У Расіі Барбару Брыльску хочуць выразаць з «Іроніі лёсу»

Зорка фільма «Іронія лёсу» назвала расіян «праклятым народам» і параіла Ліі Ахеджакавай з'язджаць з Расіі.

Кадр з фільма «Іронія лёсу»

Кадр з фільма «Іронія лёсу»

Польскую актрысу Барбару Брыльску, якая выканала ролю Надзеі ў знакамітым савецкім фільме «Іронія лёсу, ці З лёгкай парай», запрапанавалі наогул выразаць з кінастужкі, піша korrespondent.net.

Асаблівую незадаволенасць у РФ выклікала тое, што Барбара Брыльска падтрымала расійскую актрысу Лію Ахеджакаву, якую з-за яе асуджэння вайны звольнілі з тэатра.

Барбара Брыльска заявіла, што цалкам згодна са сваёй каляжанкай і лічыць, што Расія не вартая мець такую актрысу, як Ахеджакава.

Нагадаем, Лія Ахеджакава з самага пачатку вайны публічна падтрымала Украіну і заявіла, што застанецца ў Маскве: «Это моя «родина-уродина». Нам она нравится, хоть и не красавица. Мне уже 84 года, чтобы отсюда убегать. Пусть они уезжают. Я никуда не поеду, я здесь должна все это пережить. Слишком долго живу здесь».

Барбара Брыльска на гэта сказала: «Лія, так трымаць! Радзіма, такая Радзіма, яе не вартая. Вядома, ёй трэба з'язджаць. Яны не дадуць ёй жыцця, гэтыя камуністы, праклятыя Богам людзі. Ёй трэба з'язджаць і змагацца, як мы».

Пасля гэтых слоў кіраўніца камітэта Дзярждумы РФ па развіцці грамадства Вольга Занко прапанавала «пакараць» Брыльску — выразаць яе з фільма, прэм'ера якога адбылася амаль 50 гадоў таму.

«Для акцёра самае страшнае пакаранне — забыццё. Калісьці любімая ўсёй краінай актрыса Брыльска зрабіла свой выбар, назваўшы сваіх прыхільнікаў «праклятых Богам людзьмі». Наша краіна падарыла ёй славу і пашану, але мы гэтак жа лёгка можам і сцерці гэтую актрысу з «Іроніі лёсу». Ніжэй пакажу, як можа выглядаць фільм без актрысы дзякуючы нейрасетцы. Замяніла яе на Валянціну Талызіну, якая Брыльску ў «Іроніі» і агучвала (я зрабіла сама, у прафесіяналаў гэта атрымаецца яшчэ праўдападобней)», — напісала яна ў Telegram.

Пакуль, праўда, ініцыятыву Занко чытачы не надта каб шчыра ўхваляюць.

Пакуль, праўда, ініцыятыву Занко чытачы не надта каб шчыра ўхваляюць.

Нядаўна Лію Ахеджакаву з-за яе антываеннай пазіцыі звольнілі з тэатра «Сучаснік». Аднак яна заявіла, што не збіраецца ўцякаць і хавацца. Таксама Ахеджакава сказала, што любіць Расію нягледзячы на прызнанне яе «замежным агентам», звальненне з працы і штраф за «дыскрэдытацыю расійскага войска».

«Так, мяне прыбралі з «Сучасніка». Мне шкада грошай, яны бяруць штраф у кагосьці 50 тысяч, у кагосьці 100 тысяч рублёў, а потым абвесцяць замежным агентам. Ужо ляжыць пра гэта таксама данос у пракуратуры», — сказала Ахеджакава.