Праваабаронца Раман Кісляк: «Грузінскія ўлады бачаць у беларускіх актывістах ворагаў»
9 жніўня Раман Кісляк атрымаў адмову ў атрыманні міжнароднай абароны ў Грузіі. У рашэнні было пазначана, што знаходжанне беларускага праваабаронцы ў гэтай краіне «супярэчыць яе інтарэсам». Раман апынуўся ў сітуацыі, калі застацца ў Грузіі яму складана, але немагчыма і з’ехаць: тэрмін дзеяння яго беларускага пашпарта скончаны. А на радзіме актывіста чакае турма. Сёння праваабаронца на асабістым прыкладзе паказвае, як трэба змагацца за свае правы, нават калі сітуацыя падаецца безвыходнай. Пра гэта – наша размова.
— Раман, днямі вам адмовілі ў атрыманні міжнароднай абароны ў Грузіі. Скажыце, ці было гэтае рашэнне нечаканым?
— Рашэнне хутчэй чаканае. Я падаў дакументы больш за год таму, калі зразумеў, што «візараніцца» (візаран (visa running) — выезд у іншую краіну з мэтай абнавіць тэрмін знаходжання ў Грузіі. — НЧ) не атрымаецца. Мяне проста могуць не пусціць назад у краіну, як гэта было з Яўгенам Гацаком і некаторымі іншымі актыўнымі чальцамі беларускай дыяспары.
Відавочна грузінскі ўрад не хоча бачыць у сябе беларускую грамадзянскую супольнасць.
Разгляд дакументаў беларусаў, якія таксама хацелі атрымаць абарону ў Грузіі, моцна зацягвалі. Потым стаў вядомым выпадак, калі беларуску, якая жыла ў Грузіі, не пусцілі назад у краіну з Турцыі. Таму мы пачалі ладзіць пікеты. Было відавочна, што на падобныя акцыі інстанцыі рэагуюць, працэс разгляду дакументаў адразу паскорыўся.
— Чаму агулам вы вырашылі легалізавацца ў Грузіі менавіта такім чынам?
— Значная частка беларусаў, якія з’ехалі ў Грузію – уцекачы. Яны з’ехалі ад палітычнага пераследу. Хтосьці можа легалізавацца без атрымання статусу міжнароднай абароны – напрыклад, можна распачаць бізнес у гэтай краіне. Але калі сканчваецца тэрмін дзеяння дакументаў (напрыклад, пашпарту, як у маім выпадку), падацца на атрыманне гуманітарнага статусу альбо міжнароднай абароны – цалкам натуральны крок. І я яго зрабіў.
— Ці можна сказаць, што адмоўнае рашэнне, якое вынеслі вам, шмат значыць і для іншых беларусаў Грузіі?
— Я не першы беларус, якому адмовілі. Але, наколькі мне вядома, у іншых адмовах былі іншыя падставы. Часта беларусам адказвалі, што яны нібыта не адпавядаюць крытэрам уцекача. Мой выпадак іншы – я адпавядаю гэтым крытэрам, але атрымаў адмову, таму што Служба дзяржаўнай бяспекі (СДБ) не хоча, каб я заставаўся ў Грузіі. Такое сапраўды ўпершыню.
Пакуль, з 2019 года, ніхто з беларусаў не атрымаў статус уцекача альбо міжнародную абарону ў Грузіі. Але я не выключаю, што шанец на пазітыўнае аспрэчванне такіх рашэнняў ёсць, у тым ліку пасля судовых разбіральніцтваў.
Многія ўспрымаюць такія адмовы як канчатковыя. Але гэта не так. Я ведаю беларусаў, якія падавалі дакументы ў 2020-21 годзе, атрымалі адмову ў 2022, і зараз іх справы ўсё яшчэ знаходзяцца ў судзе, што ў выніку вырашыць суд – невядома. Тое самае можа быць і ў маім выпадку. Наперадзе спаборны судовы працэс, падчас якога можна будзе паслухаць больш уцямныя тлумачэнні адмовы, задаць пытанні МУС і СДБ. На сёння я маю толькі кароткі адказ, з якога зусім не зразумела, на якіх падставах мне адмовілі ў атрыманні міжнароднай абароны.
— Артыкул 69, на які спасылаюцца ў тлумачэнні адмовы, утрымлівае даволі сур’ёзныя абвінавачванні, у тым ліку сувязь з тэрарыстычнамі арганізацыямі. Што гэта можа значыць?
— Насамрэч у гэтым атрыкуле пералічаныя шматлікія падставы, важна зразумець, якія менавіта з іх датычацца мяне.
Я дэлегат Каардынацыйнай Рады 2-га складу, а таксама ўдзельнічаў у выбарах у КР сёлета. Каардынацыйная рада прызнаная рэжымам Лукашэнкі «экстрэмісцкім фармаваннем». Магу выказаць згадку, што адмова звязаная з гэтым.
А можа і не. Вельмі хацелася б атрымаць канкрэтыку ў гэтым пытанні. Я падам скаргу ў суд, папрашу суд запатрабаваць у МУС і СДБ інфармацыю пра тое, паводле якога падпункту гэтага 69-га артыкула мне адмовілі. Гэтых звестак не хапае прынамсі для таго, каб аспрэчваць рашэнне.
— Калі ўсё ж канчатковае рашэнне будзе адмоўным, што вы плануеце рабіць далей? Ці давядзецца вам у гэтым выпадку пакінуць Грузію?
— Калі суд мне адмовіць, я маю ўсе падставы звяртацца ў міжнародныя інстанцыі. Гэта дапаможа і іншым беларусам. Калі парушаюцца нашыя правы, прадугледжаныя міжнароднымі дамовамі, гэта трэба абскарджваць, каб спыніць падобную практыку.
Ці змагу я застацца ў Грузіі – пакуль невядома. Але я змагу і далей аспрэчваць адмовы ў судах, нават знаходзячысяў іншай краіне.
Справа ў тым, што я не магу проста так пакінуць Грузію. Тэрмін дзеяння майго беларускага пашпарту скончыўся ў лютым 2024 года. Тады мне выдалі часовае пасведчанне асобы, якое таксама скончылася.
Атрымліваецца, што застацца ў Грузіі мне складана, а з’ехаць адтуль яшчэ больш складана, паколькі патрэбны дзейны пашпарт. Такім чынам склалася гуманітарная праблема, з якой улады Грузіі яшчэ не сутыкаліся.
Грузінскія ўлады хочуць, каб я з’ехаў, але як з’ехаць? Гэтае пытанне неабходна ўздымаць паўсюль, бо я ў гэтым становішчы не адзіны. І мы з калегамі грукаемся ў розныя дзверы. Наперадзе сустрэча з упаўнаважаным па правах чалавека ў Грузіі. Мы таксама трымаем сувязь з іншымі міжнароднымі арганізацыямі па правах чалавека, якіх насамрэч цікавіць, што там з беларусамі. Варта разумець, што мы ў Грузіі зусім не самі па сабе. Відавочна, сітуацыя, якая адбываецца з беларусамі ў гэтай краіне, вядзе да гуманітарнай катастрофы, бо людзі не могуць застацца, але не могуць і з’ехаць.
Таксама мне вядома, калі пара беларусаў мае дзейныя пашпарты, але іх дзіцё, якое нарадзілася на тэрыторыі Грузіі, пашпарта не мае. Бацькі, вядома ж, не могуць з’ехаць без дзіцёнка. Гэтая праблема не вырашаная. Грузінскія інстанцыі могуць адмаўляць, але што рабіць далей? Як з’ехаць? Трэба гэта вырашаць.
— Раман, а як вы агулам сярод усяго гэтага сябе адчуваеце? Калі нельга застацца, нельга з’ехаць, нельга вярнуцца дадому. Як у вас атрымліваецца захоўваць спакой?
— Вярнуцца дадому, у Беларусь, я магу. Толькі я адразу сяду ў турму, зразумела. Не вельмі жадаецца, бо не факт, што я гэта перажыву.
Ёсць варыянт заставацца ў Грузіі і абскарджваць адмовы. На сёння гэта мая рэальнасць. Пакуль мяне ніхто не выдварае, на мяжу не вязе, нягледзячы на тое, што я, як яны кажуць, з’яўляюся пагрозай нацыянальнай бяспецы. Улады Грузіі ўсё ж дзейнічаюць па законе. Так, ёсць пэўныя парушэнні, але пакуль яны датычацца тых, хто «візараніцца».
Такім чынам я магу заставацца ў Грузіі, пакуль абскарджваю рашэнне. У выпадку адмоўнага выніку я таксама змагу заставацца, пакуль буду абскарджваць яго ў міжнародных структурах. Існуе пэўная працэдура, якая дазваляе прасіць часовых мераў абароны, якія могуць уключаць забарону высылкі, дэпартацыі. Таму варыянты ёсць.
Я сачу за справамі грамадзянаў іншых краін – у камітэце па правах дзіцяці, камітэце супраць катаванняў… Ёсць справы супраць Грузіі, калі грамадзяне іншых краін абскарджваюць адмовы аб прадастаўленні прытулку, рашэнні аб дэпартацыі, і нават атрымаўшы адмову ў МУС, а потым у судзе, у людзей атрымліваецца на міжнародным узроўні пераканаць інстанцыю, якая прымае канчатковае рашэнне. І грузінскія ўлады падпарадкоўваюцца яму. Таму я не губляю аптымізму.
Зараз буду патрабаваць, каб мне падоўжылі часовае пасведчанне асобы ў Грузіі на ўвесь перыяд абскарджвання рашэння ў судзе. Таму што інакш я не змагу паўнавартасна жыць. А ў такім выпадку парушаецца права на правасуб’ектнасць. Дзеянні грузінскіх уладаў вядуць да таго, што я губляю сваю юрыдычную суб’ектнасць.
— Цяпер многія беларусы, якія выбудавалі новае жыццё ў Грузіі, пакрысе запакоўваюць валізкі, афармляюць візы, збіраюцца з’язджаць. Што б вы параілі гэтым людзям? Ці варта ім, на вашую думку, спрабаваць змагацца за сваё права жыць у Грузіі?
— У Беларусі я працаваў адвакатам. Паводле юрыдычных правілаў мы не можам вырашаць жыццёвыя пытанні кліентаў. Змагацца альбо не – рашэнне кліента. Але сабраць валізкі і з’ехаць, насамрэч, не так і проста, бо трэба яшчэ атрымаць візы.
Спадзяюся, тое, што мне адмовілі з прычыны «пагрозы нацыянальнай бяспекі», паўплывае на палітыку еўрапейскіх дзяржаваў у адносінах да беларусаў, і яны будуць выдаваць нашым суайчыннікам больш візаў. Таму што сёння мы бачым адказы пра тое, што Грузія – бяспечная краіна, мы можам тут атрымаць прытулак. Але ж нягледзячы на тое, што я адпавядаю крытэрам палітычнага ўцекача, Служба дзяржаўнай бяспекі Грузіі мне адмаўляе.
Такім чынам, далёка не ўсе, хто хоча з’ехаць з Грузіі, атрымліваюць візы. У той жа час, ёсць людзі, якія наадварот з Еўропы пераязджаюць сюды, у Грузію. Я не думаю, што адмова мне – гэта адмова ўсім беларусам.
— Наколькі агулам становішча беларусаў у Грузіі пагоршылася ў апошнія месяцы, пасля прыняцця «рускага закону» аб замежным уплыве?
— Першы раз яно пагоршылася ўвесну мінулага году, калі беларусаў пачалі не пускаць у Грузію. Потым стала крыху лепш. Але зараз, калі прымалі гэты закон, сітуацыя зноў стала дрэннай.
На сёння можна дакладна сказаць, што для беларускіх актывістаў у Грузіі умовы неспрыяльныя, небяспечныя. Ёсць пэўныя засцярогі, што мне маглі адмовіць у атрыманні міжнароднай абароны, паколькі я адзін з заснавальнікаў дыяспары – каб не было актыўнай дыяспары, якая абараняе свае правы.
Агулам для беларусаў у Грузіі ўзнікае сітуацыя нявызначанасці. Немагчыма планаваць сваё жыццё на некалькі гадоў наперад, таму што ў пэўны момант могуць не падоўжыць ДНЖ, альбо не пусціць у краіну пасля «візарану» — і тады даводзіцца з’язджаць. Вось гэтае адчуванне нявызначанасці з’явілася прыблізна год таму, калі Яўгена Гацака не пусцілі ў Грузію.
Але ж добрая навіна ў тым, што пакуль усе дрэнныя навіны датычацца толькі грамадскіх актывістаў. Грузінскія ўлады відавочна бачаць у нас нейкіх ворагаў.
— Зусім хутка, увосень, у Грузіі адбудуцца парламенцкія выбары. Ці вы звязваеце з імі нейкія спадзяванні?
— Думаю што з набліжэннем выбараў адчуванне трывогі не знікне. Хаця некаторыя беларусы сапраўды спадзяюцца, што пасля выбараў вось гэтая нявызначанасць скончыцца.
Асабіста я на выбары не спадзяюся. Дапускаю розныя варыянты – так працуе юрыдычнае мысленне. Я гатовы да таго, што ўсё зменіцца, таксама гатовы да таго, што нічога не зменіцца альбо ўсё пагоршыцца. Дапускаю нават рэальныя спробы мяне дэпартаваць. Пакуль сітуацыя не такая дрэнная, якой яна магла быць.
— Многія беларусы спадзяваліся знайсці ў Грузіі спакой і паратунак, але сёння ім зноў даводзіцца змагацца за свае правы. Зразумела што гэта можа быць стамляльна. Па вашых адчуваннях, ці шмат у Грузіі беларусаў, якія гатовыя працягваць барацьбу за свае правы і ў чужой краіне? Ці не адчуваеце вы сябе ў гэтым самотным?
— Я бачу актыў беларусаў у Батумі, у Тбілісі… Гэты актыў ёсць. Людзі гатовыя выступаць за правы сваіх суайчыннікаў, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі – як гэта было ў выпадку з беларускай, якую не пусцілі ў краіну па вяртанні з Турцыі ў траўні. Беларусы праяўляюць салідарнасць. Зразумела, што людзі будуць яшчэ больш актыўнымі, калі гэта закране іх персанальна.
Але відавочна і тое, што ўзровень страху падняўся. Так, дзеянні грузінскіх уладаў, як я казаў, выклікаюць нявызначанасць, але ёсць пагроза і з боку беларускіх спецслужбаў. Мы не выключаем магчымасць камунікаціі грузінскіх уладаў з імі. Магчыма яе няма, і яны дзейнічаюць проста сыходзячы са сваіх інтарэсаў. Тым не менш, агулам пагроза з боку беларускага рэжыма для чальцоў дыяспар цалкам рэальная. Вы ведаеце пра крымінальныя справы ў адносінах да актывістаў дыяспар, пра крымінальныя справы, звязаныя з удзелам беларусаў у акцыях да Дня Волі за мяжой. Вядома, усё гэта моцна падвышае ўзровень страху. На жаль, у кірунку запужвання дзеянні рэжыму сапраўды эфектыўныя.