Каханне — гэта не толькі шчасце. Гісторыі пра неўзаемнасць

Каханне бывае розным: рэальным і платанічным, узаемным і не. Беларусы і беларускі дзеляцца сваім досведам пражывання самых цяжкіх гісторый.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Дзень святога Валянціна паўсюль лунае атмасфера кахання, пяшчоты і рамантыкі. Закаханыя дораць адзін аднаму валянцінкі, ходзяць на спатканні, ладзяць вячэры пры свечках. Але мала хто кажа пра тое, што за гэтым святам хаваецца шмат гісторый пра неўзаемнае каханне, якое прычыніла боль многім людзям. Да таго ж шмат хто сустракае Дзень святога Валянціна ў адзіноце. 

PALATNO расказвае гісторыі беларусаў, якія сутыкнуліся з неўзаемным каханнем і перажылі цяжкія расставанні.

«Яно цёмна-сіняга колеру, як колер адмерлых трупных тканак»

Беларус Аляксандр лічыць самым балючым расставанне з дзяўчынай, з якой не было ўзаемных пачуццяў. Пасля гэтага хлопец два месяцы знаходзіўся ў моцнай дэпрэсіі. Але сябры, з якімі Аляксандр праводзіў шмат часу, падбадзёрвалі яго і дапамагалі.

— Я сам па натуры з тых, хто любіць марыць, і з гэтай нагоды хутка магу закахацца, як і адбылося тады. Параўнаў бы гэта з хваробаю. У маім уяўленні неўзаемнае каханне чамусьці цёмна-сіняга колеру, як колер адмерлых трупных тканак, якія пахнуць гніллю. Асабіста я канчаткова вылечыўся, калі пазнаёміўся з новай дзяўчынаю.

Аляксандр дадае, што неўзаемнае каханне — гэта балюча. І таму паміж «кахаць» і «быць каханым» беларус абавязкова абраў бы другое. А тым, хто зараз знаходзіцца ў складанай сітуацыі і не ведае, што рабіць са сваімі пачуццямі, параіў бы звесці да нуля ўсе кантакты з чалавекам, які не адказвае ўзаемнасцю.

— Выдаліць усе фота, пазбавіцца ад усіх рэчаў, якія б нагадвалі пра чалавека. І хацеў бы пажадаць усім узаемнага кахання, якое зараз ёсць паміж мною і маёй жонкай Ленай.

«І чаму я быў такі дурны» — менавіта такую фразу беларус пакінуў бы на апошняй старонцы сваёй кнігі пра чалавека, з якім так і не атрымалася быць разам.

Расчараваў у юнацтве, а цяпер працуе ў КДБ

Беларусцы Марыне кожнае расставанне па-свойму прыносіла боль. Выходзіла з такога стану некалькі тыдняў. Адным з асабліва непрыемных было не столькі расставанне, колькі расчараванне ў юнацтве. Марыне падабаўся хлопец, які адказваў ёй узаемнасцю і на дыскатэках запрашаў на танцы. Аднакласнікі пачалі жартаваць з хлопца, крычалі, калі Марына ішла па калідоры школы.

— Крычалі: «Антон, твая любоў ідзе!». Ён станавіўся чырвоным, а ў рудых гэта яркая прыкмета. Ён маўчаў і не даваў ім адпору. Праз нейкі час заявіў маёй сяброўцы: «Вы мяне пад манастыр падвялі». Гэта значыць, мяне яшчэ і абвінаваціў у гэтым! Было вельмі непрыемна, учынкі і словы не мужчынскія. У далейшым ніколі не звяртала ўвагі на баязлівых і слабых мужычкоў, проста чуйка на іх была, адразу адсякала.

Некалькі гадоў таму Марына даведалася, што той чалавек, які калісьці яе расчараваў, працуе зараз у КДБ у Гродне. Жанчына пасмяялася і парадавалася, што тады нічога не склалася.


Глядзіце таксама

Балючае каханне ў беларускі адбылося і ў студэнцкія гады. Марына пазнаёмілася «на бульбе» з жанатым мужчынам, у якога было трое дзяцей. Кахалі абодва, але Марына яго пакінула. Да гэтага часу беларуска лічыць яго практычна ідэальным мужчынам і самым моцным. Пару гадоў таму Марына знайшла сваё былое каханне і патэлефанавала.

— Кароткая тэлефонная размова, але настолькі па-сяброўску цёплая! Больш не тэлефанавала, проста яшчэ раз пераканалася, што мой выбар тады быў невыпадковы.

Калі б Марына пісала кнігу аб тым чалавеке, з якім яна не магла быць разам, на апошняй старонцы яна б пакінула: «Я буду шчаслівая. Калі зможаш, даганяй». З неўзаемным каханнем беларуска не сутыкалася. Але кажа, што за свае пачуцці змагацца трэба, ператвараць іх у энергію і рабіць усё магчымае, каб гэтая любоў стала ўзаемнай. Усё гэта нагадвае Марыне моцны шторм на моры. Яна ўяўляе вялікія хвалі, з якімі змагаецца чалавек.


Глядзіце таксама

Марына вучылася любіць сябе доўгія гады. Для яе гэта складаная праца. І цяпер, паміж двух альтэрнатыў — любіць або быць любімай — беларуска зрабіла б выбар на карысць любімага чалавека.

— Гэта значыць — сябе. Гэта важней, разумееце?

«У мяне крыху паехаў дах ад усяго таго, што адбывалася»

Самае цяжкае расставанне ў беларуса Валянціна адбылося падчас пратэстаў у 2020 годзе. Тады ён пазнаёміўся з дзяўчынай і сустракаўся з ёй паўгода. Калі за беларуса ўзяўся ГУБАЗ, дзяўчына ад яго адвярнулася. Валянцін палічыў гэта здрадай, таму што спадзяваўся на падтрымку ў складаны момант. Пазней мужчыну пасадзілі ў турму.

— Я вельмі заганяўся і перажываў. Але потым гэта ўсё забываецца. Цяпер бы я ёй падзякаваў, бо было шмат добрых момантаў. Ужо за гэта можна падзякаваць. І хацеў бы выбачыцца, таму што мы не вельмі добра рассталіся. І ў мяне крыху паехаў дах ад усяго таго, што адбывалася.

Па меркаванні Валянціна, калі няма ўзаемнасці і зваротнай рэакцыі ад чалавека, якога ты кахаеш, лепей яго забыць. Не марнаваць час і не навязвацца, таму што гэта значыць, што «чалавек не твой». Беларус кажа, што неўзаемнае каханне пахне расчараваннем і сумам (яно шэрага, нават чорнага колеру), і параўноўвае яго з нейкай цяжкай хваробай. Таму, па яго меркаванні, лепей быць каханым.


Глядзіце таксама

—  Калі ты бачыш, што цябе чалавек кахае, табе прасцей наладжваць з ім нейкія стасункі. Ты больш упэўнены ў ім, ты ведаеш, што ён не здрадзіць. А тым, з кім у мяне нічога не атрымалася, я б сказаў «дзякуй», таму што ўсё, што адбываецца ў нашым жыцці — гэта не проста так. Гэта такія своеасаблівыя выпрабаванні, якія робяць нас мацнейшымі. Пасля таго, як мы гэта ўсё перажываем, нам лягчэй у наступны раз.

І на апошняй старонцы сваёй кнігі пра неўзаемнае каханне Валянцін напісаў бы: «Усё, што мы робім, — гэта не проста так. Гэта новае выпрабаванне».

Цалкам прачытаць гісторыі беларусаў і беларусак пра неўзаемнае каханне можна тут.