дзетак, двое з якіх —
малалетнія. У апошнім слове палітвязень прасіў суддзю не пазбаўляць яго волі, таму што
дзеці маюць патрэбу ў бацьку побач з сабой.
На 3,5 гады
пазбаўлення волі і 4,2 тыс. рублёў штрафу асуджаны 37-гадовы палітвязень з
Мазыра Яўген Віславух. Судзілі яго ў
Гомельскім абласным судзе. Справу вёў суддзя Анатоль Сотнікаў.
Наколькі вядома, гаворка ідзе пра каментарыі ў сацыяльнай сетцы адносна гібелі ў Мінску 28 верасня 2021 года ў перастрэлцы Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ.
Дзяржабвінавачванне запрасіла 2,5 года калоніі агульнага рэжыму для палітвязня Аляксандра Велясніцкага. Прысуд павінен быць вынесены ў панядзелак, 26 верасня.
Нагадаем, былога
ваеннага пачалі судзіць па «справе Зэльцэра» 31 жніўня — яму ставяць у віну
распальванне іншай сацыяльнай варожасці. Нагодай для затрымання стаў каментар:
«Ліквідаваны член злачыннай групоўкі КДБ. Загінуў наш. Слава герою».
На судзе мужчына
распавёў, што пры затрыманні і ў турме на яго аказваўся ціск. Так, у дзень
затрымання пінскія супрацоўнікі КДБ пагражалі прастрэліць яму ногі. У Мінску на
Акрэсціна ён 3 дні не мог спаць, камера была душнай і перапоўненай людзьмі.
Затым, калі Аляксандра даставілі ў Жодзіна, супрацоўнікі турмы сталі ў шэраг,
пачалі збіваць і нацкоўваць сабак.
Яшчэ 26 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Мінска асудзілі Сяргея Краўчука. Суддзя
Таццяна Шоцік прызнала яго вінаватым паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і агучыла вырак: тры гады абмежавання волі без накіравання
ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Мужчыну вызвалілі з-пад варты ў залі суда. Таксама яго
будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.
Згодна з
абвінавачаннем, Краўчук меў намер публічна абразіць Лукашэнку, таму ў стане
алкагольнага ап'янення вусна абразіў яго ў сябе дома і ў службовай машыне
міліцыянтаў.
Абвінавачаны
прызнаў віну і пазнаў сябе на відэазапісах з нагруднага рэгістратара
супрацоўніка міліцыі. Ягоная віна таксама даказвалася паказаннямі сведкаў, якія
чулі, як Краўчук абражаў Лукашэнку.
ГУБАЗіК затрымаў гомельскага інжынера-праграміста Мікіту Карпенку, яго абвінавачваюць паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці).
У «пакаяльным
відэа» хлопец распавядае, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» суполкі ва
«УКантакце» і ў адной з іх пакінуў абразлівы каментар. Таксама сілавікі
чамусьці прымусілі хлопца агучыць свой заробак, а ў апісанні да відэа дадалі,
што Мікіта мае біткоіны.
Затрыманы мінчук Уладзіслаў Бялоў. Паведамляецца, што 25-гадовы хлопец нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы», «прытрымліваўся правых поглядаў» і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Сілавікі сцвярджаюць, што Уладзіславу ўжо прызначылі 15 сутак арышту.
З'явілася інфармацыя
пра затрыманне ў Мінску дырэктара праекта «Нязведаная вузкакалейка» Арцёма
Слізкага.
Хлопец — аматар
чыгуначнага транспарту, займаўся арганізацыяй турыстычных паездак па
вузкакалейках і стварэннем адпведнага музея.
Праўладныя
тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне мінскага айцішніка Аляксея Кавальчука.
Паводле іх,
32-гадовы супрацоўнік кампаніі Artezio удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях
пратэсту, а таксама пакідаў «абразлівыя каментары».
У Мінскім
гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы 41-гадовай Таццяны Колас,
якую абвінавачваюць у тым, што нібыта яна перадала асабістыя дадзеныя
тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі». Судовы працэс вядзе суддзя Алена
Шылько.
Агулам Таццяну абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса.
«Хапун» у Гродзенскай вобласці — у некалькіх гарадах затрымана не менш за 5
чалавек.
Былі затрыманыя жыхаркі Ваўкавыску Людміла Шрубок, Наталля Краўчак, Лілія Юруць. Паводле папярэдняй інфармацыі, Людмілу і Наталлю затрымалі пасля вяртання з Польшчы, Лілію — у сваёй кватэры. Правабаронцам
вядома, што Шрубок і Юруць затрымлівалі на антываеннай акцыі пратэсту 27
лютага.
У Лідзе была затрыманая настаўніца гімназіі (імя пакуль невядомае) і мясцовы жахар
Васільеў Руслан. Жанчыну затрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»,
мужчыну — за «заклікі супраціўляцца супрацоўнікам міліцыі ў 2020 годзе і за
распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Вядома, што Васільеву прызначылі 10 сутак
арышту.
Палітвязень Арцём Глеб пачаў адбываць тэрмін на «хіміі». 20 верасня ён быў накіраваны ў кобрынскую папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Нагадаем, Арцёма
затрымалі 7 лютага ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, што груба
парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). 10 траўня
палітвязня прызналі вінаватым і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з
накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Па ініцыятыве
Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і па
рашэнні Віцебскага абласнога суда пачаўся працэс ліквідацыі грамадскага
аб’яднання «Самакіраванне і грамадства».
Арганізацыя
праіснавала больш за 11 гадоў і рэальна дапамагала мясцовым уладам, асабліва
рэгіянальным Саветам дэпутатаў, развіваць мясцовае ўпраўленне і самакіраванне
ўсімі даступнымі законнымі спосабамі. Нязменным кіраўніком арганізацыі быў
палітык і грамадскі дзеяч Хрыстафор Жаляпаў.
Мастак Андрэй
Бусел выйшаў на волю пасля 13 сутак арышту.
Мужчыну затрымалі
8 верасня, а пазней асудзілі на 13 сутак арышту. Прычыны затрымання, а таксама
ў чым абвінавацілі Андрэя — невядома.
Андрэй — вядомы
мастак з Мінска. Трамвай на сцяне галерэі «Ў», цягнік метро побач з
«Пясочніцай» або невялікія люстэркі ў незвычайных рамах, раскіданыя па ўсім
горадзе — гэта яго працы.