Такія мілыя, блізкія і ўжо нават родныя… акупанты

Па выніках задушэння паўстання 1830 года Іван Паскевіч стаў царскім намеснікам у Варшаве і для сённяшніх палякаў з’яўляецца тыповым акупантам і персонай нон-грата. Але для Гомеля Паскевіч адназначна станоўчы герой, ягоныя нашчадкі таксама шмат зрабілі для развіцця горада… Дык як жа нам ставіцца да былых уладальнікаў беларускіх маёнткаў, прызначаных сюды акупацыйнымі, па вялікім рахунку, уладамі?

1461160084_img_1105_kopiya.jpg

Адзін мой знаёмы гомельскі гісторык распавядаў, як ён шмат гадоў таму праводзіў у Гомелі экскурсію для гасцей, якія з’ехаліся з усёй Беларусі на нейкі семінар па развіцці грамадскіх арганізацый. Гэта былі людзі ўжо дарослыя, сябры розных дэмакратычных партый і арганізацый, якім трэба было паказаць горад. А што ў Гомелі акрамя парку паказваць? Вось і экскурсія па горадзе была ў сутнасці экскурсіяй па парку, згадвае ў «Штодні» гісторык Раман Абуховіч.

Калі група з чалавек 20 падышла да капліцы Паскевічаў, экскурсавод, улічваючы агульныя веды групы, зрабіў дадатковы экскурс у ролю Паскевічаў у гісторыі Беларусі, дакладней ролю Івана Паскевіча ў падаўленні паўстання 1830 года на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы.

Па выніках задушэння паўстання Іван Паскевіч стаў царскім намеснікам у Варшаве і для сённяшніх палякаў з’яўляецца тыповым акупантам і персонай нон-грата. Гэты сумны факт экскурсавод парыраваў тым, што напярэдадні, у 1827 годзе той жа Іван Паскевіч вызваліў хрысціянскую Арменію ад шматвекавой прыналежнасці да мусульманскай Персіі (Ірана) і далучыў да Расійскай імперыі (праваслаўнай краіны), і таму для сучасных армян гэты чалавек з’яўляецца адным з нацыянальных герояў.

Фактычна ён быў чалавекам свайго часу і выконваў тыя загады, якія яму ставіла вышэйшае кіраўніцтва імперыі. Як і прынята было ў той час паўсюль. Рэзюмаваў экскурсавод тым, што гісторыя не можа быць аднаго колеру і шмат якія гістарычныя асобы для адной краіны будуць адмоўнымі («чорнымі»), а для іншай – «белымі».

У гэтым і ёсць загадка гісторыі, але для Гомеля Іван Паскевіч адназначна станоўчы герой, бо пабудаваў тут шыкоўную палацавую рэзідэнцыю і парк, які ўсе гомельцы любяць і ганарацца, ягоныя нашчадкі таксама шмат зрабілі для развіцця горада і дапамогі яго жыхарам. «А таксама пабудаваў вось гэтую цудоўную капліцу-пахавальню, на фоне якой любяць фатаграфавацца хіба не ўсе госці горада. Таму давайце і мы зараз зробім агульнае фота, станавіцеся!». Большасць гасцей радасна пачала шыхтавацца для фота, і тут…

І тут адзін з гасцей, здаецца, ён быў з Баранавіч, з іскрамі ў вачах выпаліў тыраду пра тое, што «ну і чаго вы ўсе кінуліся фатаграфавацца на фоне гэтай капліцы, фактычна магілы акупанта, які падаўляў нашае паўстанне, забіваў нашых продкаў-землякоў, ну і што, што капліца прыгожая – тыповая расійская архітэктура, як вам не сорамна, гэта ж акупант!».

Упс… Відаць, уся 15-хвілінная папярэдняя лекцыя экскурсавода прайшла недзе побач, але не праз вушы гэтага чалавека.

Выпадак можна было б прыняць за кур’ёз, але ён рэальна падымае цікавае пытанне: як беларусам, у тым ліку з Усходняй Беларусі і з Гомеля ў прыватнасці, ставіцца да такіх гістарычных асоб, як Паскевічы, Румянцавы, Чарнышовы, Зорычы, Астэрманы і безліч іншых, якія, па сутнасці, з’яўляліся расійскімі акупантамі на сілай захопленых у Рэчы Паспалітай землях, але пры гэтым зрабілі вялізны ўклад у развіццё гэтых сваіх новаатрыманых маёмасцяў, а часам і ўсёй Беларусі? 

Чаго варты хаця б прыклад уладальніка гомельскага маёнтка Мікалая Румянцава, які не толькі пераўтварыў Гомель з драўлянага сярэднявечнага ў сучасны па тым часе горад з класіцыстычнай планіроўкай і вялікай колькасцю каменнай забудовы, але ў пэўны час нават зрабіў з яго цэнтр даследавання гісторыі Беларусі. Менавіта тут, у Гомелі, на пачатку ХІХ стагоддзя шмат год збіраліся старажытныя рукапісы, якія граф мэтанакіравана выкупаў па ўсім краі, і працавала цэлая археаграфічная камісія пад кіраўніцтвам Івана Грыгаровіча. Узгадкі пра гэта зараз ёсць у любой кнізе, дзе апісваецца гісторыя станаўлення навуковага даследавання Беларусі, гэтыя факты сталіся ўжо хрэстаматыйнымі. Актыўную навукова-дзелавую перапіску з Румянцавым вёў гісторык Лялевель, дапамагаў мецэнат і іншаму тагачаснаму даследчыку Беларусі Зарыяну Даленгу-Хадакоўскаму.

Такімі рэфарматарамі сваіх гарадоў-маёнткаў былі таксама Зорыч у Шклове, Чарнышоў у Чачэрску, Пацёмкін у Крычаве і іншыя, а пакінутая імі архітэктурная спадчына, прынамсі тыя помнікі, якія перажылі савецкі перыяд, зараз з’яўляюцца самымі старымі, галоўнымі, а часам самымі прыгожымі і адзінымі гістарычнымі аб’ектамі ў гэтых гарадах.

Палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі. Аўтар гравюры: Напалеон Орда

Палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі. Аўтар гравюры: Напалеон Орда

Як да гэтых людзей ставіцца сучасным беларусам? Як да акупантаў, якія гаспадарылі на землях, гвалтоўна адабраных ад краіны нашых продкаў – Рэчы Паспалітай? Ці як да людзей, якія змянілі гэтыя гарады і вывелі іх развіццё на новы, не бачаны раней узровень? А як тады быць з тым, што яны рэальна былі прадстаўнікамі краіны, якая ў канцы ХVIII стагоддзя акупавала землі Беларусі, пры гэтым парушыла самой жа падпісаную мірную дамову – «Вечны мір» 1686 года, заключаны паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай па выніках кровапралітных войнаў сярэдзіны XVII стагоддзя?

Бо Рэч Паспалітая да апошняга трымалася прапісаных у тым «Вечным міры» ўмоваў і ні разу не выступіла ў якасці агрэсара супраць свайго ўсходняга суседа. Расея таксама трымалася гэтага мірнага трактату амаль 100 гадоў. Але не ўтрымалася. Вось таму гэта і ёсць акупацыя.

Але трэба прызнаць вялікую заслугу гэтых людзей у развіцці нашага краю, хай нават і ва ўмовах сваіх прыватных латыфундый! І так можна аргументаваць і контраргументаваць да бясконцасці. Дзе ж выйсце з гэтага гістарычнага пераплёту? Які бок прыняць? Прызнаць іх страшнымі акупантамі і выкрасліць іх з лёсу Беларусі? А як тады ганарыцца самым лепшым і прыгожым палацава-паркавым ансамблем у Беларусі, пабудаваным імі? Яго таксама знесці? Ну тады гэта відавочны маразм вышэйшага гатунку!

На самай справе выхад з гэтага маральна-гістарычнага «тупіка» там жа, дзе быў і ўваход. «Тупік выбара» паміж прызнаннем «акупантамі» ці «дабрадзеямі» існуе толькі тады, калі мы механічна пераносім нашыя сённяшнія палітычныя погляды і маральныя патрабаванні на падзеі глыбокай старажытнасці і спрабуем заняць эмацыйна адназначную «правільную» пазіцыю: усё альбо толькі чорнае (г. зн. «злое»), альбо толькі белае (г. зн. «добрае»). І, займаючы пэўную пазіцыю, пасля спрабуем перарабіць усё астатняе светаўспрыманне гісторыі пад абраныя «ісцінна правільныя» крытэры («любіць і ганарыцца» альбо «ненавідзець і знесці»).

Гэта значыць, падсвядома спрабуем «напісаць новае правільнае мінулае», але не такое, якое яно было ў сапраўднасці, з усімі яго адценнямі і супярэчнасцямі, а такое, якое яно нам зараз патрэбна, якое нам бы падыходзіла для нашых сённяшніх эмацыйных задач. А гэта ўжо стварэнне зручнай і прыемнай гістарычнай хлусні, якая не мае нічога агульнага з азначэннем «гісторыя».

Таму, на мой погляд, лепшым будзе падыход, пры якім трэба проста называць рэчы сваімі імёнамі і не хаваць гістарычныя факты, якімі б яны не былі прыемнымі ці не вельмі, прызнаць гістарычныя падзеі такімі, якімі яны былі на самой справе. У нашым канкрэтным выпадку гэта азначае прызнанне таго, што ў выніку гвалтоўнай акупацыі Расійскай імперыяй земляў Беларусі, новыя прызначаныя акупацыйнай уладай уладальнікі беларускіх маёнткаў часта былі цудоўнымі іх пераўтваральнікамі, якія зрабілі годны пашаны нашчадкаў уклад у іх развіццё.

Так, сапраўды, яны былі акупантамі, якія захапілі землі краіны нашых продкаў. Так, сапраўды, мы маем вялікую колькасць прыкладаў, каб ганарыцца захаванымі вынікамі іх дзейнасці. Няма ніякай супярэчнасці. Супярэчнасці засталіся ў мінулым, а мы канстатуем толькі факты. І не выбіраем, што «лепш» і што «правільней» было б тады.