Зіна і Іосіф супраць святога Валянціна. Чым прапаганда спрабуе падмяніць «заходнія каштоўнасці» напярэдадні Дня закаханых
«Саўкі, ватнікі, гопнікі, чырвоныя чалавечкі, няшчасныя, убогія – так называюць яны людзей таго часу, у якім жылі вашы дзяды і прадзеды». Вучням старэйшых класаў беларускіх школ напярэдадні Дня закаханых раздалі прапагандысцкія анкеты.
Здаецца, прапагандысты знайшлі альтэрнатыву іх улюбёным Пятру і Феўроніі. У шэрагу беларускіх школаў вучням старэйшых класаў распавялі гісторыю Зінаіды Тусналобавай і Іосіфа Марчанкі. Гэты аповед прысвяцілі надыходзячаму Дню закаханых.
Хто такія Зінаіда Тусналобава і Іосіф Марчанка
Зінаіда Тусналобава (Марозава) нарадзілася ў 1920 годзе ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці. У 1930-х, баючыся рэпрэсій, яе бацька выехаў у Сібір і змяніў прозвішча на Тусналобаў (бацька брата, Сямён Марозаў, старшыня калгаса «Другая пяцігодка» Расонскага раёна, быў рэпрэсаваны). Так Зінаіда, будучая гераіня Савецкага Саюза, і стала Тусналобавай. Гэтую частку гісторыі школьнікам, вядома, не распавялі.
Зінаіда атрымала
няпоўную сярэднюю адукацыю. У 1941-м скончыла курсы медсёстраў. Яна
была залічана ў 849-ты стралковы полк 303-й стралковай дывізіі 60-й арміі
Варонежскага фронту. За восем месяцаў на фронце яна вынесла з поля бою 123
параненых, за што была ўзнагароджаная ордэнам Чырвонай Зоркі.
У лютым 1923 года, імкнучыся дапамагчы параненаму лейтэнанту, Зінаіда сама атрымала цяжкае раненне. Жанчына перанесла некалькі складаных аперацый, яе жыццё ўдалося выратаваць, але яна страціла рукі і ногі.
Асабістая трагедыя Зінаіды Тусналобавай стала інструментам ваеннай прапаганды. Улетку 1944 года ў «Камсамольскай праўдзе» надрукавалі ліст Зінаіды, у якім дзяўчына заклікала адпомсціць за яе «фашысцкім катам». З палымянымі прамовамі яна выступала па радыё і ў газетах. Так нарадзіўся лозунг «За Зіну Тусналобаву!», які пісалі на танках і самалётах.
Каханым Зінаіды быў Іосіф Марчанка, з якім дзяўчына пазнаёмілася ў 1941-м. Пра тое, што яна страціла рукі і ногі, жанчына паведаміла ў лісце. Іосіф адказаў, што «і ў радасці, і ў горы мы заўжды будзем разам». Па сканчэнні вайны Зінаіда і Іосіф ажаніліся. Сям’я пераехала з Сібіры ў Полацк. Зінаіда Тусналобава-Марчанка – ганаровая грамадзянка Полацка. У яе гонар названая адна з вуліц горада, а таксама Полацкі медыцынскі каледж.
Пры чым тут Дзень святога Валянціна?
Аповед пра каханне «добрых савецкіх людзей» у беларускіх школах быў прымеркаваны менавіта да Дня святога Валянціна – свята, якое так ненавідзіць беларуская прапаганда. Як бачна, акрамя трагедый Другой Сусветнай вайны сучасным ідэолагам не знайшлося чым ураўнаважыць уплыў «заходніх каштоўнасцяў».
На жаль, і сёння асабістая драма маладой жанчыны з Полацка становіцца інструментам прапагандыстаў.
Пасля аповеду вучням старэйшых класаў раздалі анкеты з 19-цю пытаннямі. Хто будзе чытаць адказы вучняў – не паведамілі.
У рэдакцыю «Новага Часу» трапіла фота другога ліста анкеты. Звернем увагу на пытанне 16:
«Ёсць сродкі масавай інфармацыі, ёсць публіцыстычныя артыкулы, літаратурныя творы і кінафільмы, у якіх наўмысна ганьбяць, апашляюць савецкіх людзей, асабліва асоб выдатных, герояў.
Саўкі, ватнікі, гопнікі, чырвоныя чалавечкі, няшчасныя, убогія – так называюць яны людзей таго часу, у якім жылі вашы дзяды і прадзеды.
Аднак постаці і жыццё Зінаіды Тусналобавай і Іосіфа Марчанкі і мноства іншых вядомых людзей савецкага часу, справы і здзяйсненні ўсяго народа сведчаць аб тым, што савецкія людзі былі іншымі. Паразважайце аб прычынах негатыўна-варожага стаўлення да савецкіх людзей і да грамадства, у якім яны жылі», – прапануюць школьнікам.
Не забыліся аўтары анкеты, прымеркаванай да Дня закаханых, удакладніць і іншае надзвычай істотнае пытанне:
«Свята Перамогі – гэта чыё свята: а) маё свята, б) ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, в) «людзей, якія нарадзіліся ў савецкі час», г) людзей, якія перажылі ваенны час, д) людзей, якія нарадзіліся ў постсавецкай Беларусі, е) іншае меркаванне».
А яшчэ папрасілі назваць «героя Вялікай Айчыннай вайны і яго подзвіг».
І ўсё ж пра каханне пытанняў у дзівоснай анкеце было больш, чым пра вайну. Напрыклад, такія:
«Якія, паводле вашага меркавання, рысы характару патрэбна мець жанчыне і мужчыну, каб здзейсніць у каханні подзвіг, падобны да таго, што здзейснілі Зінаіда і Іосіф?»
«У наш час, у грамадстве, якое моцна адрозніваецца ад савецкага, наколькі магчымая такая гісторыя кахання?»
Шчырая на дзіўныя фармулёўкі анкета ўтрымлівае і такое сцвярджэнне: «Мужчыны цэняць надзвычай высока фізічную дасканаласць жанчыны».
Пытанні да зместу анкеты з'явіліся і ў саміх школьнікаў:
«Мяне моцна засмуціла пытанне пра стаўленне да савецкіх людзей. Таксама не зразумела, чаму да такога светлага свята, як Дзень закаханых, прымеркавалі тэму Другой Сусветнай вайны. Раней такога не было», — пракаментаваў сітуацыю адзін з вучняў.