Хронікі рэпрэсій, 14 жніўня. Экс-дырэктара шклозавода «Нёман» будуць судзіць за «здраду дзяржаве»

Маму блогеркі Вольгі Такарчук асудзілі да трох гадоў калоніі. Кліп на верш «На Родине моей беда» прызнаны «экстрэмісцкім». Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».

Па «народным» артыкуле будуць судзіць, верагодна, сацыялагіню Аксану Шэлест

21 жніўня ў судзе Савецкага раёна Мінска будзе разглядацца справа ў дачыненні да Аксаны Аляксееўны Шэлест. Ёй інкрымінуецца ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Працэс прызначаны весці Сяргей Шаціла.

Адзначым, што ініцыялы фігуранткі справы цалкам супадаюць з ініцыяламі вядомай беларускай сацыялагіні і метадалагіні Аксаны Шэлест, якую неаднаразова затрымлівалі пасля выбараў.

За ўдзел у акцыі пратэсту затрымалі жыхара Камянца

На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што прытрымліваецца левых антыфашысцкіх поглядаў і нібыта разам з сябрам прыняў удзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту.

Экс-дырэктара шклозавода «Нёман» будуць судзіць за «здраду дзяржаве»

Ігар Бацян больш за 12 гадоў узначальваў шклозавод «Нёман». Пасля вызвалення з пасады ён сышоў у кіраўніцтва хакеем, а пасля апынуўся ў цені. Цяпер стала вядома, што Бацян у СІЗА.

На старонках у сацсетках Ігар Бацян публікуе іконы ды выявы святых, цытаты розных вядомых людзей мінулага, фота ды відэа з падарожжаў, песні пра веліч шматнацыянальнай Расіі. А сярод яго падпісак у асноўным расійскія медыя (з якіх на першым месцы канал «Царьград»), рэлігійныя суполкі, а таксама паблікі пра падарожжы ды прыроду. Нічога не выдае ў ім праціўніка рэжыму, піша «Наша Ніва».

Суд над Бацяном пачнецца 26 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў калоніі. Справу прызначаны разглядаць Руслан Гурын.

Кліп на верш «На Родине моей беда» беларускага паэта Аляксандра Баля прызнаны «экстрэмісцкім»

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Магілёва 6 жніўня.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Чижовка Протестная», «Чат Шабановского округа (Рио де Шабанейро)», «Контроль автозаков Минск», «Спортивная 97%», «Охотская», «Скинхеды наше спасение. I.R.S», «Дети Рейха», «No Future»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «Народное посольство Беларуси в Литве», «Вольны Беларус», «Франак Вячорка»;
  • TikTok-старонка «belarus_bez_lukachenko».

Маму блогеркі Вольгі Такарчук асудзілі да трох гадоў калоніі

У Мінскім гарадскім судзе 14 жніўня вынеслі прысуд 63-гадовай палітзняволенай Ірыне Такарчук, якую затрымалі падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў.

Маму блогеркі Вольгі Такарчук абвінавацілі паводле па ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Таццяна Фалькоўская прызначыла 3 тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Краіна для жыцця».

Справу жанчыны пачалі разглядаць 1 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе. Па справе адбылося чатыры пасяджэнні. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гэта ўжо сёмы суд над затрыманымі падчас студзеньскага рэйду КДБ.

Беларуса затрымалі за каментары пра прадстаўнікоў улады і вайну ва Украіне

На «пакаяльным відэа» мужчыну прымусілі назваць свой вялікі заробак, а таксама сказаць, што ён нібыта пакідаў «негатыўныя каментары» пра прадстаўнікоў улады і іх прыхільнікаў, а таксама вайны ва Украіне і расійскіх грамадзян.

Паводле інфармацыі «Медыязона.Беларусь», затрыманы — айцішнік Віталь Лазаровіч.

Затрымалі яшчэ аднаго жыхара Камянца

Сцвярджаецца, што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Брэсце 10 жніўня 2020-га году.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што затрыманы — сябар жыхара Камянца, якога затрымалі раней.

Работніка прыватнага прадпрыемства ў Гомелі будуць судзіць за «вярбоўку для ўдзелу ў вайне»

У Гомельскім абласным судзе на 20 жніўня прызначаны пачатак працэсу па крымінальнай справе ў дачыненні да Леаніда Козыра. Мужчыну абвінавачваюць у «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК) і «вярбоўцы, навучанні або падрыхтоўцы да ўдзелу ў вайне, а таксама матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-3 КК).

Справу прызначаны весці суддзя Аляксандр Піскуноў.

Як высветліў «Флагшток», Леаніду 42 гады, у яго вышэйшая адукацыя, яго апошняе месца працы — прыватнае прадпрыемства «Гомельстальстандарт».

Аб сутнасці абвінавачання пакуль нічога не вядома.