Хронікі рэпрэсій за 13 жніўня: Зварот у ААН з-за стану здароўя Паўла Кучынскага

Праваабаронцы надалі статус «былы палітвязень» 22 беларусам, супраць мастачкі Віялеты Майшук распачалі спецвытворчасць, праект «Пагоня Гродна» і ягоныя сацсеткі — цяпер «экстрэмісцкае фармаванне». Палітычны пераслед у Беларусі — самыя важныя навіны за 13 жніўня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Патрабуем рэабілітацыі — праваабаронцы надалі статус «былы палітвязень» 22 беларусам

Праваабарончая супольнасць Беларусі сёння прыняла вялікую заяву, у якой запатрабавала поўную рэабілітацыю адразу 22 чалавек, пазбаўленых волі за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў.

Па розных прычынах гэтыя людзі не мелі статуса палітзняволеных падчас свайго зняволення, але, негледзячы на гэта, праваабаронцы ў заяве надаюць ім статус «былых палітвязняў». 

  • У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — праект «Пагоня Гродна» і ягоныя сацсеткі

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 13 жніўня. Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае Дзяніс Чашчэвік. 

  • За «акт тэрарызму» і «забойства» ў Мінску будуць судзіць 18-гадовага хлопца

22 жніўня Мінскі гарадскі суд у закрытым рэжыме пачне разгляд справы Аляксея Федзічкіна — у судовым раскладзе ён пазначаны як «асоба, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне».

Аляксею інкрымінаваныя ч. 2 арт. 139 КК (забойства), ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Справу будзе разглядаць Міхаіл Макарэвіч.

Адзначым, што справа можа быць пра «замах на забойства» — артыкул 13 КК не пазначаецца ў судовым раскладзе.

Паводле інфармацыі «Медыязоны»,  Аляксей Федзічкін — 18-гадовы жыхар Асіповічаў. 

  • Палітзняволенага Аляксандр Камлёнка заўтра пачнуць судзіць за «абразу Лукашэнкі» і «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»

Імя Аляксандра Камлёнка з'явілася ў раскладзе Віцебскага абласнога суда на 14 жніўня. 42-гадовага аршанца будуць судзіць паводле двух крымінальных артыкулаў:  ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання).

aljaksandr_kamljonka.jpg

Працэс будзе праходзіць закрытым рэжыме, суддзіць Аляксандра прызначаны Яўген Буруноў.

Аляксандр — жыхар Оршы. Яго затрымалі ў лютым, калі ён вярнуўся ў Беларусь з працы. Раней Аляксандр працаваў у лакаматыўным дэпо, але пасля 2020 года быў або звольнены, або сам звольніўся — падобна, што звальненне было палітычна матываваным. Пасля гэтага Камлёнак працаваў дальнабойнікам у заходніх краінах. А калі вярнуўся дадому з працы, быў затрыманы.

Суд Верхнядзвінскага раёна прызнаў старонку Аляксандра ў «Аднакласніках» «экстрэмісцкай». 

  • Супраць мастачкі Віялеты Майшук распачалі спецвытворчасць — яе збіраюцца судзіць завочна
vijaleta_majszuk.jpg

27-гадовай Віялеце інкрымінавана ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Віялета — мастачка з Гомельшчыны, якая ў 2020 годзе праз палітычны пераслед мусіла пакінуць Беларусь.

Яе запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага камітэта ў Петрыкаве.  

  • У Мінску затрымалі расійскага блогера Глебаса
bloher_hlebas.jpg

На відэа ў мінскім метро блогер кажа, што «ў Мінску крыху сумнавата» і «ён хоча навесці мітусні». Пасля чаго гучна расказвае анекдот пра гамасексуалістаў і прыстае да жанчыны з пытаннем «не смешна?», піша Медыязона.

На відэа з тралейбусам ён забягае ў кабіну кіроўцы і пытаецца, ці можна «паруліць».

У дачыненні да яго склалі пратакол па артыкуле аб дробным хуліганстве (артыкул 19.1 КаАП).  

  • Праваабаронцы звярнуліся ў Працоўную групу па адвольных затрыманнях з нагоды пагаршэння здароўя Паўла Кучынскага

Юрысты «Вясны», занепакоеныя станам здароўя палітзняволенага Паўла Кучынскага, падрыхтавалі і накіравалі зварот у Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях. Раней быў пададзены зварот Cпецдакладчыкам ААН. На падставе гэтага звароту Спецдакладчыкі напрыканцы траўня звярнуліся з лістом да беларускай дзяржавы па сітуацыі з пагаршэннем здароўя палітвязня, аднак адказу дагэтуль не атрымалі.

На фоне навін аб магчымым вызваленні цяжкахворых палітвязняў праваабаронцы спадзяваліся, што ў лік памілаваных і амніставаных патрапіць і Кучынскі. На жаль, Павел працягвае знаходзіцца ў зняволенні. З яго 4 стадыяй рака перажыць 4 гады і 9 месяцаў у калоніі шанцаў у яго мала. 

  • Палітвязню Цімуру Рызапуру дадалі яшчэ адзін год зняволення

У судзе Ленінскага раёна Магілёва 17 ліпеня Цімуру вынеслі прысуд па крымінальнай справе за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» (арт. 411 КК). Суддзя Наталля Панасенка прызначыла Цімуру яшчэ адзін год пазбаўлення волі ў дадатак да чатырох з паловай гадоў калоніі,   піша  «Берасцейская Вясна».

Нагадаем, Цімура затрымалі 30 верасня 2020 года ў Брэсце. Яго абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» паводле ч. 2 арт. 293 КК. 

Палітвязню прызначылі чатыры з паловай гады калоніі.

Тэрмін палітвязень спачатку адбываў у наваполацкай калоніі № 1. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму № 4.

  • Пачалі судзіць былога палітвязня з Баранавічаў — яму пагражае да 12 гадоў калоніі
korszun_vital.jpg

Віталю Коршуну 37 гадоў. Родам ён з Баранавічаў. Упершыню яго судзілі ў верасні 2021-га. За год да гэтага ён пакінуў каментар пра тое, што трэба шукаць адрас нейкага амапаўца.

Па версіі самога амапаўца, Сяргея Балабановіча, пасля гэтага допісу ён вельмі спалохаўся, хоць Коршун хутка яго выдаліў. У выніку прадпрымальніку прысудзілі два месяцы арышту.

Наступнага разу Віталя затрымалі ў студзені 2024 года.

Суд над Коршунам пачнецца сёння ў Брэсцкім абласным судзе. Яму закідаюць аж пяць артыкулаў: «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК), «заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361) і «распальванне варожасці або варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК). Палітвязню пагражае да 12 гадоў калоніі.

Судзіць палітвязня будзе Святлана Крамянеўская. 

  • У Магілёве затрымалі кіроўцу

Сцвярджаецца, што мужчына ўдзельнічаў у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», а таксама прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «плана Перамога».

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы — Юрый Галачкін.