У Львове будзе вуліца Кастуся Каліноўскага?
У Львове могуць неўзабаве з’явіцца вуліца і завулак Кастуся Каліноўскага. Рашэнне назваць вуліцу ў гонар Каліноўскага можа стаць «знакам салідарнасці львавян з беларускім грамадствам, апазіцыйным рэжыму», піша «Позірк».
Вуліца і завулак Кастуся Каліноўскага могуць у хуткім часе з’явіцца ва ўкраінскім Львове. Гэта вынікае з праекта рашэння гарадской рады.
Згодна з праектам, перайменаванню падлягаюць 24 вуліцы і завулкі. Імя Каліноўскага плануецца прысвоіць вуліцы і завулку, якія цяпер названы ў гонар Героя Савецкага Саюза Сяргея Смірнова. Таксама пад перайменаванне пойдуць вуліцы Матросава, Мічурына, Разіна, Талстога, Тургенева, Чкалава і іншыя.
Глядзіце таксама
На мінулым тыдні стала вядома, што з просьбай назваць адну з цэнтральных вуліц Львова ў гонар Кастуся Каліноўскага да ўлад украінскага горада звярнуліся арганізацыі «Беларускі інфармацыйны цэнтр у Львове» і «Заходні інфармацыйны фронт».
«Украіна з’яўляецца часткай вялікай еўрапейскай сям’і, мы складаем адзінае цэлае з ЕС у супрацьстаянні з пуцінскім рашызмам і лукашэнкаўскай тыраніяй, мы падзяляем адны каштоўнасці і разам выказваем падтрымку беларускаму народу ў яго барацьбе за вызваленне ад пуцінска-лукашысцкай акупацыі», — гаворыцца ў звароце.
Глядзіце таксама
Рашэнне назваць вуліцу ў гонар Каліноўскага, на іх думку, стане «знакам салідарнасці львавян з беларускім грамадствам, апазіцыйным рэжыму», а таксама «магутным сігналам і жэстам у падтрымку беларускага народа падчас узмацнення рэпрэсій супраць апазіцыі, палітычных зняволеных».
1 лютага стала вядома, што ўлады Роўна вырашылі назваць адну з гарадскіх вуліц у гонар беларускага добраахвотніка Міраслава Лазоўскага, які загінуў у траўні 2023 года ў баі пад Бахмутам.
Глядзіце таксама
Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны.
У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага распачата крымінальная справа, ён прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Афіцыйная беларуская прапаганда паказвае беларускага нацыянальнага героя, аднаго з кіраўнікоў антырасійскага паўстання 1863 года як «польскага тэрарыста».
Глядзіце таксама