«Усіх хочуць загнаць у піянэры». Што адбываецца з Днём сьвятога Валяньціна ў беларускіх школах
14 лютага адзначаецца сьвята закаханых, ці Дзень сьвятога Валяньціна. У мінулыя гады ў беларускіх школах і ВНУ да гэтай даты ладзіліся розныя імпрэзы. Дзеці малявалі і дарылі адзін аднаму валяньцінкі. Сёлета як мінімум у частцы школ сьвяткавання ня будзе, піша «Св*бода».
«Нас больш усхвалявалі піянэры, чым «адмена» сьвятога
Валяньціна»
Дачка Марыны (імя зьмененае) ходзіць у сталічную гімназію. Кажа, што прамой забароны сьвяткаваць Дзень закаханых для дзяцей няма. Але няма і нейкага адзначэньня.
«Летась у школе былі стварылі адмысловую фотазону, працавала
пошта для сьвяточных валяньцінак. Сёлета гэтага нічога няма. Дзеці хіба самі
намалююць адзін аднаму валяньцінкі і падораць», — расказала Марына.
Яна кажа, што настаўнікі ў школе маўчаць, «як быццам такога
сьвята і не было ніколі». Але маці больш хвалюе магчымае ўступленьне дачкі ў
піянэры.
«Бацькам сказалі, што ўсе дзеці мусяць уступіць у піянэры, і
што мусяць менавіта 100%. Інакш, маўляў, забірайце дакумэнты. Сытуацыя
непрыемная», — дадала Марына.
Дачка Алены (імя зьмененае) ходзіць у адну са школ
Берасьця. Маці кажа, што там не скасавалі Дзень сьвятога Валяньціна, нават
паставілі адмысловыя скрынкі для валяньцінак.
Журналісты праглядзелі некалькі дзесяткаў сацыяльных сетак
беларускіх школаў. У асноўным апошнія публікацыі тычацца Дню вываду савецкіх
войскаў з Афганістану, які адзначаецца 15 лютага. Згадак пра сьвята закаханых
няма.
Паведамленьне пра Дзень сьвятога Валяньціна знайшлі ў Іnstagram школы № 53 Гомля. У
школе праходзіць Тыдзень ангельскай мовы, і вучні ўдзельнічалі ў гульні, дзе
згадвалася запрашэньне на 14 лютага і тлумачыліся карані гэтага сьвята.
Як было раней
Два гады таму ў школе № 105 Менску адзначалі Дзень сьвятога Валяньціна. Працавала пошта «З любоўю да настаўніка», «З Днём сьвятога Валяньціна». Дзеці шукалі «сваю палавінку», зь якой выконвалі сумесныя заданьні.
«Усім было весела і цікава, на перапынках атрымлівалі лісты
і валяньцінкі. Дзень сьвятога Валяньціна не зусім дзіцячае сьвята, але такому
пачуцьцю пакорныя ўсе ўзросты. Ды і няма нічога благога ў тым, каб дзіця
вучылася выказваць свае эмоцыі», — было напісана на школьным сайце.
У мінулыя гады сьвята закаханых адзначаў нават БРСМ. Праўда,
з асаблівасьцямі. Акцыя «За любімую Беларусь!» праводзілася ўсімі
арганізацыямі БРСМ у Беларусі. Былі конкурсы творчых работаў, дыскатэкі і іншыя
актыўнасьці. Мэтай акцыі было «прызнаньне ў любові да Радзімы».
Адзначалі сьвята закаханых і ў беларускіх ВНУ. Сёлета, як
паведамляюць некаторыя СМІ, прынамсі ў БДУ сьвяткаваньня ня будзе. Партал
«Точка» зьвярнуўся за камэнтаром з гэтай нагоды да адміністрацыі БДУ.
Там адказалі, што сьвята не адмянялі, бо яго і не было ў
плянах унівэрсытэту. «Таму няма чаго і адмяняць. Усё, што распаўсюджваецца
вакол гэтай тэмы ў інфармацыйнай прасторы, — непраўдзівая інфармацыя», —
паведамілі парталу ва ўнівэрсытэце.
Ці гэта першы раз
Спробы забараніць «чужыя дэструктыўныя сьвяты» Гэлаўін і Дзень сьвятога Валяньціна ў Беларусі былі і раней. У 2017 годзе «Э*рарадыё» пісала, як у школы Віцебскай вобласьці прыйшоў ліст з «рэкамэндацыямі» ад кіраўніка ўпраўленьня адукацыі Дзьмітрыя Хомы.
«Зьяўляючыся прадуктам сучаснай масавай культуры Захаду, гэтыя так званыя «сьвяты» не адносяцца ні да рэлігійных сьвятаў якой-небудзь з
канфэсій, зарэгістраваных у Беларусі, ні да афіцыйных, носяць дэструктыўны
характар, падрываюць асновы маралі, сям’і і нацыянальных традыцыяў», — пісаў у
лісьце чыноўнік.
Тады віцебскія школы прытрымаліся рэкамэндацый і не
адзначалі «дэструктыўнае» сьвята.