Мікалая Статкевіча зноў кінулі ў ШІЗА — падстава пакарання не змяняецца

На «асаблівым рэжыме», на якім трымаюць палітыка-палітвязня Мікалая Статкевіча, вязняў фактычна няма чаго пазбаўляць, бо і так нічога не дазволена, «таму, верагодна, у скрыню складаюць спагнанні», паведаміла жонка палітвязня.

Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч. Фота з сацсетак

Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч. Фота з сацсетак

Марына Адамовіч распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку пра ціск на Мікалая Статкевіча:

— А "новага" ў нас адсутнасць лістоў ужо месяц, чарговы ШІЗА, і "новыя" спосабы (насамрэч, старыя і шмат разоў скарыстаныя) "навешваць" спагнанні.

Калі, нарэшце, адрамантавалі прагулачныя дворыкі і Мікалая пачалі выводзіць на паўгадзінную прагулку, ад яго пачалі патрабаваць гэтыя дворыкі прыбіраць за іншымі. Безумоўна, ён адмовіўся. Пенсіянер жа.

У выніку кожная "прагулка" заканчваецца спагнаннем. А што?! Проста ж! І прыдумваць нічога не трэба!

"Лішаць" на асаблівым рэжыме ўжо няма чаго — там "плюшак" і так не густа, яны ўжо закончыліся, таму, верагодна, у скрыню складаюць спагнанні, на будучыню. Адныя вымовы засталіся. Увогуле, з вымоваў звычайна пачынаюць "працэс выпраўлення", але ж як тады асаблівую адданасць прадэманстраваць?

Яшчэ пра лісты... Я даведалася, што нашым "падзельнікам" (6 чалавек) прад'явілі чарговы "іск" ад ГП, усяго толькі на 22 мільёны (лічба недакладная, са словаў). А за што, ведаеце? За цяжкія працоўныя пазапланавыя высілкі "любіцеляў мастацтва" ў 2020-м. Асаблівая вытанчанасць у тым, што ўсе, без выключэнняў, нашы хлопцы былі арыштаваныя ў траўні-чэрвені 2020-га.

Мікалай, аказваецца, гэты шэдэўр мне адправіў у лісце. Ліст, безумоўна, "згубіўся".

Іншыя лісты, пра якія я дакладна ведаю, таксама заблукалі недзе.

Цікава, чаго саромеюцца?


Нагадаем, Мікалая Статкевіча затрымалі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, 31 траўня 2020 года, па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак, потым яшчэ на 15 сутак, а пасля распачалі крымінальную справу.

У снежні мінулага года суд, які праходзіў у закрытым рэжыме на тэрыторыі СІЗА, прыгаварыў Статкевіча да 14 гадоў пазбаўлення волі. Разам з ім судзілі Сяргея Ціханоўскага (18 гадоў калоніі), блогера Ігара Лосіка (15 гадоў), сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкія выбары Арцёма Сакава (16 гадоў), мадэратара сацсетак праекта «Краіна для жыцця» Дзмітрыя Папова (16 гадоў) і блогера Уладзіміра Цыгановіча (15 гадоў калоніі).