Беларускія ўлады будуць змагацца з цацкай Хагі-Вагі?

Няўжо цяпер беларуская ўлада будзе змагацца з праявай сатанізму ў Хагі-Вагі? Пры чым тут сатанізм, КДК і актывістка Бондарава?

hahi.jpg

Чаму дзяржаўны кантроль стаў змагацца зь дзіцячай цацкай і пра тое, што «сатанізм хутчэй у дзеяньнях сілавікоў, а ня ў Хагі-Вагі», піша «Св*бода». 

Камітэт дзяржаўнага кантролю правёў рэйд па прадаўцах, якія гандлююць цацкамі Хагі-Вагі. Пра гэта паведаміла агенцтва Sputnik Беларусь. З праверкамі прыйшлі адразу ў сем гандлёвых пунктаў. У выніку наклалі забарону на рэалізацыю 29 партыяў (782 штук) з цацкамі-монстрыкамі.

Чым вядомы Хагі-Вагі? Ці сапраўды гэтая цацка ёсьць вобразам зла? Пацікавіліся ў філёзафа і сьвятара, ці ёсьць у Хагі-Вагі праявы сатанізму, і расказваем вам гісторыю монстра.

Хто такі?

Гэтая плюшавая цацка стала папулярнай цягам году ўва ўсім сьвеце. Беларусь тут ня стала выняткам. Дзеці паўсюдна ўпрошваюць бацькоў купіць ім гэтага мяккага монстра.

Хагі-Вагі зьявіўся ў кампутарнай горар-гульні Poppy Playtime. Паводле сюжэту, Хагі-Вагі быў спачатку добрым, але пасьля аварыі на заводзе цацак зьмяніў характар. Монстар палюе на галоўнага героя гульні.

Сам Хагі-Вагі чымсьці падобны да чалавека, але мае зусім непрапарцыйныя канцавіны, сіняе футра, трыкутную галаву, а таксама вялізны рот, поўны зубоў. Яго імя ўтварылася ад ангельскага слова Hug («абдымаць»). Мяркуецца, што Хагі-Вагі можа заабдымаць да сьмерці.

Гульня выйшла ў кастрычніку 2021 году, але сапраўдную папулярнасьць сіняя цацка набыла ў тык-току. Менавіта там Хагі-Вагі прыдумалі спадарожніцу Кісі-Місі. Яе таксама паўсюдна прадаюць разам з Хагі-Вагі.

Псыхолягі спрачаюцца аб шкоднасьці цацкі Хагі-Вагі для дзіцячай сьвядомасьці. Адзінай думкі ў гэтым пытаньні ня маюць.

hahi_vahi.jpg

Што ў Беларусі?

Увагу на папулярную дзяцей цацку зьвярнула ўвагу праўладная актывістка з Горадні Вольга Бондарава. Яна назвала яе праявай «сатанізму».

Бондарава вядомая тым, што пасьля яе лістоў у дзяржаўныя органы арыштоўвалі людзей, скасоўвалі культурныя падзеі. Нядаўна Бондарава спрычынілася да таго, што ў сядзібе Анатоля Белага ў Старых Дарогах зьніклі барэльефы Натальлі Арсеньневай, Ларысы Геніюш і Кастуся Каліноўскага.

Sputnik піша, што ў беларускія міністэрствы і ведамствы зьвярнулася група ўстурбаваных бацькоў, якія прасілі «даць ацэнку ўплыву на псыхіку дзяцей цацкі Хагі-Вагі». Хто гэтыя бацькі, не паведамляюць. У выніку адказ прыйшоў толькі з КДК.

У сваім адказе дзяржаўны кантроль цытуе расейскую прыватную экспэртызу што да Хагі-Вагі. Там сьцьвярджаецца, што «цацка фармуе вобраз агрэсіі, жорсткасьці, драпежнага і бязьлітаснага зла».


«Цацка нясе падвойную сэмантыку»

Філёзаф і тэоляг Пётра Рудкоўскі кажа, што ўплыў цацкі Хагі-Вагі на дзіцячую псыхіку выклікае шмат засьцярог у псыхолягаў і пэдагогаў розных краін.

«Рэч тут не ў „сатанізьме“, а проста ў тым, што лялька нясе ў сабе падвойную сэмантыку: любоў і сьмерць, прычым абодва гэтыя складнікі зьмяшаныя ў адно, падносяцца ў адным фляконе. Лялька становіць нібыта мілае стварэньне, якое любіць абдымацца, але ў часе абдымкаў душыць ахвяру на сьмерць. У выпадку малых дзетак, у якіх дзейнічае моцны імітацыйны рэфлекс і ў якіх розьніца паміж рэальнасьцю і фікцыяй яшчэ толькі-толькі фармуецца, кампанія такіх „лялек“ выклікае небеспадстаўную занепакоенасьць», — кажа Рудкоўскі.

Філёзаф кажа, што ў гэтым выпадку мы пакуль сутыкаемся з актыўнасьцю адной «маральна заклапочанай дамы» і захадамі КДК, але ня факт, што гэта выліецца ў агульнадзяржаўную кампанію супраць монстра. Увогуле існуе пытаньне, як дзяржава рэагуе на падобнага роду пагрозы.

«Каб трохі пашырыць пэрспэктыву, давайце прыгадаем „барацьбу з наркаманіяй“, якую рэжым у Беларусі разгарнуў шэсьць-сем гадоў таму. Нельга сказаць, што наркаманія — гэта добрая або нават нэўтральная справа. Але Лукашэнка задаў такі стыль „барацьбы з наркаманіяй“, што ў выніку сотні маладых людзей, шмат зь якіх непаўналетнія, сталі ахвярамі садысцка-аўтарытарных мэтадаў „перавыхаваньня“, а дакладней — ламаньня жыцьцяў. Асноўная задача любой адказнай кампаніі супраць пагрозы — цьвярозы аналіз таго, ці прадпрыманыя захады не нясуць больш пабочных эфэктаў, чым сама пагроза».

Рудкоўскі кажа, што ў выпадку з Бондаравай і КДК мы маем «экзальтаваную крытыку і бяздумнае прымешваньне сюды „сатанізму“».

«Пры больш дакладным аналізе бачна, што корань усяго гэтага — апантанасьць цывілізацыйнай барацьбой з „дэструктыўным Захадам“. Лялька тут — адзін з пратэстаў. Разам з гэтым такія выпадкі могуць быць тэстам на даросласьць. Сам факт, што аўтарытарныя інстытуцыі змагаюцца зь нейкай зьявай, яшчэ не азначае, што яна добрая. Той факт, што нейкая рэжымная інстытуцыя абвесьціла вайну з Хагі-Вагі, не азначае аўтаматычна, што гэтая лялька насамрэч не нясе ніякіх пагрозаў малым дзецям», — мяркуе філёзаф.


«Нагадала прыпавесьць пра сучок і бервяно»

Пастар пратэстанцкай царквы Сьвятой Тройцы (Варшава) беларус Зьміцер Хведарук кажа, што Хагі-Вагі — гэта найперш проста цацка.

«Яна не нясе большай рэальнасьці, чым ёй спрабуюць надаць нейкія пралукашэнкаўскія актывісты. Цікава, што Бондарава назвала цацкі Хагі-Вагі сатанізмам. Калі пакінуць за дужкамі цацкі, то хрысьціянскае вучэньне сьцьвярджае, што праявамі сатанізму ёсьць ідэалёгіі, якія прымушаюць пакланяцца сабе. Тое, чым сёньня ў Беларусі займаюцца чыноўнікі, сілавікі і прапагандысты, больш адпавядае біблійнаму азначэньню сатанізму, чым цацка Хагі-Вагі», — кажа Хведарук.

Тым ня менш пастар заклікае бацькоў больш уважліва сачыць, зь якімі менавіта цацкамі гуляюць іхныя дзеці, што яны глядзяць у сваіх гаджэтах.

«Дзяржаўныя органы, КДК і іншыя ведамствы з абрэвіятурамі з трох літараў больш фармуюць вобразы агрэсіі, бязьлітаснага зла, жорсткасьці. Яны чыняць беззаконьне, адпраўляюць людзей за краты, нішчаць лёсы — і ўсё праз служэньне свайму гаспадару. Гэта троху нагадвае прыпавесьць пра сучок і бервяно. Яны бачаць невялікі сучок у цаццы, зь якой гуляюць дзеці, але ня бачаць вялізнага бервяна ў сабе — як яны гвалцяць людзей і разносяць пакуты», — падсумоўвае Зьміцер Хведарук.