Эксперт: Агульныя з Расіяй падручнікі па гісторыі — гэта прэтэнзія на будаўніцтва новай імперыі
У Беларусі адбываецца «каланізацыя гісторыі», і стварэнне агульных з Расіяй падручнікаў па гэтай дысцыпліне стане ў гэтым плане важнай вяхой. Так эксперт у сферы адукацыі Андрэй Лаўрухін пракаментаваў «Позірку» планы Масквы і Мінска распрацаваць адзіныя падручнікі па гісторыі для школ і ВНУ.
25 студзеня ў Мінску міжведамасная камісія па гістарычнай асвеце пры прэзідэнце РФ і Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы пры адміністрацыі Лукашэнкі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні.
Тыднем пазней, 1 лютага, амбасадар Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў заявіў на пасяджэнні праграмнай камісіі партыі «Адзіная Расія», што Мінск і Масква дамовіліся стварыць адзіныя падручнікі па гісторыі для школ і вышэйшых навучальных устаноў.
Лаўрухін падкрэсліў, што «да гэтага публічных заяў пра стварэнне сумеснай гісторыі гаворка не ішла, Беларусь і Расія як розныя дзяржавы мелі розную гісторыю».
Пры гэтым, паводле слоў эксперта, заўсёды ішла «бітва за гістарычную праўду», якую ў масавай свядомасці навукоўцы прайгравалі палітыкам. Ініцыятыва стварыць агульныя падручнікі пацвярджае, што адбываецца ўласцівая таталітарным рэжымам «акупацыя будучыні, індактрынацыя на ўзроўні адукацыі і — сістэмна — усяго насельніцтва». Гэта «адбываецца праз гісторыю», паколькі «гістарычная памяць звязана з канструяваннем грамадзянскай ідэнтычнасці».
Калі дзеці лічаць выкладзеныя ў падручніку падзеі рэальнымі, палітыка далейшай індактрынацыі становіцца паспяховай. І можна маніпуляваць грамадскай свядомасцю і людзьмі.
Лаўрухін мяркуе, што змест падручніка для Беларусі звядзецца да пазіцыі «шчаслівага каланізаванага народа, які спачатку здабыў шчасце ў Расійскай імперыі», затым у СССР, а цяпер у саюзе з Расіяй.
«Цяжка ўявіць сабе, што ў расійска-беларускія падручнікі ўвойдуць тэмы Вялікага княства Літоўскага, а таксама іншыя [тэмы], якія выстаўляюць імперыю ў непрывабным святле, — сказаў ён. — Між тым такіх падзей у беларускай гісторыі шмат. Новы падручнік — гэта прэтэнзія на будаўніцтва новай імперыі, нездарма амбасадар Расіі згадаў, што дагэтуль маюцца розначытанні ў разуменні гісторыі Расійскай імперыі».
Нават з улікам таго, што грамадскасць пакуль азнаёмілі толькі з дэкларацыяй аб намерах уніфікаваць падручнікі па гісторыі, на думку эксперта, трэба мець на ўвазе, што «калі палітыкі маюць вялікае жаданне, выдзяляюцца рэсурсы, усё адбываецца хутка».
«У гэтым выпадку палітычная воля маецца. Створаны нават асобны орган — сумесная расійска-беларуская камісія па гісторыі. Думаю, напрыканцы 2024 года мы зможам убачыць, як задуму рэалізавалі», — падкрэсліў суразмоўца.
Калі гэта адбудзецца, каланіяльнаму погляду на беларускую гісторыю застанецца супрацьстаяць на мікраўзроўні — у сем’ях, у сістэме адукацыі, канстатаваў Лаўрухін. Аднак з часам, лічыць ён, рабіць гэта будзе ўсё больш складана: «Дастаткова пяці гадоў навучання дзяцей і моладзі па новых падручніках, прапампоўвання значнасці новай гісторыі праз СМІ, і могуць з’явіцца канформныя паводзіны».
Людзі хутчэй пагодзяцца інтэрпрэтаваць гісторыю так, як патрабуецца, чым рызыкаваць, захоўваючы і распаўсюджваючы веды пра рэальныя падзеі ў нейкай супольнасці ці сям’і.
«Шмат у чым якасць і хуткасць працэсу [змены ўспрымання гісторыі] будзе залежаць ад таго, наколькі жорсткім стане кантроль выкладання», — сказаў эксперт.
Паводле слоў Лаўрухіна, пазіцыя расіян зразумелая, яны «выступаюць з пункту гледжання каланізатара, разлічваюць на нейкія бонусы».
Для Беларусі «бяда ў тым, што ў выніку перапіскі падручнікаў па гісторыі беларускі народ акажацца тым, хто сам сябе будзе каланізаваць, падманваць, складаючы пра сябе хлуслівую гісторыю», адзначыў ён.
Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская 2 лютага асудзіла намер уніфікаваць беларускія і расійскія падручнікі па гісторыі. Паводле яе слоў, кожны крок рэжыму Аляксандра Лукашэнкі «пад выглядам інтэграцыі» забірае ў Беларусі «кавалачак незалежнасці».
«Рэжым ужо не раз спрабаваў перапісваць нашу гісторыю, — заявіла яна. — Выкрэсліваў з падручнікаў памятныя даты, “адмяняў” нацыянальных герояў. Так робіць любая дыктатура — імкнучыся завалодаць мінулым, яна нацэльваецца кантраляваць будучыню».
Паводле слоў палітыка, падобная сітуацыя была ў часы СССР, калі «забараняліся кнігі, перайначваліся факты». «А тыя, хто сумняваўся ў “палітыцы партыі”, падвяргаліся ціску. Але нават у такіх умовах людзі знаходзілі спосаб даведвацца праўду, дзяліцца ёю адзін з адным. Менавіта людзі імкнуліся захаваць гісторыю, зусім не дзяржава», — падкрэсліла Ціханоўская.
Дэмлідар звярнулася да беларусаў: «Адказнасць за тое, што насамрэч будуць ведаць дзеці, ляжыць на нас з вамі». «І для таго, каб расказаць ім праўду, сумесныя з Расіяй падручнікі не патрэбныя», — канстатавала яна.