Масавы хапун на рынку: «Забралі 70 мужчын і 20 жанчын»
Масавыя затрыманні адбыліся сёння раніцай, 22 верасня, на рынку «Новы Лебядзіны» ў Табарах, што пад Мінскам. Што здарылася?
Сёння стала вядома, што раніцай на рынак «Новы Лебядзіны» прыехаў АМАП. Сын адной з супрацоўніц распавёў «З*ркалу» падрабязнасці здарэння.
Па словах відавочца, усё здарылася раніцай. Яго маці сёння прыехала на працу каля 9 раніцы — і ўжо ўбачыла супрацоўнікаў АМАПа ў балаклавах. Таксама каля рынку стаялі «два аўтазакі і адзін аўтобус». Па адной з версій, затрымлівалі тых, у каго было некалькі пашпартоў. Па іншай — толькі тых, у каго не было беларускага пашпарту.
— Узбекаў, расіян, таджыкаў. Беларусаў праверылі і адпусцілі. Затрымлівалі спакойна. Не толькі супрацоўнікі АМАПу, але і людзі ў цывільным, — распавёў відавочца журналістам. — Мама паразмаўляла з ахоўнікам рынку, усяго затрымалі 70 мужчын і 20 жанчын. Яна зразумела так, што ўжо далей у міліцыі будуць разбірацца, што з імі рабіць.
Прычыну затрымання на рынку не ведаюць. Кажуць, што масавыя затрыманні здарыліся тут упершыню: «Раней былі рэйды на рынку ў Ждановічах, але даўно», — кажа суразмоўца.
Пад выглядам супрацоўніка рынку журналісты патэлефанавалі ў адміністрацыю «Новага Лебядзінага» па нумарах, якія былі ўказаныя на сайце. Па адным з іх адказалі, што так, затрыманні былі, але ў сувязі з чым, інфармацыі ў іх няма.
— Я на працу выходзіць баюся. Растлумачце, што адбываецца? — спыталі ў адміністрацыі рынку.
— Бярыце пашпарт і ідзіце на працу.
— А пашпарт навошта?
— Каб ведалі, што свае людзі.