Хакерская атака на дзяржсайты Украіны ажыццявіла Расія — эксперты

Атака хакераў на шэраг урадавых сайтаў Украіны, учыненая ў ноч з 13 на 14 студзеня, ажыццявіла Расійская Федэрацыя. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства культуры і інфармпалітыкі Украіны, піша korrespondent.net.

Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

Такой масавай атакі на дзяржорганы не было даўно, адзначаюць украінскія эксперты. У ноч на 14 студзеня на Украіну была праведзена сур'ёзная кібератака, у выніку якой не працавалі каля 70 урадавых і рэгіянальных сайтаў. Так, некалькі гадзін не працавалі сайты МЗС, Дзяржслужбы па надзвычайных сітуацыях, Мінадукацыі, Мінспорту, Мінэнерга, Мінаграпалітыкі, Мінфіна і іншыя.

«Па выніках даследавання Цэнтра стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бяспекі першыя даныя даюць падставы лічыць, што атака была ажыццёўлена Расійскай Федэрацыяй», — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства культуры і інфармпалітыкі Украіны.

Адзначаецца, што ўкраінскія інтэрнэт-рэсурсы атакаваныя з пачатку расійскай ваеннай агрэсіі далёка не ў першы раз. Некаторыя кібератакі былі такімі масавымі, што ўвайшлі ў сусветныя падручнікі для кіберспецыялістаў.

«Такой масавай атакі на дзяржорганы не было даўно. Мяркуем, што цяперашняе звязана з нядаўняй паразай Расіі на перамовах аб будучым супрацоўніцтве Украіны з НАТА. На днях Масква ўжо аднавіла ваенныя вучэнні ля межаў Украіны. А хакерскія ўздзеянні на ўкраінскія дзяржорганы таксама могуць з'яўляцца часткай гэтай псіхалагічнай атакі на ўкраінцаў», — дадалі эксперты.

Пры гэтым аналітыкі мяркуюць, што хакерскія атакі на дзяржаўныя сайты Украіны могуць быць падрыхтоўкай для больш сур'ёзных нападаў.

Напрыклад, грамадзяне Украіны могуць застацца без цяпла, святла і грошай праз кібератакі, піша Reuters. 

«Па меры росту напружанасці мы можам чакаць больш агрэсіўнай кіберактыўнасці ва Украіне і, магчыма, у іншых месцах... Арганізацыям неабходна пачаць падрыхтоўку», — адзначыў аналітык амерыканскай кампаніі па кібербяспецы Mandiant Джон Халтквіст. Ён лічыць, што такія разбуральныя атакі будуць нацэленыя на крытычна важную інфраструктуру.

Выданне адзначае, што да нядаўняга часу атакі на бальніцы, энергетычныя кампаніі і фінансавыя сістэмы былі рэдкасцю. Але расійскія хакеры за апошнія два гады сталі больш інтэнсіўна атакаваць іх вірусамі-вымагальнікамі, напрыклад, блакуючы абсталяванне, неабходнае для догляду за пацыентамі бальніц. У некаторых выпадках гэта прыводзіла да смерці пацыентаў.

Зрэшты, Reuters нагадвае, што Расія неаднаразова адхіляла абвінавачанні ў кібератаках на Украіну.

Аднак калі Масква зноў наважыцца на вайсковае ўварванне ва Украіну, дык здарыцца яшчэ больш кібератак. Але, хутчэй за ўсё, яны не будуць фатальнымі. 

«Гэта будзе другараднае шоу. Асноўнае шоу будзе на зямлі», — адзначыў былы кіраўнік аддзела кібербяспекі CrowdStrike Дзмітрый Альпяровіч.