Хронікі рэпрэсій за 11 жніўня. Ціханоўскага перавялі на турэмны рэжым, 2,5 года калоніі па «справе Зельцэра»
Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Галоўнае за 11 жніўня з паведамленняў праваабарончага цэнтра «В*сна».
Суддзя Кастрычніцкага раёна
Магілёва Жанна Пушкіна сёння пастанавіла ўзмацніць рэжым і перавесці палітвязня
Сяргея Ціханоўскага ў турму. Хутка ў яго
пачнецца этап.
На дадзены момант праваабаронцам
вядомыя прозвішчы 43 палітвязняў, якіх па надуманых правінах адміністрацыя
калоній карае за «парушэнне ўстаноўленага парадку». З іх 28 палітвязням узмацнілі
рэжым і перавялі на турэмны рэжым.
Турэмны рэжым — гэта камерныя умовы
ўтрымання, дзе ў адрозненні ад калоніі вязні ўвесь час сядзяць у чатырох
сценах. У камерах людзі гадамі могуць сядзець у рэжыме 24/7 з аднымі і тымі ж
людзьмі ў колькасці ад трох да дванаццаці чалавек.
10 жніўня Мінскі гарадскі суд
разглядзеў справу палітзняволенай Алены Несцяровіч, якую
абвінавацілі ў здзяйсненні злачынстваў па ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай,
нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і арт.
369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Алену затрымалі ў межах
крымінальнай справы, узбуджанай за каментары ў сацсетках аб гібелі супрацоўніка
КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцэра.
Суддзя Вера Галаўкова прызначыла
Несцяровіч 2,5 года пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага
рэжыму.
Беларуску Яну Пінчук пакуль не
экстрадавалі ў Беларусь — яна застаецца ў Расіі.
На тыдні з'явілася інфармацыя, што дзяўчыну экстрадавалі на радзіму. Аднак Яна пакуль
яшчэ ў Расіі — зараз яна знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА.
Нагадаем, Яна Пінчук — грамадзянка
Беларусі, якой на радзіме пагражае да 20 гадоў калоніі за адміністраванне
«экстрэмісцкага» тэлеграм-чата «Віцебск 97%». Раней Камітэт па правах чалавека
ААН забараніў Расіі выдачу Пінчук ў Беларусь.
У аршанскай калоніі № 8 палітвязень Дзмітрый
Сушчык знаходзіцца
з красавіка. За чатыры месяцы яго пазбавілі перадач, званкоў, ліставання і
спатканняў. Нядаўна палітвязня перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
Цяпер стала вядома, што яго рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар за
«парушэнне парадку». Пры гэтым, тэрмін ШІЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ.
Дзмітрыя абвінавацілі па ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і
арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Суд прысудзіў Сушчыку 1,5 года
калоніі. Вядома, што мужчыну затрымаў ГУБАЗіК у лістападзе мінулага года —
пасля затрымання Дзмітрыя павезлі ў лес, дзе «падвергнулі псіхалагічнаму і
фізічнаму гвалту». Пасля затрымання мужчыну выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе,
а 17 лютага падчас спробы выехаць за мяжу яго спынілі расійскія памежнікі,
вывезлі ў Беларусь і перадалі сілавікам.
8 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна
Мінска вынесены прысуд 31-гадовай палітзняволенай Веры Валністай. Ёй прысудзілі два
гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі») паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Таксама, згодна з рашэннем
суддзі Дзмітрыя Карсюка, яна мусіць кампенсаваць пацярпеламу маральную шкоду ў
памеры 1000 рублёў.
Аднак палітзняволеная працягвае
заставацца ў СІЗА: вядома, што яе чакае суд ужо паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі
парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
У Гродне затрымалі адміністратара
Instagram-старонкі «Гродна для жыцця» Яўгена Стральчэню.
36-гадовы жыхар
Гродна нібыта распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы і асабістыя дадзеныя больш за 2000
супрацоўнікаў міліцыі.
Таксама ён нібыта ўдзельнічаў у
акцыях пратэсту пасля выбараў і адміністраваў Instagram-старонку «Гродна для
жыцця» (цяпер яна выдаленая).
Дызайнера Дзмітрыя Кубарава, якога двойчы судзілі па «палітычных» справах, у калоніі змясцілі ў ПКТ на шэсць месяцаў. Гэта адбылося 5 жніўня.
Паведамляецца, што цяпер у наваполацкай калоніі шмат «палітычных» знаходзяцца ў ПКТ. Прычыны спагнання невядомыя. Сёння роўна два гады, як палітвязень утрымаліваецца за кратамі.
Дзмітрыя ўжо двойчы судзілі па
крымінальных справах і паспелі разглядзець і задаволіць у яго дачыненні тры
грамадзянскія пазовы «Мінсктранса». Па крымінальных справах, узбуджаных за
жнівеньскія падзеі мінулага году, палітвязню агулам прысудзілі 8 гадоў калоніі
ўзмоцненага рэжыма і пастанавілі спагнаць з Кубарава больш за 46 700 рублёў. На
першым судзе Дзмітрый заявіў пра катаванні пасля затрымання.
Праваабаронцам стала вядома, што ў
судзе Ленінскага раёна Гродна 2 жніўня быў вынесены прысуд палітвязню
Аляксандру Лаўрэнцьеву, якога
абвінавацілі паводле арт. 368 (араза Лукашэнкі) і 369 (абраза
прадстаўніка ўлады). Яго асудзілі да 3 гадоў і 4 месяцаў зняволення ў калоніі
ва ўмовах агульнага рэжыму.
Мінскі гарадскі суд пачаў разгляд
крымінальнай справы палітвязня Віталя Рогача. Яго абвінавачваюць у
арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1
арт 342), распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай
варожасці або варажнечы (ч.1 арт 130) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Справу разглядае суддзя Валянціна Зянькевіч.
30-гадоваму мужчыне ставіцца ў
віну тое, што ён пакінуў каментар пад пастом пра загінулага супрацоўніка КДБ:
«Бандыту зямля будзе бетонам». На «пакальным відэа» Рогача прымусілі сказаць,
што ён з’яўляецца прыхільнікам ЛГБТ-супольнасці і «абяцае выправіцца».
Жыхароў Светлагорска выклікаюць у міліцыю пад рознымі нагодамі і просяць паказаць мабільныя тэлефоны — шукаюць «экстрэмізм».
Людзей выклікаюць нібыта як сведкаў пра дарожна-транспартныя здарэнні, скаргі ад суседзяў на шум і т. п. Пасля агляду тэлефона складаецца пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП — «Распаўсюджванне, вырабленне, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэміскай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць». Затым адміністрацыйная справа накіроўваецца ў суд.
Правабаронцы нагадваюць, што грамадзянін не абавязаны па просьбе міліцыянта альбо прадстаўніка якога-небудзь іншага органа ўключаць асабісты тэлефон ці электронную прыладу, уводзіць паролі на ёй і прадастаўляць магчымасць агляду інфармацыі, якая там захоўваецца. Міліцыянт можа прапанаваць грамадзяніну зрабіць гэта, але не мае права патрабаваць альбо пагражаць якімі-небудзь дзеяннямі за адмову.
У Мінскім раённым судзе распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага «рэйкавага партызана» Сяргея Глебкі. Ён быў затрыманы ў ноч на 2 сакавіка ў Стоўбцах разам з жонкай за падпал бярвення з мэтай перашкоды руху цягнікоў з тэхнікай і боепрыпасамі расійскіх войскаў.
Цяпер палітвязня абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне чыгуначных шляхоў зносін у непрыдатны для эксплуатацыі стан у мэтах учынення акту тэрарызму). Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Антон Колабаў. Пакуль пасяджэнне абвешчана адкрытым.
45-гадовага TikTok-блогера з Бабруйска Андрэя Бяляўскага пачнуць судзіць 22 жніўня ў 10:30. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць бабруйскі суддзя Антон Дудаль.
Андрэя затрымалі 28 красавіка наўпрост на працы — у ягонай уласнай роварнай краме «Веласпортмайстар». Разам з Бяляўскім забралі і яго непаўналетняга сына. Потым сына адпусцілі — аддалі бабулі з дзядулем. Пасля затрымання ГУБАЗіК захапіў акаўнт Бяляўскага ў TikTok. Пазней палітвязню прад’явілі абвінавачванне ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Праўладныя тэлеграм-каналы
паведамляюць пра затрыманне 32-гадовай супрацоўніцы IT-кампаніі Анастасіі
Гунько. Паводле іх, у 2020-ым годзе дзяўчына прымала ўдзел у акцыях пратэсту і
перакрывала рух транспарту.
Нарэшце добрая навіна. Палітвязень Сяргей Велікароднаў цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волюю.
Жыхар Лагойску 22 траўня 2021 года быў асуджаны да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі (арт. 368). Свой тэрмін палітвязень адбываў у папраўчай калоніі № 15 у Магілёве. 8 жніўня Сяргей выйшаў на волю.