Праваабаронцу Раману Кісляку адмовілі ў міжнароднай абароне ў Грузіі
«Ваша знаходжанне ў Грузіі супярэчыць інтарэсам краіны», — адзначылі ў рашэнні.
«Мне сёння адмовілі ў прытулку, нягледзячы на тое, што мой выпадак адпавядае патрабаванням артыкула 1(А)2 Жэнеўскай Канвенцыі «Аб статусе бежанца». Адмовілі са спасылкай на артыкул 69 Закона Грузіі «Аб міжнароднай абароне», гэта значыць па патрабаванні СДБ», — распавёў Раман Кісляк «Новаму Часу».
У рашэнні адзначаецца, што знаходжанне Кісляка ў Грузіі «супярэчыць інтарэсам краіны».
Пры гэтым у артыкуле 69, паводле якога праваабаронцу вынеслі адмоўнае рашэнне, пазначана:
Пад патэнцыйнай пагрозай дзяржаўнай бяспекі Грузіі, прадугледжанай пунктам першым гэтага артыкула, маюцца на ўвазе выпадкі, калі маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што асоба, якая шукае прытулак, або асоба, якая карыстаецца міжнароднай абаронай, мае сувязь:
а) з узброенымі сіламі краіны/арганізацыі, варожа настроенай у адносінах да абароны і бяспекі Грузіі;
б) з разведвальнымі службамі іншай краіны;
в) з тэрарыстычнымі ці (і) экстрэмісцкімі арганізацыямі;
г) з іншымі злачыннымі арганізацыямі (у тым ліку - з транснацыянальнымі злачыннымі арганізацыямі) або (і) незаконным абаротам узбраенняў, зброі масавага знішчэння або іх кампанентаў.
Праваабаронца кажа, што справу разглядалі год. «Але мы крыху прыспешылі іх пікетамі, так было б 2 гады», — дадае Кісляк.
Беларус збіраецца абскарджваць рашэнне ў судзе.
Раней Раман Кісляк распавядаў журналістам, што статус уцекача ў Грузіі пакуль не атрымаў ніхто з беларусаў, хаця «падалі заявы больш за 50 чалавек».
«Некаторыя чакаюць рашэння больш за вызначаныя тэрміны, нават па два гады. Прычым вядомыя выпадкі, калі ўцякацтва ў Грузіі давалі грамадзянам Расіі», — адзначаў праваабаронца.
«Раман Кісляк — галоўны абаронца нашых правоў у Грузіі», — кажуць прадстаўнікі беларускай дыяспары ў гэтай краіне. Праваабаронца дапамагае нашым суайчыннікам, якія сутыкаюцца з абмежаваннямі па нацыянальнай прыкмеце, піша звароты ў адпаведныя інстанцыі, ладзіць пікеты з мэтай звярнуць увагу грузінскіх уладаў на праблемы беларусаў.