У Каліноўскага няма шанцаў застацца станоўчай фігурай у беларускай сістэме адукацыі — гісторык

Рускія «дапамагаюць» беларусам напісаць новыя падручнікі гісторыі для школ і ВНУ, а ў школах ужо пераглядаюць некаторыя «моманты гісторыі». У саміх беларускіх гісторыкаў пры гэтым меркавання і не пытаюцца, разважае гісторык Аляксандр Пашкевіч на «Будзма».

Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года. (1936)

Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года. (1936)

Пра адзіныя падручнікі па гісторыі для Расіі і Беларусі заявіў нядаўна расійскі пасол Барыс Грызлоў. 25 студзеня якраз дзве дзяржаўныя гістарычныя камісіі — крамлёўская і з Мінска — падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні, паводле якога будзе створана сумесная расійска-беларуская камісія па гісторыі.

Камісія, як сказаў Грызлоў, будзе працаваць над стварэннем адзінага падручніка, які «здыме розначытанні ў разуменні шэрагу важных гістарычных падзей». «Зняць розначытанні», гледзячы на папярэднюю дзейнасць Вадзіма Гігіна і расійца Аляксандра Дзюкава, вялікіх праціўнікаў паўстання 1863 года і ўсялякіх іншых «польскіх уплываў», верагодна, прывесці беларускія падручнікі да расійскіх узораў. Кшталту, як зараз у расійскіх падручніках пішуць пра гарады ВКЛ — «западнорусские города под скипетром Альгерда», але пры гэтым забываюць напісаць пра тры паходы Альгерда на тую ж Маскву.

Аляксандр Пашкевіч. Фота з асабістага архіву

Аляксандр Пашкевіч. Фота з асабістага архіву

У інтэрв’ю Budzma.org гісторык Аляксандр Пашкевіч кажа, што чакаць чагосьці арыгінальнага тут не выпадае. 

— Вядома, што рэжым Лукашэнкі імкнецца звесці ўсё ў краіне да сваёй уласнай ідэалогіі, каб усё ёй падпарадкоўвалася. І натуральна, што школьная адукацыя, тым больш адукацыя па гуманітарных спецыяльнасцях, не можа быць убаку, яна наадварот будзе ісці ў гэтым плане ў авангардзе. Таму нам варта чакаць ад гэтых падручнікаў, якія яшчэ некаторыя ў праекце, некаторыя толькі-толькі ўводзяцца, што яны будуць прыводзіць выкладанне прадмета ў адпаведнасць з тым разуменнем гісторыі, як прыкладнога значэння, якое ёсць у беларускіх чыноўнікаў і самога Лукашэнкі. Таму, на жаль, будзе большая русіфікацыя, большая ідэалагізацыя, акцэнт на пэўных ваенных падзеях, генацыдзе беларускага народа, які цяпер прасоўваецца ў тым ліку пракуратурай, выкіданне некаторых знакавых асоб і дадаванне, магчыма, іншых. Ну і канечне, улічваючы, што нядаўна была створана агульная з расійцамі камісія, нас чакае ўніфікацыя з расійскімі стандартамі. Думаю, іншага тут чакаць, больш пазітыўнага, улічваючы тое, як развіваецца сітуацыя апошнія гады, не выпадае.

Глядзіце таксама

— Гаворка ідзе пра свядомасць пакалення, гэта адкладзеная небяспека для нацыі, мабыць, так можна казаць...

— Падручнікі тут толькі адзін бок медаля. Так ці іначай, якія б яны ні былі, што б пра іх не гаварылася, не толькі аднымі падручнікамі дзіцячы светапогляд будзе прывівацца. Для таго, каб ужо сапраўды дзяцей зацікавіць, нешта на іх свядомасці адбіць, тут павінны быць сучасныя метадалогіі, павінны быць падручнікі проста цікавыя, не такія кандовыя, і ўся сістэма выкладання мусіць быць скіраванай на тое, каб рэальна дагрукацца да гэтых дзіцячых мазгоў. Гэта ўсё, канечне, будуць імкнуцца навязаць, але калі гэта будзе рабіцца нейкімі «тапорнымі» метадамі, то не факт, што гэта будзе даваць аж настолькі моцныя вынікі, якіх хочуць дабіцца ўлады. Хаця, безумоўна, тое, што такія прадукты, якія б яны ні былі, будуць уведзеныя ў навучальны працэс, тое, што будзе такі ўзмоцнены накат ідэалагічнымі момантамі, тут у гэтым, канечне, нічога добрага няма.

Але я ўсё ж такі куды больш бачу небяспеку нават не ў гэтых падручніках, а ў тым, што гэта сумяшчаецца з масавай культурай, якая павінна падтрымліваць школьнае навучанне. Людзі ў Беларусі жывуць зараз па вялікім рахунку ў расійскай інфармацыйнай прасторы, тыя цікавыя рэчы, якія для іх робяцца, вырабляюцца ў Расіі, таму, безумоўна, у гэтым ёсць небяспека, што гэта ўсё будзе гарманізавана.

Глядзіце таксама

І людзі проста не змогуць улічваць яшчэ тую палітыку, якая вядзецца на задушэнне альтэрнатыўнай думкі, проста не ведаючы пра гэту альтэрнатыву, не ўбачаць таго, што ёсць унутры іншая гісторыя. І ў гэтым, канечне, вялікая задача для тых людзей, каму гэта не падабаецца, якія хочуць гэтаму супрацьстаяць, каб стварыць сапраўды годную, цікавую, сапраўды захапляльную ініцыятыву, каторая магла б дабівацца неяк, якая б магла неяк даходзіць да дзяцей і неяк выпраўляць тое, што ўкладаюць у галовы ў школах і праз іншыя механізмы. Гэта, канечне, вялікі выклік.

Фота: lohvinau.by

Фота: lohvinau.by

— Пэўныя захады ўжо робяцца, да падручнікаў. Днямі, як мне стала вядома з трох настаўніцкіх крыніц, Віцебскае аблана разаслала па школах так званыя рэкамендацыі па некаторых момантах беларускай гісторыі, а таксама літаратуры. Дык вось Кастусь Каліноўскі там яшчэ не называецца, па-гігінску, «польскім бандытам», але ўказваецца, што гэта — герой польскай гісторыі, які змагаўся за аднаўленне Рэчы Паспалітай, што Каліноўскі — гэта не беларускі герой. Ну і Дунін-Марцінкевіч з «антымаскальскімі» творамі, Караткевіч з няправільным поглядам на паўстанне... Гэта выклікала шок нават у цалкам лаяльных настаўнікаў гісторыі, усё ж у савецкіх школах Каліноўскі быў герой, то-бок закладзенае ў свядомасць у дзяцінстве адгукаецца і праз столькі год пасля СССР...

— Не думаю, што тут вялікая сенсацыя наконт таго, што Каліноўскага будуць адсоўваць убок, выключаць з беларускай гісторыі, старацца яго ролю мінімізаваць прынамсі. Тут нават больш дзіўна, што яшчэ не пераважаюць гэтыя гігінскія канцэпцыі і іншых падобных дзеячаў наконт таго, каб Каліноўскага абвясціць проста нейкім бандытам і ўвогуле абсалютна адмоўнай фігурай. З таго, што вы сказалі, даволі ўсё мякка яшчэ з Каліноўскім.

Цяпер ідзе вострае ідэалагічнае змаганне, у якім усё пастаўлена на карту і палонных не бяруць. А Кастусь Каліноўскі апошнім часам стаў сапраўды сімвалічнай фігурай для альтэрнатыўнага бачання гісторыі, сучаснасці, будучыні Беларусі.

І нездарма яго імем называюцца апазіцыйныя рэжыму структуры, арганізацыі, самая яскравая з якіх — полк Кастуся Каліноўскага, мілітарнае фармаванне, якое ваюе ва Украіне. Адна з самых страшных з’яў для рэжыму — і вось яна носіць імя Каліноўскага!

Кастусь Каліноўскі. Крыніца: Wikipedia

Кастусь Каліноўскі. Крыніца: Wikipedia

Ну і ўвогуле, такая фігура, якая ўжо проста ўшытая ў альтэрнатыўную гістарычную канцэпцыю Беларусі. Натуральна, што гэта фігура раздражняе ўладу, што яна ў цяперашніх умовах не можа захавацца ў тым выглядзе, у якім была нават у савецкія часы. Тады яна, прынамсі, хаця б яшчэ ўпісвалася ў сацыяльную канцэпцыю бальшавізму, калі Каліноўскі разглядаўся больш як не нацыянальны герой, а як змагар за сацыяльныя правы, які выступаў супраць дваранства, шляхты, казаў, што ў нас няма дваран, у нас — усе роўныя і г. д.

Цяпер ідэалогіі камуністычнай няма, ідэалогія толькі адна — захаванне ўлады. І таксама падтрымка Расіі вельмі важная. І тое, што гэты герой беларускай гісторыі меў антырасійскія погляды, што антырасійскія людзі часта вакол яго грунтуюцца — гэта не пакідае шанцаў застацца Каліноўскаму ў якасці станоўчай фігуры ў цяперашняй афіцыйнай канцэпцыі. Таму тое, што яго менавіта пачынаюць адцясняць, пачынаюць выціскаць — у дадзеных нялюдскіх умовах гэта, хутчэй, заканамерна. Таму я да гэтага стаўлюся, скажам так, як да непазбежнага. Гэта ў цяперашніх умовах мусіць адбывацца па сваёй логіцы падзей.

У мяне больш пытанне, ці застанецца нешта такое больш нейтральнае, скажам так, у гэтых падручніках, нейтральна-нацыянальнае, каторае нас не зусім прывязвае да гэтага «рускага свету» і не так раздражняе больш ліберальную частку прапагандыстаў.

Глядзіце таксама

— Чаму мы не чуем ніводнага пярэчання ўсім гэтым навацыям з боку нашага гістарычнага корпуса? Ці страх ужо цалкам пануе ў беларускай навуцы?

— Вы самі і адказалі на сваё пытанне. Такая цяпер атмасфера. Вядома, наколькі я ведаю, настроі там, у гэтым гістарычным корпусе, сярод тых, хто проста там працуе цяпер, не робіць кар’еру і не займае нейкіх камандных вышыняў, што ніхто там не «за» гэта ўсё.

Усе да гэтых навацый ставяцца вельмі нестаноўча. Але іншая справа, што сітуацыя такая, калі ў гісторыкаў ніхто не пытаецца. Не вядуцца нейкія гістарычная дыскусіі, не робіцца ўсё на падставе навуковых выкладак. Тут пастаўленая ідэалагічная задача, усе павінны ёй адпавядаць. 


Глядзіце таксама

Калі хтосьці пачынае рэзка і несанкцыянавана выступаць, выказвацца супраць таго, што адбываецца, нават мякка і нерашуча, то ён мае вялікую небяспеку таго, што накліча на сваю галаву вялікія праблемы, у выніку будзе звольнены з працы, змушаны эміграваць і добра яшчэ, калі не пасадзяць. Таму ў дадзеным выпадку, на жаль, тое, што гістарычная супольнасць у Беларусі маўчыць, то гэта натуральная з’ява. Гэта не нейкая ўласнабеларуская з’ява, заўсёды такое было пры падобных рэжымах і такім маштабе рэпрэсій. Людзі разумеюць, што нічога не зменяць, але пацерпяць. Шанцаў няма. На жаль, часы такія, што навукоўцы нічога не могуць змяніць — яны не пры ўладзе і да іх ніхто не прыслухоўваецца. Тут рэй вядуць зусім іншыя людзі.

Пазітыўных зменаў тут можна будзе чакаць тады, калі зменіцца нешта ў агульнай атмасферы, агульнай сітуацыі. Перадусім палітычнай і нават не ў Беларусі, а ва ўсім рэгіёне. 

budzma.org