Трэшачок тыдня. Вязняў ужо выкупляюць, ці будуць затрымліваць дзяцей за «Дана Мол»?

Нядзеля — час збіраць недарэчнасці, якія лукашэнкаўскі рэжым генеруе ад тыдня да тыдня. Пакуль у Беларусі ва ўладзе герантакратычная дыктатура ў фазе паўраспаду, недахопу ў дзічыне дакладна не ўзнікне.

vstrecha_s_milanoi_khametovoi_24_sentyabrya._minsk_dana_mall._foto___chitateli.jpg


Сустрэчу з блогеркай у «Дана Мол» прыраўнялі да несанкцыянаванага мерапрыемства
Падчас суботняй сустрэчы мінскіх падлеткаў з расійскай блогеркай Міланай Хаметавай у гандлёва-забаўляльным комплексе «Дана Мол» адбылося надзвычайнае здарэнне. Тынэйджараў прыйшло зашмат, месца ўсім не хапіла, пачалася цісканіна. А тут яшчэ і абваліўся, не вытрымаўшы перагрузу, адзін з ліфтаў — добра, што толькі з вышыні другога паверха. Былі пацярпелыя, машыны хуткай дапамогі — і, канечне ж, АМАП.
Дзякуй богу, абышлося без ахвяр. Дый увогуле ўсё неяк уладкавалася. Для ўсіх — акрамя неназванага арганізатара мерапрыемства.
Яго, вядома, затрымалі. Але не за тое, што не разлічыў меры бяспекі ў «Дана Мол», а за арганізацыю самой сустрэчы, якая беларускай рэпрэсіўнай машынай адразу была названа «несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам». Выглядае, што затрыманаму пагражаюць, як найменей, штраф альбо «суткі» паводле «народнага» адміністрацыйнага артыкула. І толькі пры ўмове, што справу не перакваліфікуюць у арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ў масавыя беспарадкі, а гэта ўжо крымінальная вытворчасць.
Тут што цікава з пункту гледжання псіхіятрыі рэжыму? Якраз не тое, што звычайнаму мерапрыемству, якое хай і скончылася непрыемнасцямі, надалі палітычнае гучанне. Да гэтага беларусы ўжо прывыклі, бо забіралі людзей і з лазняў, і з электрычак, дзе яны чыталі кніжкі, уломваліся на дні народзінаў... Той незабыўны трэшачок — толькі дадатак да гэтага.
Іншая справа, што за «несанкцыянаванае мерыпраемства» ў Беларусі ў апошнія гады затрымліваюць не толькі арганізатараў, а і ўдзельнікаў. То што, арыштуюць дзяцей? Будуць вылічваць іх па фота і відэа з дапамогай сістэмы распазнавання твару і кідаць за краты? А што непаўнагадовыя, то, можа, варта іх мамаў і татаў пазбавіць бацькоўскіх правоў? З сучасных рэпрэсіўных практык вынікае менавіта гэта.
Дзіўна, што яшчэ не выклалі ў інтэрнэт «пакаяльнае відэа» з арганізатарам, на якім той кажа, што ўсё арганізавала Ціханоўская, а сам ён падпісаны на план «Пе*амога». Але, можа, усё яшчэ будзе. Уключна з відэа дзяцей, якія «паддаліся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў» і вырашылі парушыць грамадскі спакой у гандлёвым цэнтры.
На добры толк, варта было б затрымаць і непасрэдна 12-гадовую блогерку, бо гэта ж яна, не спытаўшыся дазволу ў Мінгарвыканкаме, запрасіла на несанкцыянаваны шабаш даверлівых мінскіх падлеткаў. Што ў яе іншае грамадзянства, тут не вырашае. Ці мала расіян сядзіць у беларускіх турмах за падзеі 2020 года. Таму поле для «аператыўных мерапрыемстваў» у рамках «дзеючага заканадаўства» тут шырокае. Паглядзім, як справяцца доблесныя праваахоўнікі.

Навошта на рынку ў Табарах затрымалі амаль сотню гандляроў-небеларусаў?

zaderzhanie_na_rynke_novyi_lebyazhii_v_taborakh_22_sentyabrya_2022_goda._foto___ochevidcy.jpg


На гэтым тыдні стала вядома пра яшчэ адзін дзівосны паварот рэжымных жорнаў. Сілавікі прыехалі на рынак «Новы Лебядзіны» ў Табарах, дзе зладзілі хапун. Кажуць, забралі 70 мужчын і 20 жанчын — ува ўсіх іх няма беларускага грамадзянства. Заграблі расіян, узбекаў, таджыкаў. Патрапілых пад раздачу беларусаў праверылі і адпусцілі.
Вядома, што проста так такія рэйды не робяцца. Аднак навошта сілавікі пайшлі на рынках супраць таджыкаў-узбекаў — вычарпальнага адказу няма. Хіба, каб адвезці іх на мяжу з Польшчай і прымусіць яе пераходзіць у падтрыманне міграцыйнага крызісу, але гэта недакладна.
Калі сур’ёзна, то выглядае, што ўлады маглі заняцца барацьбой з унутранымі нелегаламі, у якіх бачаць нейкую пагрозу. Раней не бачылі, і дзесяцігоддзямі мы куплялі кавуны на кірмашах, мякка кажучы, не ў людзей славянскай знешнасці.
Але што за пагроза? Не выключана, што гэта неяк звязана з вайной і канкрэтна з аб’яўленай у Расіі мабілізацыяй. Лукашэнка баіцца, што Беларусь запаланяць уцекачы з РФ, якія ратуюцца ад удзелу ў агрэсіі? І наносіць прэвентыўныя ўдары па чатырох пазіцыях, дзе назіраецца павышаная канцэнтрацыя замежнікаў без ВНЖ?
Цалкам магчыма, бо ўжо ёсць паведамленні, што міліцыянты збіраюць звесткі пра расійцаў, якія прыбываюць у Беларусь у апошнія дні. Пакуль толькі збіраюць, бо паводле закону, перабыванне ў тым жа Мінску аніяк не забаронена. Мусіць, чакаюць каманды з Масквы, што рабіць з гэтымі людзьмі. Ці проста думаюць, якую лінію абраць у дачыненні да гэтых катэгорый. Бо што-што, а стаўленне такіх расійцаў да вайны — а, значыць, і да Пуціна з Лукашэнкам — наўрад ці прыязнае.

У Баранавічах затрымалі жанчыну, але яе выкупілі за 24 тысячы еўра

pic_24_1.jpg

Тыдзень таму скразным персанажам «трэшачка» ў нас быў Лукашэнка, а сёння ім сталі сілавікі. Што ты зробіш, не мы такія — рэжым такі.
Беларуска Вольга Манкевіч стала жыве ў Андоры, пасля выбараў падтрымала пратэсты і з гэтай нагоды выказвалася ў сацсетках, а потым прыехала наведаць блізкіх і была затрымана ў Баранавічах. Абраза Лукашэнкі і ўсё такое.
На Вольгу, канечне ж, завялі крымінальную справу. Абразіць кіраўніка рэжыму — цяжкае «злачынства», тут нават на «амністыю» спадзеваў няма. Але… Праз некалькі дзён жанчыну адпусцілі, і яна вярнулася ў Андору.
Як выявілася, справа была вырашана тупа за грошы. Сунулі пачак хрусткіх купюр у патрэбную кішэню і прывітанне, воля. Крыміналку перарабілі ў адміністратыўку, суд прызначыў штраф. Да штрафу дадаўся хабар — усяго вызваленне пацягнула 24 тысячы еўра.
Тое, пра што казаў Валерый Цапкала, — выкупляць палітвязняў — ужо стыхійна адбываецца ў краіне, дзе «інагда не да законаў».
Зразумела, такая схема яшчэ не набыла шырокі распаўсюд, але яна існуе — і гэты пэўны знак. Сілавыя структуры дзе-нідзе ўжо наздзекаваліся з беларусаў і памалу перайшлі да бізнес-адносін. Усё як пры захопе закладнікаў — ёсць тавар і ёсць цана. Браць будзеце?