«Чужое свята». Студэнтам БДУ забаранілі святкаваць Дзень святога Валянціна

Студэнцкія арганізацыі БДУ, якія займаюцца падрыхтоўкай розных мерапрыемстваў, атрымалі распараджэнне ад рэктарата — сёлета ніякага святкавання Дня святога Валянціна. 

otnosheniya_lubov_semya6.jpg

Раней у навучальных установах ужо забаранялі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Хэлоўіна. «Л*стэрка» пагутарыла са студэнтамі БДУ і паспрабавала даведацца ў рэктараце, што не так з Днём усіх закаханых.

Студэнтка БДУ Наталля (імя зменена) распавяла, што яе факультэт кожны год рыхтаваў святочныя мерапрыемствы да 14 лютага. Напрыклад, «хуткія спатканні» або прагляды рамантычных фільмаў. Аднак у 2023 годзе і педагогі-арганізатары інтэрната, і члены студэнцкага саюза факультэта папярэдзілі: ад прарэктара па выхаваўчай рабоце БДУ прыйшла забарона на святкаванне Дня ўсіх закаханых.

— Нам не патлумачылі, у чым менавіта праблема гэтага свята, проста данеслі такую інфармацыю. Можна хіба што перайменаваць мерапрыемствы. Гэта незразумела для нас, таму што кожны год праводзіліся розныя мерапрыемствы ў тэматыцы Дня святога Валянціна: і на факультэце, і ў інтэрнатах. А Хэлоўін забаранілі святкаваць яшчэ пару гадоў таму, — паясняе Наталля.

Дзяўчына кажа, што абысці забарону і правесці запланаваныя мерапрыемствы ў інтэрнаце не атрымаецца праз «банальную бюракратыю». Патрэбны дазвол старшынь студэнцкіх арганізацый, а на Дзень святога Валянціна ўжо стаіць бан.

— Калі ўсё роўна правесці, то гэта можа пагражаць дысцыплінарным спагнаннем. Яно можа быць рознай ступені цяжкасці. Напрыклад, могуць не засяліць у інтэрнат у наступным годзе ці ўвогуле выселіць цяпер. Гэта тычыцца любых мерапрыемстваў, якія праводзяцца без дазволу і неабходных дакументаў, — тлумачыць дзяўчына.

Аналагічную інфармацыю пацвердзілі студэнты іншых факультэтаў БДУ: хімічнага, філалагічнага і журналістыкі. Паводле іх слоў, забарону накіравалі студэнцкім і творчым саюзам універсітэта.

— Нам давялі, што мы не святкуем такія святы, як Дзень святога Валянціна або Хэлоўін, — кажа сябра студэнцкага саюза БДУ Ірына (імя зменена). — Тлумачаць гэта тым, што гэтыя святы з'яўляюцца заходнімі, ніякага дачынення да нас і нашай культуры не маюць.

Паводле слоў Ірыны, студэнты дамовіліся абысці «забарону»: не будуць афішаваць мерапрыемствы і пісаць пра іх у сацсетках студэнцкага саюза.

— Сацсеткі ў нас маніторацца адміністрацыяй, і ўсе публікацыі праходзяць жорсткую цэнзуру. Таму цяпер свята ўсіх закаханых мы паказваць таксама не будзем, правядзём тайна. Да забароны кожны год Дзень усіх закаханых адзначалі адкрыта, не хаваліся. Цяпер даводзіцца шукаць такія выхады, — дадае студэнтка.

Журналістка пад выглядам зацікаўленай студэнткі патэлефанавала прарэктару па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях БДУ Ганне Бакун. Яна спытала, што не так з Днём святога Валянціна і чаму яго зараз нельга святкаваць. У рэктараце, спаслаўшыся на «іерархію ў адносінах», параілі звярнуцца да куратараў ва ўніверсітэце альбо запісацца на прыём да прарэктара ў пэўны час.

Нагадаем, у снежні 2022 года Савет міністраў Беларусі пастанавіў выключыць святкаванне Хэлоўіна і выкарыстанне замежных персанажаў накшталт цацак Хагі Вагі ва ўстановах адукацыі. Гэта, нібыта, супярэчыць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа. Замест гэтага Савет міністраў рэкамендаваў выпрацаваць «прапановы па культурным імпартазамяшчэнні і ўмацаванні духоўна-маральнай бяспекі».