Эвалюцыя Дня cвятога Валянціна ў найноўшай Беларусі
Святы Валянцін крочыць пакручастай дарогай найноўшай беларускай гісторыі. Калісьці ён быў святам сапраўднай свабоды, а сёння аказаўся ледзь не пад забаронай. Прасочым разам лёс Дня закаханых у Беларусі.
Малады Фронт на чале Дня закаханых
Напрыканцы 90-х Дзень закаханых быў яшчэ зусім непапулярным у Беларусі святам.
Але менавіта да Дня святога Валянціна актывісты Маладога Фронту ўпершыню 14 лютага 1998 года зладзілі легендарную акцыю «Беларусь — у Эўропу!», якая на працягу дзесяцігоддзя збірала маладых беларусаў, што падзяляюць еўрапейскія каштоўнасці, і давала ім магчымасць быць пачутымі ва ўсім свеце.
Акцыю «Беларусь — у Эўропу!» прыдумала ўправа Маладога Фронту. Яе сэнс быў у тым, каб у Дзень усіх закаханых прайсціся па амбасадах еўрапейскіх краін і, умоўна кажучы, прызнацца ў любові да Еўропы.
«Мы падавалі заяўкі на правядзенне акцыі ў Мінгарвыканкам, паведамлялі прэсе і дасылалі ў амбасады лісты з просьбай сустрэцца з прадстаўнікамі краін у пэўны час 14 лютага, каб павіншаваць адно аднаго з Днём усіх закаханых і выказаць спадзевы моладзі на далейшае развіццё Беларусі ў еўрапейскім кірунку», — распавядаў «Новаму Часу» адзін з арганізатараў акцыі. Дапамагалі маладафронтаўцам старэйшыя паплечнікі з БНФ — Вячаслаў Сіўчык, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Крыварот і іншыя.
«І вядома, не ўяўляю сабе гэтую акцыю без Паўла Севярынца. Таленавіты прамоўца, ён выратоўваў мяне ад перамоў з амбасадарамі», — распавядаў суразмоўца.
«Мэта акцыі 14 лютага палягала ў тым, каб заявіць, што беларусы — роўная еўрапейская нацыя сярод роўных.
Калі Расійская імперыя нас акупавала, мы пачалі адыходзіць ад Еўропы і яе каштоўнасцей. Да гэтага мы развіваліся як паўнавартасная еўрапейская краіна. Таму мы частка Еўропы, і як мы можам нашу родную Еўропу не любіць?
Акцыяй у Дзень закаханых мы жадалі нагадаць гэта перадусім беларусам, але разам з тым і еўрапейцам, якія пасля захопу Расійскай імперыяй лічылі нас часткай Расіі. І зараз таксама, на жаль, Беларусь у Еўропе разглядаюць не як суб’ект, а як пратэктарат Расіі. Але гаворка пра лукашэнкаўскую Беларусь, не нашу».
Адзін з арганізатараў акцыі ўзгадаў цікавую дэталь:
«Калі я нядаўна паглядзеў здымкі з акцый канца 90-х, пазнаў там яшчэ аднаго чалавека — Марыю Калеснікаву. Яны з сяброўкамі не былі маладафронтаўскім актывам, але на акцыі хадзілі і шлі ў галаве калоны».
Легендарная акцыя Маладога Фронту моцна рэзлакламавала свята, якое так шырока адзначаецца сённяшнімі маладзёнамі.
Маладафронтаўскія акцыі да 14 лютага, нягледзячы на пастаянныя разгоны, трывалі больш за дзесяцігоддзе. Паглядзіце, якой прыгожай была «Акцыя Любові» ў 2009 годзе.
А што пасля?
Калі акцыі Маладога Фронту канчаткова сталі небяспечнымі для іх удзельнікаў, прыгожая традыцыя спынілася.
Разгон акцыі ў 2009 годзе. Фота Юрыя Дзядзінкіна
БРСМ зрабіў аляпаватую спробу замяніць яе псеўдапатрыятычнай акцыяй «За любимую Беларусь». Падчас акцыі БРСМаўцы раздаюць бюджэтнікам чырвона-зялёныя сэрцы і ў добраахвотна-прымусовым парадку прапануюць «напісаць словы любові і падзякі сваёй краіне».
Акцыя БРСМ
Вось такая прапагандысцкая забава прыйшла на змену акцыі маладафронтаўцаў, якая сапраўды пульсавала энергіяй маладых і закаханых. Ініцыятыве БРСМ, як можна здагадацца, разгоны не пагражалі, таму і сёння некаторыя беларусы атрымаюць чырвона-зялёную кардонку з напамінам, як трэба радзіму любіць.
Святлана Бароўская падчас акцыі БРСМ, 2015 год. Фота: SB.BY
Агулам жа да падзей 2020 года, калі «калектыўны Захад» канчаткова акрэсліўся як галоўны вораг прыхільнікаў Лукашэнкі, да свята дзяржава ставілася даволі прыязна.
Пра змену эпох сведчыць, у тым ліку, загаловак аднаго з артыкулаў «Новага Часу» ад 14 лютага 2014 года: «На дзень святога Валянціна Дашкевічы пякуць пірог, Севярынец паехаў па цукеркі».
Сёння, калі Зміцер Дашкевіч і Павел Севярынец церпяць здзекі за кратамі, ад гэтага загалоўка сціскаецца сэрца.
Глядзіце таксама
Прыкметна і тое, як гэтае свята раней асвятлялі прапагандысты. Напрыклад, 10 гадоў таму на АНТ выйшаў навінавы сюжэт з назвай «БДУ «прызнаваўся ў каханні» ў Дзень святога Валянціна» — пра тое, як весела студэнты адзначылі Дзень закаханых. Сёння святкаванні ва ўніверсітэтах забаронены, таму падобныя сюжэты сталі немагчымымі.
Немагчыма ўявіць і тое, што яшчэ 5 гадоў таму, у адносна мірным 2019-м, здымачная група прапагандысцкага АНТ выправілася ажно ў Парыж з адной толькі мэтай —распавесці, як там святкуюць Дзень закаханых. Тады, як не дзіўна, Парыж зусім не падаўся прапагандыстам «брудным» і «загніваюшчым» — наадварот, у сюжэце яго называлі «самым рамантычным горадам свету». Даверлівым тэлеглядачам нават раілі: «Калі вы марыце правесці 14-га лютага на Эйфелевай вежы, тады сёння яшчэ паспееце загадаць гэтае жаданне разам».
Што маем сёння? «Культурнае імпартазамяшчэнне»
Мэтанакіраваная атака на Дзень святога Валянціна пачалася не так даўно, толькі ў 2023 годзе. Прыкметна, што ідэолагі рэжыму стараюцца ў звыклай ім манеры ўседзець на двух крэслах.
Свята як такое прызнаецца, паколькі прыносіць даход. Таму дарослыя людзі могуць быць спакойнымі — абсурд яшчэ не дасягнуў таго ўзроўню, пры якім паліцыя нораваў забараняла б святочныя паходы ў рэстарацыі, кветкі і валянцінкі. А вось маладым людзям прыйдзецца больш складана.
У траўні 2023 года намеснік кіраўніка АП Ігар Луцкізаяўляў, што «калі ёсць імкненне выхаваць паўнавартаснага патрыёта і грамадзяніна Беларусі, то ніякі знешні ўплыў ні з Захаду, ні з Усходу ў гэтым не перашкодзіць». Пры гэтым падкрэсліў: «што тычыцца духоўна-маральнага выхавання, то па-ранейшаму моцны ўплыў чужых каштоўнасцей, а не праваслаўя».
«Сярод моладзі больш папулярныя Хэлоўін і Дзень святога Валянціна замест традыцыйных для Беларусі Вялікадня, Тройцы, Раства».
Глядзіце таксама
Лейтматыў пра «варожыя каштоўнасці» сёлета гучаў і ў выказваннях намесніка міністра культуры Сяргея Саракача: «У прамове Аляксандра Лукашэнкі прагучала такое паняцце, як культурнае імпартазамяшчэнне. Гэты працэс ужо запушчаны, у далейшым ён будзе праходзіць з яшчэ большай інтэнсіўнасцю».
«Міністэрства культуры планамерна падыходзіць да замяшчэння тых каштоўнасцей і свят, якія нам былі навязаны ў апошняе дзесяцігоддзе звонку: Дзень святога Валянціна, Дзень усіх святых і іншыя».
Яшчэ да наплыву падобных заяў стала вядома, што рэктарат БДУ забараніў студэнцкім арганізацыям адзначаць Дзень святога Валянціна. Раней факультэты кожны год рыхтавалі святочныя мерапрыемствы да 14 лютага. «Тлумачаць гэта тым, што гэтыя святы з'яўляюцца заходнімі, ніякага дачынення да нас і нашай культуры не маюць», — казала сябра студсаюза БДУ.
Глядзіце таксама
Не прымусіла сябе чакаць і забарона на ўсе магчымыя валянцінкі ў школах.
«Звычайна 14 лютага ў школах працавала святочная пошта: вучні маглі падпісаць валянцінкі і закінуць іх у адмысловую скрыню, а дзяжурныя кожны перапынак разносілі іх па класах. Увечары мог прайсці канцэрт і выбары самай прыгожай школьнай пары. Дзень святога Валянціна традыцыйна ўключаўся ў каляндарныя планы па выхаваўчай працы.
Цяпер жа ўсё гэта абвешчана «заходнімі каштоўнасцямі», нібыта чужымі для беларускага грамадства. Хаця святы Валянцін — хрысціянскі пакутнік, а хрысціянства — самая распаўсюджаная ў Беларусі рэлігія», — пісала «Еўрарадыё».
У 2024 годзе супрацоўнікі некаторых беларускіх школ пайшлі яшчэ далей і раздалі вучням старэйшых класаў адкрыта прапагандысцкія анкеты, у якіх змяшчаліся пытанні на тэмы «адносін між мужчынам і жанчынай», Другой Сусветнай вайны і недасягальных маральных ідэалаў «савецкіх людзей».
Глядзіце таксама
Сёння ў школах пра Дзень закаханых маўчаць, не ўзгадваюць пра яго нават на занятках па англійскай мове.
Але відавочна, што, як і любыя забароны, аргументы пра «варожае свята» выклікаюць у маладзёнаў толькі супраціў і яшчэ большую ахвоту да валянцінак. Таму каханне, адназначна, пераможа.