Хронікі рэпрэсій. У Магілёве затрымалі за антываенныя «лайкі», на «хіміях» — аблавы

З дапамогай інфармацыі ад праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў за 30 кастрычніка.

62013.jfif

На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяльнае відэа» з жыхаром Магілёва Яўгенам Альховікам. На ім 49-гадовы мужчына кажа, што быў затрыманы з-за таго, што ў «Аднакласніках» ставіў «лайкі» пад запісамі супраць вайны Расіі і Украіны.

Сілавікі прымусілі мужчыну прасіць прабачэння і сказаць, што «гэта не трэба рабіць у такія цяжкія часы».

Па інфармацыі @d*ssidentBY, сёння прайшла чарговая зачыстка ў папраўчых установах адкрытага тыпу («хіміях»). ГУБАЗіК і АМАП правяралі тэлефоны ў палітычных вязняў. На дадзены момант у невядомых кірунках звезлі: з ПУАТ-43 (Магілеў) — палітвязня Віталя Маркушэўскага, з ПУАТ-29 (Ваўкавыск) — палітвязня Дэвіда Шаракова

Таксама паведамляецца пра затрыманні іншых людзей, якія адбываюць свае тэрміны па палітычных матывах.

У Мінскім гарадскім судзе 15 лістапада распачнецца суд над былым следчым Яўгенам Юшкевічам. Палітвязня абвінавачваюць па шасці крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч. 1 арт. 293 («Масавыя беспарадкі»), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 364 («Гвалт або пагроза яго ўжывання ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных органаў»). Справу будзе разглядаць суддзя Алена Ананіч.

Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка 2021 года па падазрэнні па арт. 289 КК («Акт тэрарызму»). У яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы, каб ён нават сваім сукамернікам не мог распавесці, у чым канкрэтна яго абвінавачваюць.

Палітзняволенаму баранавіцкаму блогеру Дзмітрыю Цімафееву, асуджанаму да двух гадоў «хіміі», са жніўня прызначылі ўжо 60 сутак у штрафным ізалятары па надуманых прычынах, сярод якіх — абразок і фільтр для вады на падаконні. Пры гэтым за час зняволення ў Дзмітрыя вельмі сапсавалася здароўе: пачаліся сур'ёзныя праблемы з зубамі, выявілі хранічны дыябет і грыжу. Цяпер яго ўтрымліваюць у жудасных умовах у ІЧУ.

У сярэдзіне жніўня ў Віцебску адбыўся суд па замене пакарання Цімафееву на больш жорсткае. Ініцыятарам выступіла адміністрацыя ПУАТ-9, якая прапанавала перавесці палітвязня ў калонію за шматлікія «парушэнні». Але суд адмовіў, палічыўшы рашэнне заўчасным. Ужо заўтра адбудзецца новы суд па замене пакарання.

Палітзняволеную Вольгу Ялцэвіч этапавалі ў гомельскую калонію.

Суд Маскоўскага раёна Брэста ў ліпені асудзіў жыхарку Докшыцаў Вольгу Ялцэвіч да двух гадоў калоніі за «фінансаванне пратэснай дзейнасці» (ч. 2 арт. 342 КК).

Згодна з матэрыяламі следства, Вольга не пазней за 12 жніўня 2020 года «на розных інтэрнэт-рэсурсах ад імя аднаго з замежных фондаў апублікавала інфармацыю аб зборы грошай для падтрымкі грамадзян, якія прымалі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Вольга аплочвала сумы накладзеных на правапарушальнікаў грашовых спагнанняў, паслугі адвакатаў, дзяржаўную пошліну за падачу скаргаў.

Дзяўчына з 21 кастрычніка пачала адбываць тэрмін у жаночай калоніі № 4.

Палітзняволенага Ціхана Осіпава днямі этапавалі з глыбоцкай калоніі, дзе ён знаходзіўся амаль тры месяцы, у папраўчую калонію № 20.

Нагадаем, у папраўчай калоніі № 15 у канцы сакавіка Ціхана асудзілі па ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Пры гэтым у траўні мінула года палітвязню прысудзілі 11 гадоў зняволення. У выніку яму прызначылі яшчэ сем месяцаў калоніі і змянілі рэжым з узмоцненага на строгі. За кратамі палітвязень утрымліваецца 26 месяцаў.

photo_2022_10_30_14_04_27.jpg

Палітзняволеная Святлана Саўчанка выйшла на волю.

У Мінскім раённым судзе ў лістападзе 2021 года яе асудзілі да аднаго года пазбаўлення волі. 34-гадовую Святлану абвінавацілі ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК) за тое, што 2 верасня 2020 года на праўладным аўтапрабегу «За адзіную Беларусь» у Новай Баравой яна сарвала з адной машыны пластмасавы флагшток і некалькі разоў стукнула па машыне Land Rover, якая ўдзельнічала ў ім.

Пацярпелай па справе прызнаная адна з арганізатарак праўладных аўтапрабегаў Вольга Маршаловіч (Сышчанка) — у адкрытых інтэрнэт-крыніцах паведамляецца, што яна мела рамантычныя сувязі з начальнікам мінскага АМАПа Дзмітрыем Балабам.

Святлана цалкам адбыла тэрмін і 27 кастрычніка выйшла з гомельскай жаночай калоніі.