Не хочаце святкаваць Дзень усіх закаханых? Святкуйце «Антывалянцін»!
Дзень святога Валянціна падабаецца не ўсім. А некаторыя ідуць далей за ігнараванне Дня ўсіх закаханых і 14 лютага адзначаюць «Антывалянцін» — свята моцных і незалежных, на якое закаханым уваход забаронены. Ну, прынамсі, так пра такія вечарынкі расказваюць, піша «Еўрарадыё».
— Некалі адзначалі з каляжанкамі “Антывалянцін” у кавярні. Раптам зазваніў тэлефон — гэта быў мой будучы муж, — згадвае гаспадыня культурнай прасторы “Аксяродак” у Грузіі Аксана Акуневіч.
У размове з «Еўрарадыё» Аксана, якая цяпер ладзіць сустрэчы беларусаў у Батумі, расказвае сваю рамантычную гісторыю і тлумачыць, што за дзень такі — “Антывалянцін”.
Задзяўбала мішура вакол свята
— У 2007-м я і яшчэ некалькі дзяўчат працавалі ў школцы па размеркаванні, — кажа жанчына. — 14 лютага на калідорах пачалася гэтая святочная мішура вакол Дня ўсіх закаханых. Ні ў кога з нас тады не было пары, але ўсе калегі ледзьве не патрабавалі, каб мы весяліліся.
Гэта задзяўбло, а мяне дык наогул, бо да таго я была ў доўгіх заблытаных стасунках, якія нарэшце вырашыла спыніць. Так і сказала: усё, ніякіх больш хлопцаў. Буду як прыстойная дзяўчына займацца толькі працай і навукай.
Увечары прапанавала дзяўчатам сабрацца ў кавярні і адсвяткаваць “Антывалянцінаў дзень”. Усе з радасцю пагадзіліся.
Сяброўкі сабраліся ва ўтульнай кавярні на Нямізе. Замовілі смачную ежу, размаўлялі, смяяліся. Раптам Аксане патэлефанаваў хлопец, з якім яна ўжо некалькі гадоў добра сябравала. Як высветлілася, ён таксама святкаваў “Антывалянцін” — з сябрамі ў іншым месцы.
— Кажу — нічога сабе супадзенне! — працягвае суразмоўніца «Еўрарадыё». — Дамовіліся, што на выходных заедзе да мяне ў госці. Калі прыехаў, высветлілася, што ён ужо не ставіцца да мяне толькі як да сяброўкі. 17 лютага мы пачалі сустракацца, а ў жніўні ажаніліся. Вось ужо 17 гадоў разам, у нас трое дзетак.
Бацькі ажаніліся 14 лютага, маці завуць Валянцінай
Аксана Акуневіч расказвае, што пра Дзень святога Валянціна прачытала, калі яшчэ ў Беларусі яго не святкавалі, у часопісе “Трамвай”. Падумала — “а вось бы і нам такое міленькае свята”. Расказала бацькам, зрабіла папяровыя паштоўкі — і так 14 лютага ўпершыню адзначылі ў коле сям’і.
— Цікава яшчэ, што мае бацькі ажаніліся 14-га, а матулю завуць Валянцінай. Таму ў мяне было іншае ўспрыманне гэтага дня. Сёння свята ператварылася ў камерцыйнае, а бацькі шчасліва развяліся. Тым не менш я лічу, што святаў зашмат не бывае.
Не хочаце святкаваць Дзень святога Валянціна? Святкуйце “Антывалянцін”!
Нягледзячы на рамантычную гісторыю, сям’я ў Аксаны не дужа рамантычная. З мужам Валянцінаў дзень яны не святкуюць, але адзначаюць 17 лютага — дзень, калі пачалі сустракацца.
— Муж ведае, што калі я не даслала яму спасылку на тое, што мне трэба, значыць, абыходзімся без падарункаў. Для нас гэта нармальна: ён любіць канкрэтыку, а я не дужа люблю сюрпрызаў, — працягвае Аксана. — Але ўсё ж я лічу, што 14 лютага — добрая нагода надаць больш увагі сабе і сябрам, без усялякага эратычнага падтэксту. Таму калі ў вашай кампаніі ёсць людзі, якія не любяць гэтага трэшу вакол валянцінак, чырвоных дупаў на паштоўках і ўсяго такога — проста збярыцеся разам, пасмейцеся, пагуляйце ў настолкі ды парадуйцеся жыццю.