Простыя рэчы: Быць самім сабой

«Простыя рэчы» — гэта пра нас: як мы жывём, што бачым і, магчыма, пра тое, што мы можам змяніць тут і цяпер. Гэта не пра палітыку, не пра правых ці левых. Гэта пра людзей, што побач.

imgl9780_logo.jpg


Аматары рыбалкі ўжо некалькі тыдняў як акупавалі ўсе вядомыя і невядомыя вадаёмы. Шчупак хварэе, акунь павінен вось-вось, судака злавілі тут побач дня тры таму! Паўтара кілаграма! Я сам бачыў…
Я такі ж самы, што тут казаць. Выехаў сёння, каб успомніць, што такое спінінг і як яго закідваць. Возера ля Мінска, дакладна ёсць шчупак, акунь і судак — што яшчэ трэба!
Ля моста бачу тры машыны, плююся (чорт, месцы ўсе пазаймалі), паркуюся і са спінінгам крочу на месца будучай «баявой» славы. Бачу, што сядзіць дзед-«паплавочнік», а маё месца свабоднае — вось і добра, вось і ладачкі!

imgl9771_logo.jpg


Падыходжу бліжэй і бачу, што дзядуля не адзін — гэта натуральна сямейная справа. Дзядуля ў клятчатай кашулі, якая памятае Брэжнева, на твары агромністыя акуляры з велічэзнымі дыёптрыямі. Яна ў старым пухавіку, вецер павольна варушыць валасы, якія яна элегантна прыбірае за вушкі.
Вітаемся, перакідваемся рыбацкімі пытаннямі-адказамі. Дзядок досыць жвавенька спраўляецца з вудай, жонка клапатліва папраўляе на ім кашулю і кепку.
— На што ловіце? Матыль ці апарык?
— Не, на гэтае блазноцце грошай няма. Плотка на цеста ідзе!
— Ні хваста, ні лускі!
— І вам таксама! — шчыра пасміхаецца жонка рыбака.
Я кідаў спінінг побач і, насамрэч, мне было болей цікава, што і як адбываецца ў іх. Дзядуля бадзёра цягаў плотак на сваё цеста, але ж гэта было зусім не самае галоўнае.
Божухна, з якім імпэтам яна здымала кожную рыбку з кручка! Як яна радавалася... Як потым сядзела і чакала, калі зноў торкне!
Акуляры ў дзядулі былі, як я ўжо казаў, досыць агромністыя. Як рыба бярэцца, ён бачыў і яе выцягваў, але зблізку ён не бачыў нічога. Жонка здымала рыбку, дапамагала насадзіць цеста на кручок, і ён зноўку закідваў вуду. Так працягвалася гадзіны паўтары, пакуль я там быў. Трэба было бачыць гэта суцэльнае шчасце двух сэрцайкаў, якія б'юцца ва ўнісон!

imgl9794_logo.jpg


Я сыходзіў, а яны яшчэ сядзелі. Яна нешта мякка і пяшчотна яму казала, слоў было не разабраць, але дастаткова было проста гукаў гэтага неверагодна ўтульнага і ціхага голасу.
На хвілінку вельмі захацелася проста падысці і прытуліцца да гэтай мяккасці і шчырасці, якой так не хапае ўсім нам.
Гэта так проста і так складана — быць самім сабой.