Дзень Святога Валянціна. Гісторыя

У апошнія гады ў Беларусі стаў папулярным дзень святога Валянціна. Дык хто быў святы Валянцін, і адкуль пайшлі сучасныя абрады і традыцыі? Як узнікла гэтае свята?



liubliu_bielarus.jpg

Сёння Каталіцкі Касцёл прызнае трох розных святых-пакутнікаў з імем Валянцін (Valentine) або Валянцінус (Valentinus). Валянцінаў дзень атрымаў сваю назву яшчэ ў VII стагоддзі, хоць па сутнасці яго сталі адзначаць значна раней. Зараз гэты дзень святкуецца ў многіх краінах, аднак паходжанне свята многім невядома. 
Па адной з версій, шмат гадоў таму хрысціянскі святар па імені Валянцін здзейсніў забаронены рымскім імператарам абрад вянчання, за што 14 лютага быў пакараны. З тых часоў ён лічыцца апекуном закаханых.
Яшчэ адна легенда адносіцца да таго часу, калі Рым быў паганскім. Яна апавядае аб тым, як хрысціянскі прапаведнік Валянцін быў пасаджаны ў турму за веру і за тое, што на вачах ва ўсіх вылечыў дачку турэмшчыка, вярнуў ёй зрок. Яго асудзілі да смерці, і 13 лютага, напярэдадні пакарання, ён паслаў ёй далікатны развітальны ліст.

Чарговая легенда сумяшчае ў сабе дзве папярэднія. Распавядаюць, што Валянцін, будучы біскупам Церні, выказваў юным закаханым асаблівую спагаду — дапамагаў пісаць лісты з прызнаннямі ў каханні, мірыў тых, што пасварыліся, дарыў кветкі маладым. Арышт яго быў выкліканы нібыта тым, што рымскі імператар Юлій Клаўдзій II (Emperor Claudius II) не дазваляў салдатам імперскіх легіёнаў улюбляцца і жаніцца, вырашыўшы што лепшым салдатам можа быць толькі салдат, які не мае ні жонкі, ні дзяцей, а Валянцін таемна вянчаў легіянераў. 


Валянцін кінуў выклік Імператару і працягваў здзяйсняць абрады шлюбу сярод маладых людзей, трымаючы ў сакрэце факт самога шлюбу. Калі гэта стала вядома, Імператар загадаў пакараць смерцю святара. У адпаведнасці з легендай Валянцін фактычна сам паслаў першую «валянцінку». Знаходзячыся ў турме, Валянцін закахаўся ў маладую дзяўчыну, дачку ягонага турэмшчыка, якая прыносіла яму ежу і наведвала яго на працягу ўсяго турэмнага зняволення. Перад смерцю, як сцвярджаецца ў легендзе, ён напісаў ёй ліст, які падпісаў «Ад твайго Валянціна». Адсюль і паштоўкі — «валянцінкі», і cамо свята.
Прыняўшы пакутлівую смерць, настаяцель Валянцін быў далучаны да ліку святых, у 5 стагоддзі нашай эры рымскі папа Геласіус абвясціў 14 лютага днём Святога Валянціна. Ягоныя мошчы, захаваныя да нашых дзён, захоўваюцца ў шатландскім горадзе Глазга ў Рымска-каталіцкай царкве благаславёнага Джона Данса ў адной з частак у спецыяльна адведзенай нішы. 14 лютага тысячы людзей усіх узростаў прыходзяць сюды і просяць Святога Валянціна аб любові.
     Дзень Святога Валянціна святкуецца, нагадваючы пра гадавіну дня смерці святога або дні яго пахавання, якое, паводле гістарычных звестак, адбылося каля 270 года нашай эры. З тых часоў закаханыя шануюць Святога Валянціна і лічаць яго сваім заступнікам.

Больш гістарычна абгрунтаванай версіяй з'яўляецца цверджэнне, што Хрысціянская Царква пачала святкаваць Дзень Святога Валянціна ў сярэдзіне лютага ў спробе «хрысціянізаваць» святкаванне старадаўняга паганскага фестывалю Luperci. Не сакрэт, што ў тым жа 5 стагоддзі нашай эры падобным чынам на месца Сатурналіяў было «прызначанае» Раство. У старажытным Рыме фестываль Luperci быў афіцыйным пачаткам вясны і лічыўся пачаткам духоўнага ачышчэння.


У гэты час у дамах ажыццяўляліся рытуальныя уборкі: хаты падмяталіся, пасыпаліся соллю і пшаніцай. Паганскае свята Luperci прысвячалася ўрадлівасці і багаццю і святкавалася 15 лютага.
      Пачынаючы фестываль Luperci, прыхільнікі паганства павінны былі збірацца ля святой пячоры, дзе Ромулус і Рэм, калі былі дзецьмі, былі выратаваны ваўчыцай, званай Lupa. У гэты дзень усе маладыя жанчыны пісалі свае імёны на кавалках пергамента і кідалі іх у вялікую пасудзіну. Кожны з гарадскіх халасцякоў павінен быў выбраць кавалак пергаменту з імем, такім чынам становячыся парай для гэтай жанчыны на бягучы год. Такія саюзы часта заканчваліся шлюбам.
У 498 годзе, калі Папа абвясціў дзень Святога Валянціна, рымская паганская латарэйная сістэма рамантычных спатканняў была адменена і стала лічыцца антыхрысьціянскай і супрацьзаконнай. Пазней, у сярэднія стагоддзі было шырока распаўсюджана павер'е, што 14 лютага пачынаецца сезон ціўкання птушак.
      У памяць аб лісце, напісаным Валянцінам сваёй каханай, у гэты дзень прынята дарыць адзін аднаму віншавальныя паштоўкі — «валянцінкі» — у выглядзе сэрцайкаў, з найлепшымі пажаданнямі, прызнаннямі ў каханні, прапановамі рукі і сэрца або проста жартамі. Пісьмовыя «валянцінкі» з'явіліся ў XV стагоддзі.

Найбольш старажытная «валянцінка», якая захавалася да нашых дзён, была напісана герцагам Чарльзам Арлеанскім ягонай жонцы ў той час, калі ён быў заключаны ў Лонданскі Тауэр, пасля паразы ў бітве пры Агінкурце. Пасланне, якое было напісана ў 1415 годзе, можна ўбачыць сёння ў Брытанскім Музеі ў Лондане.


У Вялікабрытаніі Дзень Святога Валянціна сталі святкаваць у сямнаццатым стагоддзі. Напярэдадні свята святога Валянціна брытанская моладзь з бедных ладзіла нешта падобнае да шлюбнай латарэі. Маладыя людзі выцягвалі квіточкі пад назвай «валянціны» з імёнамі магчымых шлюбных партнёраў. Гэта было нешта накшталт варажбы, якая падштурхоўвала маладых людзей да шлюбу.

      Арыстакратыя да такіх гульняў не апускалася, але затое спаборнічала ў шыкаванні, адсылаючы палюбоўніцам як мага больш дарагі падарунак 14 лютага, дарыць падарунак жонцы ў Дзень святога Валянціна лічылася амаральным.


У суровай і пурытанскай тады Амерыцы бедны святы Валянцін быў забыты на ўсе XVII і XVIII стагоддзі. І не дзіўна: амерыканскія пурытане, якія не прызнавалі забаваў, забаранілі святкаваць нават Каляды і Вялікдзень, не бачачы ў Святым Пісанні дазволу ў гэтыя дні лайдачыць і баляваць. Агульнанацыянальных святаў практычна не было. Гэтак папулярны сярод сённяшніх амерыканцаў Дзень падзякі лічыўся святам прэсвітэрыянскай царквы, Дзень святога Патрыка быў святам ірландскім, Дзень незалежнасці спрыяў палітычным спрэчкам, а не вясёлым застоллям і гульням. На гэтым бязрадасным фоне ў 30-я гады XIX стагоддзя раптам з'явіўся з ружамі ў руках цудоўны Валянцін, пераможца сэрцаў, руціны і нуды.
      З туманнай Англіі ён быў перавезены выдаўцамі і прадаўцамі кніг і літаграфій, вытворцамі паштовай паперы і пісьмовых прылад. Усе яны спадзяваліся, што Валянцін прынясе ім даходы не меншыя, чым іх брытанскім калегам.
      Да сярэдзіны васямнаццатага стагоддзя шырока распаўсюдзіўся абмен паміж сябрамі і палюбоўнікамі маленькімі знакамі любові і падарункамі з надпісамі. Да канца стагоддзя карткі замянілі лісты. Папяровыя «валянцінкі» былі асабліва папулярныя ў Англіі: іх рабілі з каляровай паперы і падпісвалі каляровымі чарніламі, выразалі або праколвалі маленькімі шпількамі ў выглядзе карункі, афарбоўвалі праз трафарэт. 
У пачатку XIX стагоддзя пачалася серыйная вытворчасць «валянцінак».

Да XIX стагоддзя Валянцін стаў у значнай ступені самазванцам — Царква ад яго адвярнулася, дзяржаве ён быў не патрэбны. Бедны святы канчаткова страціў чароўны статус, і яго сталі клікаць проста Валянцінам. Але гэта яму не пашкодзіла — з распаўсюджваннем друку і вынаходствам паштовак слава Валянціна пераўзыйшла любыя чаканні.

Паштоўкі-валянцінкі ўтрымлівалі цэлую мову кахання: ружы азначалі жарсць, рамонкі — нявіннасць, незабудкі кляліся ў вернасці, а царкоўны шпіль намякаў на шлюб.

Яго заступнікам стала камерцыя. Ледзь не за месяц да свята газеты змяшчалі рэкламы крам, якія прадаюць паштоўкі ў гонар святога. Акрамя сентыментальных і рамантычных, паштоўкі бывалі і карыкатурныя, смяяліся з разнастайных заганаў адрасата — нясмеласцю, страхам перад шлюбам, ганарыстасцю або празмернай пераборлівасцю. І тыя, і іншыя паштоўкі часта дасылаліся ананімна, што стварала дадатковую забаўку.

Па словах журналістаў таго часу, у Дзень Валянціна кухаркі не гатавалі, служанкі не служылі, гувернанткі не вучылі, а ўсё таму, што чакалі пошту. Усё гэта смяшыла Чарльза Дзікенса, які ў 1850 годзе напісаў нататку аб пошце, якая раз на год аказваецца заваленай лістамі з выявамі сэрцаў і стрэл у залатым цісненні, купідонаў у папяровых ружах, кавалераў ў блакітным і німф ў ружовым і празрыстым.

Да сярэдзіны XIX стагоддзя Амерыка дагнала і перагнала Англію, калі Дзень Валянціна зрабіўся самым папулярным святам Новага свету.

У гэты дзень зацягнутыя ў гарсэты амерыканскія дзяўчыны маглі расслабіцца: на Дзень Валянціна ім таксама дазвалялася пасылаць паштоўкі, зло жартаваць і быць ініцыятыўнымі ў адносінах з мужчынамі. Мужчыны ж маглі праявіць слабасць — сарамлівым даваўся шанец даведацца па пошце і ў гуллівай форме, ці будзе ён прыняты выбранніцай. Гэта быў дзень карнавалу, і нават самыя таленавітыя паэты той пары адмаўляліся заўважаць, што пачуцці праяўляліся штампаванымі купідонамі, а вершы на паштоўках бессаромна рыфмавалі «Валянціна / карціна» і «любоў / кроў». 

Неўзабаве віншаванні і падарункі сталі пасылаць адзін аднаму не толькі маладыя закаханыя, але і сябры, і сваякі, таму прыбытак ад продажу валянцінак узрос яшчэ больш. Сучасныя закаханыя ўсё часцей віншуюць адзін аднаго віртуальнымі «валянцінкамі» . Акрамя «валянцінак», у гэты дзень прынята дарыць сваім любімым кветкі, часцей за ўсё ружы.

      У адпаведнасці з дадзенымі Амерыканскай Асацыяцыі Віншавальных Паштовак лічыцца, што кожны год у свеце, выключаючы краіны Усходняй Еўропы, пасылаецца да аднаго мільярда «валянцінак», што робіць Дзень Святога Валянціна другім па велічыні святам пасля Раства і Новага года па колькасці дасыланых паштовак. Прыблізна 85 % усіх «валянцінак» купляюцца жанчынамі.


      У Еўропе гэты дзень адзначаецца «з усёй сур'ёзнасцю» — паштоўкі, сувеніры, духі, цукеркі, каштоўнасці ў выглядзе пунсовых сэрцайкаў літаральна загрувашчваюць крамы. І, вядома ж, чырвоныя ружы — сімвал любові. І твары людзей, якія скінулі сумныя маскі рэспектабельнасці, становяцца адкрытымі, радаснымі, больш чалавечнымі. Кожны народ святкуе дзень Святога Валянціна па-рознаму. Брытанцы, напрыклад, у гэты дзень пасылаюць любоўныя пасланні не толькі сябрам і знаёмым, але і сваім хатнім жывёлам.
     Япoнцы ж аказаліся больш арыгінальнымі — яны ператварылі 14 лютага ў своеасаблівае «8 сакавіка для мужчын», калі падарункі атрымлівае ў асноўным моцны пол. У некаторых краінах незамужнім жанчынам іхныя каханыя дораць вопратку. Калі дзяўчына прыняла падарунак, значыць, яна згодна выйсці замуж за гэтага чалавека.

У Беларусі актывісты «Маладога Фронту» на працягу доўгага часу, пачынаючы з 1997 году, ладзілі ў гэты дзень шэсце, віншуючы са Святам Любові амбасадараў еўрапейскіх краінаў, ЗША, а таксама супрацоўнікаў місій міжнародных арганізацый, якія знаходзяцца ў Мінску. Некалькі гадоў таму ад шэсце, якое пастаянна разганялася, вырашаны было адмовіцца. Замест яго цяпер праводзіцца цырымонія ўганаравання прэміяй «Люблю Беларусь», якая ўручаецца тым, хто  ў мінулым годзе зрабіў значны ўнёсак у развіццё беларушчыны.