Рашэнне аб дэпартацыі мастака-акцыяніста Кузьміча ў Беларусь ануляванае. Але на волю ён не выйшаў
Кузьміч дзявяты дзень трымае галадоўку, на судзе яго абараняюць тры адвакаты.

Аляксей Кузьміч на магілее Вінцэнта Ван Гога падчас сваёй акцыі
Рашэнне аб дэпартацыі мастака-акцыяніста Аляксея Кузьміча ў Беларусь ануляванае. Пра гэта паведамляецца на яго старонцы ў “Фэйсбуку”, піша «Позірк».
Удакладняецца, што рашэнне прыняў Мелунскі адміністрацыйны суд 14 жніўня, гэта было чацвёртае судовае паседжанне з удзелам мастака.
«Разам з тым на волю ён не выйшаў. Яго зноў завязалі поясам, закавалі ў кайданкі і павезлі ў аўтазаку ў дэпартацыйны цэнтр. Цяпер вырашаецца, куды ён будзе вывезены. На судзе было выказана меркаванне, што Кузьміч можа быць дэпартаваны ў Расію», — сцвярджаецца ў паведамленні.
Адзначаецца, што Кузьміч дзявяты дзень трымае галадоўку, на судзе яго абараняюць тры адвакаты.
2 жніўня суд Понтуаза (прыгарад Парыжа) пастанавіў дэпартаваць Кузьміча ў Беларусь. Таксама яго аштрафавалі на 3 тыс. еўра і прыгаварылі да месяца ўмоўнага зняволення. 7 жніўня ён аб'явіў галадоўку.
Глядзіце таксама

Цяпер Кузьміч утрымліваецца ў дэпартацыйным цэнтры. Пра яго арышт са спасылкай на свае крыніцы 1 жніўня паведаміў партал "Люстэрка".
Кузьміч быў затрыманы падчас перформансу — ён раскопваў магілу нідэрландскага мастака Вінцэнта Ван Гога на муніцыпальных могілках у французскім горадзе Овер-сюр-Уаз.
У лютым 2024 года Кузьміч быў эвакуіраваны з Беларусі фондам салідарнасці BySоl, пасля таго як прыехаў у краіну ў сувязі са смерцю бабулі. Меркавана, на яго заведзена крымінальная справа.