Аляксандр Класкоўскі: Грызлоў будзе «сматрачым» за тым, як Беларусь спаўзае ў імперскую пастку

Чаму так доўга цягнулі з узгадненнем кандыдатуры расійскага амбасадара ў Беларусі? І што зменіцца з прыездам Грызлова ў Мінск?

grizlov22.jpg

Пра тое, што Барыса Грызлова хочуць прызначыць новым паслом РФ у Беларусі, было вядома яшчэ ў канцы мінулага года. Аднак афіцыйны Мінск не спяшаўся з зацвярджэннем гэтай кандыдатуры.

Зацягванне пытання спарадзіла масу канспіралагічных версій. Адны сцвярджалі, што беларускае кіраўніцтва супраць прызначэння Грызлова, іншыя выказвалі версію, што Аляксандр Лукашэнка гандлюецца з Масквой, абяцаючы пагадзіцца на прызначэнне Грызлова ў абмен на вырашэнне калійнага пытання.

Толькі напярэдадні стала вядома, што Лукашэнка даў згоду на прыбыццё новага пасла. 14 студзеня загад пра прызначэнне Грызлова падпісаў Уладзімір Пуцін.

Ці сапраўды афіцыйны Мінск так не жадаў бачыць Грызлова ў Беларусі і які кошт давялося заплаціць Крамлю за яго з'яўленне? Пра гэта ў інтэрв'ю «Салідарнасці» распавёў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

— Цяпер Лукашэнка не ў тым стане, каб моцна ўпірацца, нават калі яму канкрэтная кандыдатура не вельмі падабаецца. І тым больш, каб гандлявацца «прыму — не прыму амбасадара», вырашаючы тое ж калійнае пытанне, — лічыць аналітык. — Супраць гэтай версіі сведчыць хаця б тое, што Расія проста не можа замяніць Клайпеду ў калійным пытанні, таму што ў іх няма адпаведнай інфраструктуры.

Суразмоўца нагадвае, што расійска-беларускія стасункі заўсёды для Мінска былі дастаткова дыскамфортныя, пастаянна адчуваўся прэсінг Масквы, і любы амбасадар у той ці іншай ступені з'яўляўся ўвасабленнем гэтага прэсінгу.

— Пытанне толькі ў стылі працы, — тлумачыць Аляксандр Класкоўскі. — Многія ўспамінаюць, што самым напорыстым і агрэсіўным у гэтым плане быў Міхаіл Бабіч. Але тады была іншая сітуацыя ў адносінах. Тады для Пуціна востра стаяла праблема 2024 года: як кіраваць далей, калі скончацца два яго тэрміны.

Як вядома, гэтую праблему знялі пры дапамозе так званага «абнулення», і ў Пуціна адпала неабходнасць становіцца кіраўніком Саюзнай дзяржавы і з дапамогай Бабіча вырашаць гэтае пытанне з беларускім кіраўніцтвам.

Цяпер такой праблемы няма. А гэта значыць, што Грызлоў наўрад ці будзе рабіць нейкія рэзкія крокі на новай пасадзе. У тым ліку і ў сілу свайго характару.

— Грызлоў па натуры, у адрозненне ад таго ж Бабіча, — чалавек не рэзкі, не харызматычны. Многія яго называюць палітычным «цяжкавагавіком», але ён хутчэй цяжкавагавік у мінулым. Ён быў паслухмяным выканаўцам ці, як некаторыя кажуць, «сматрачым». Яму належыць гэтая крылатая фраза, што «парламент — не месца для дыскусіі», што шмат кажа аб яго стылі і яго натуры, — тлумачыць аналітык.

Ён таксама звяртае ўвагу, што пасля жніўня 2020 года залежнасць Лукашэнкі ад Масквы рэзка ўзмацнілася, і ў прынцыпе той сам дзейнічае так, як гэта трэба Крамлю.

— Ён падпісаў 28 саюзных праграм, ад якіх раней адбрыкваўся, пагадзіўся на ўзмацненне вайсковай прысутнасці Расіі ў Беларусі, пайшоў на абвастрэнне стасункаў з Украінай, амаль прызнаў Крым, — пералічвае суразмоўца. — І гэты працэс цалкам задавальняе Маскву. Навошта ім рабіць нейкія рэзкія крокі і ўскладняць двухбаковыя стасункі, калі Беларусь і так паступова спаўзае ў гэтую імперскую расійскую пастку? І Грызлоў будзе цяпер «сматрачым» за гэтым працэсам. Але не больш таго.

Аляксандр Класкоўскі лічыць, што няма чаго перабольшваць ролю гэтага прызначэння, бо тут маглі гуляць ролю і закулісныя меркаванні ўнутры расійскай улады.

— Мы, беларусы, прывыклі ўсё гэта ўспрымаць праз прызму нейкіх імперскіх планаў Крамля. А там, магчыма, проста спатрэбілася прыбудаваць Грызлова як чалавека, які шмат гадоў аддана працаваў на рэжым Пуціна, на нейкую няпыльную працку, таму што яму зусім ужо не хочацца сядзець на пенсіі з вудай. Да таго ж у апошнія гады Грызлоў быў у кантактнай групе па Данбасе, тая яго роля правісла, — адзначае суразмоўца. — Я б не назваў прызначэнне ганаровай пенсіяй, як некаторыя кажуць, але і думаць, што Грызлова кідаюць у Беларусь на нейкі прарыў, таксама не прыходзіцца.

Версія, што новы амбасадар будзе падштурхоўваць беларускі рэжым да транзіту ўлады, таксама выглядае сумнеўнай.

— Лукашэнка пабудаваў такую канструкцыю ў праекце Канстытуцыі, якая дазваляе яму цягнуць час, сядзець на цяперашняй пасадзе да 2025 года, а таксама аб'яднаць дзве пасады. Наўрад ці ён будаваў бы такія планы, калі б не было ў нейкай форме дамоўленасці з Пуціным, — мяркуе эксперт. — Калі ў жніўні-верасні 2020-га Крэмль сапраўды падштурхоўваў Лукашэнку да гэтай так званай канстытуцыйнай рэформы, а фактычна да плаўнага сыходу, то цяпер, напэўна, Лукашэнка пераканаў Пуціна, што спяшацца з транзітам улады не варта.

А казахстанскія падзеі ўзмацнілі перакананні абодвух, што з гэтымі рэчамі лепш не эксперыментаваць.