У мінскім «Дана Мол», дзе сабраліся сотні падлеткаў на сустрэчу з блогеркай, упаў ліфт. Ёсць пацярпелыя
Відавочцы распавялі «Л*стэрку» пра надзвычайнае здарэнне ў ГЦ «Дана Мол» у Мінску, дзе арганізавалі сустрэчу фанатаў з расійскай блогеркай, мадэллю і спявачкай Міланай Хаметавай.
Паводле іх слоў, адзін з ліфтаў гандлёвага цэнтра зваліўся з вышыні другога паверха. Міністэрства аховы здароўя пракаментавала здарэнне, у МНС абверглі, а сустрэчу з юнай расійскай зоркай адмянілі.
«У сувязі са зваротамі грамадзян паведамляем, што на
здарэнне ў гандлёвы цэнтр «Дана Мол» выехалі адна рэанімацыйная і чатыры
лінейныя брыгады хуткай медыцынскай дапамогі», — гаворыцца ў паведамленні.
У паведамленні ведамства гаворыцца, што па папярэдняй
інфармацыі, у сувязі з перагрузкай ліфтавай сістэмы ў ГЦ адбылася «экстраны прыпынак кабіны».
«Каля 20 чалавек, якія знаходзіліся ўнутры, адразу ж пасля
таго, як былі адчынены дзверы кабіны, атрымалі дапамогу ад спецыялістаў хуткай медыцынскай дапамогі. Паводле папярэдняй
інфармацыі, цяпер усе пацярпелыя аглядаюцца медыкамі і тым, каму гэта было
неабходна, аказваецца медыцынская дапамога», — распавялі ў Міністэрстве аховы
здароўя.
Відавочцы распавялі, што ў адным з ліфтаў
абарваліся тросы. «Ліфт зваліўся з другога паверха, у цэнтры адразу
спынілі яшчэ і эскалатары, узнікла цісканіна», — распавяла адна з дзяўчат,
якая была ў гандлёвым цэнтры. Яшчэ адзін з чытачоў таксама паведаміў пра
інцыдэнт з ліфтам і што на месцы здарэння працуюць медыкі.
Тым часам у МНС увогуле абверглі інфармацыю аб НЗ у ГЦ «Дана Мол» у
Мінску.
«У МНС не паступала інфармацыя аб надзвычайнай сітуацыі
ў ГЦ «Дана Мол» у Мінску», — сказаў афіцыйны прадстаўнік МНС Яўген
Бараноўскі. Па яго словах, у МНС паведамілі, што ў гандлёвым цэнтры затрымаўся
ліфт.
«Выехала адна адзінка тэхнікі. Аказалі дапамогу. Людзей
эвакуявалі з ліфта», — адзначыў ён.
24 верасня ў ГЦ «Дана Мол» сабраліся сотні падлеткаў дзеля
сустрэчы з 12-гадовай Міланай Хаметавай.
Мілана Хаметава — вядомая блогерка, мадэль і з нядаўняга часу
яшчэ і спявачка. У сацсетцы Likee (аналаг TikTok) у яе больш за 2,5 млн
падпісчыкаў, на Youtube — больш за 3,2 млн.
Пасля інфармацыі аб НЗ сустрэчу-канцэрт з Хаметавай адмянілі, усім прысутным прапанавалі разысціся.