«Захоўваем надзею, што ўсё атрымаецца»: Як у Грузіі працуе беларускамоўная школа

Беларускамоўная школка ў Грузіі адпрацавала першы навучальны год. Аксана Акуневіч спадзяецца, што сёлета заявак ад вучняў будзе больш і школу атрымаецца пашырыць, піша «Наша Ніва».

Аксана Акуневіч

Аксана Акуневіч

Аксана Акуневіч спрабуе стварыць першую беларускамоўную школу ў Грузіі. Першы навучальны год школа адпрацавала з 8 вучнямі, але сёлета спадзяюцца, што школьнікаў стане больш.

Яшчэ ў 2022 годзе Аксана ехала з Беларусі ў Грузію з думкамі аб тым, каб працаваць у беларускай школе.

— Я верыла, што мяне чакае працоўнае месца. Тады ў Грузіі было ўжо шмат беларусаў, у людзей былі планы адчыніць беларускую школу на базе неафіцыйнай сямейнай прасторы. Яе стварылі рускія, але фактычна пераважную большасць вучняў той школы складалі беларускія дзеці. Пакуль мы ехалі на машыне — а ехалі доўга праз дрэннае надвор’е і перакрытыя дарогі — жанчына, з якой была дамова на адкрыццё школы, перадумала. Кажа: «Вось, раптам у вас у Беларусі ўсё зменіцца, вы з’едзеце. А як я тут адна застануся, каго я буду вучыць?» Яна адмовілася адкрываць беларускія класы.

Аксана тлумачыць: у Грузіі вельмі цікавая сітуацыя ў сферы адукацыі. Афіцыйна існуюць так званыя сектары: азербайджанскі, армянскі, турэцкі, іранскі, рускі, украінскі ды іншыя. Гэта значыць, што дзеці навучаюцца на пэўнай мове па праграме той краіны, назву якой носіць сектар. Важны момант: калі сектар афіцыйна адкрыты, то школы атрымліваюць дзяржаўнае фінансаванне ад Грузіі.

— Беларускі сектар спрабавалі адкрыць яшчэ да мяне. Але насустрач тым энтузіястам не пайшлі — яны атрымалі адказ ад мясцовых уладаў, што гэта палітычна нецікава ды і жадаючых мала. Была нейкая ветлівая адмова, кшталту: «Пачакайце крыху, далей бачна будзе».

Аксана Акуневіч кажа, што на сустрэчах з прадстаўнікамі розных грузінскіх уладаў працягвалі падымаць пытанне наконт беларускага сектару — што ёсць ужо дастаткова дзяцей, якія хочуць навучацца на беларускай мове.

Глядзіце таксама

— Аднойчы была сустрэча з амбудсменам па правах чалавека па Аджарыі. Мы распавялі пра нашы праблемы, у тым ліку пра школьную. Развіталіся на вельмі добрай ноце, але падавалася, што на гэтым усё і скончыцца.

Але амбудсмен не забыўся пра беларусаў: ён некалькі месяцаў думаў над тым, што можна зрабіць, і на чарговай сустрэчы распавёў, які варыянт знайшоў.

Высветлілася, што ў Батумі ёсць прыватная грузінска-французская школа, якая пагадзілася на эксперымент, каб беларускія класы адносіліся да яе.

На жаль, адкрыццё адбылося даволі позна. Бо прапанову Аксана атрымала летась напрыканцы верасня (у Грузіі навучальны год пачынаецца 15 верасня). Беларускія класы пачалі працаваць з 15 кастрычніка.


Глядзіце таксама

Знайсці вучняў было складана праз тое, што навучальны год пачаўся, а ў большасці прыватных школ трэба загадзя ўнесці аплату за год вучобы — калі сям'я па нейкіх прычынах вырашыць забраць дзіця, грошы вярнуць немагчыма.

Зразумела, што большасць бацькоў знайшлі школы да пачатку вучобы. Праз гэта прыйсці ў беларускія класы не змаглі дзеці, якія хацелі навучацца на беларускай мове.

— Калі казаць з пункту гледжання бізнэсу, то гэты праект не мела сэнсу пакідаць у мінулым годзе. Адразу было зразумела, што вучняў будзе мала. Але для мяне гэта была магчымасць, якую было шкада губляць. Я сказала, што гатова пачынаць нават з адным вучнем.

_4ijo6_lhtqn.jpg.webp

У Аксаны быў неабходны досвед: у Беларусі яна мела дачыненне да адкрыцця трох прыватных школ, а ў Грузіі стварыла беларускую нацыянальную прастору «Аксяродак».

У выніку да беларускай школы далучылася 8 вучняў — гэта дазволіла амаль пакрыць заробкі настаўнікаў. Тэарэтычна, былі класы з 1 па 6, але фактычна былі аб’яднаны першы і другі, а таксама чацвёрты, пяты і шосты (трэцяга не было).

Глядзіце таксама

— Навучальны план я складала сама. Акрамя асноўных прадметаў, дзеці вывучалі грузінскую, французскую і англійскую мовы. Таксама паставіла ў расклад грузінскія танцы і шахматы.

Аксана спадзяецца, што сёлета заявак будзе больш і школу атрымаецца пашырыць. Яна таксама плануе набіраць старэйшыя класы — да 10 класу.

Але трывог і хваляванняў хапае:

— Канешне, нас хвалюе сітуацыя нявызначанасці. Не зразумела, што далей будзе ў Грузіі. Кожная гісторыя, калі беларуса не ўпускаюць у краіну пасля візарана дадае нервовасці. Але захоўваем надзею на тое, што ўсё атрымаецца.