«Ёсць Бог над намі!». Новы тэкст Кастуся Каліноўскага знойдзены ў Вільні
Гісторык Алесь Смалянчук у сваім Facebook падзяліўся выдатнай знаходкай!

Тыдзень даследчай працы ў бібліятэках і музеях Вільні аказаўся плённым. У фондах Нацыянальнага музея Літвы сярод матэрыялаў Літоўскага правінцыяльнага камітэта знойдзеныя некалькі беларускамоўных тэкстаў відавочна з асяроддзя Кастуся Каліноўскага.
Почырк некаторых («Do Ciabie swiaty ojcza...», чатырохрадкоўе на адвароце шостага нумару «Мужыцкай праўды») падобны на почырк Каліноўскага. Да гэтага варта дадаць тэкст ненадрукаванага нумару «Мужыцкай праўды», які быў апублікаваны ў гадавіку Homo Historicus, 2019.

Гэты рукапіс таксама знаходзіцца ў фондах НМЛ. Нават павярхоўны прагляд дакументаў наводзіць на думку, што прынамсі іх частка належала асабіста Кастусю Каліноўскаму.
Знаходкам вельмі паспрыяла зычлівасць літоўскіх калег Жыгінтаса Бучыса і Вітаўтаса Ёгелы.


