«Вяртайцеся ў Беларусь». Грузінскія памежнікі не ўпусцілі ў краіну беларуску пасля абнулення бязвізу
Грамадзянка Беларусі не змагла вярнуцца ў Грузію з Турцыі, куды ненадоўга выязджала для так званага візарана — абнулення тэрміну бесперапыннага знаходжання ў гэтай каўказскай краіне (364 дні).
![Грузія. Ілюстрацыйны здымак Грузія. Ілюстрацыйны здымак](/img/v1/images/scale_1200_84.png?f=f&h=396&o=0&u=1716970191&w=528)
Грузія. Ілюстрацыйны здымак
Грузінскія памежнікі адмовілі ёй ва ўездзе, паведаміў «Позірку» праваабаронца, намеснік старшыні некамерцыйнай арганізацыі «Беларуская дыяспара Аджарыі» Раман Кісляк.
Паводле яго слоў, жанчына (імя не называецца з мэтаў бяспекі) пражывала ў Грузіі з лета 2023 года, прымала ўдзел у дзейнасці беларускай дыяспары.
«[Пры вяртанні з Турцыі] памежнікі сказалі: «Вы не можаце знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі, вяртайцеся ў Беларусь». Але дзяўчына баіцца на радзіме пераследу. І гэтая рызыка сапраўды сур'ёзная», – адзначыў Кісляк.
Беларуска зрабіла яшчэ адну спробу вярнуцца ў Грузію, папрасіўшы на мяжы прытулку, аднак, па словах праваабаронцы, ёй зноў адмовілі.
«Памежнікі заявілі, што яна ня мае права прасіць прытулку. Чатыры супрацоўнікі вывелі яе на тэрыторыю Турцыі», — дадаў ён.
Глядзіце таксама
![З Турцыі выдвараюць беларусаў, якія звярнуліся па ВНЖ пасля пачатку вайны? «Далі 10 дзён на тое, каб з’ехаць». З Турцыі выдвараюць беларусаў, якія прыехалі пасля пачатку вайны?](/img/v1/images/1711709967058.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Паводле інфармацыі Кісляка, беларусцы паведамілі: яе не могуць пусціць у Грузію, бо яна «саджае кветкі». Суразмоўца «Позірка» пацвердзіў, што жанчына «сапраўды ў Батумі ўпрыгожвае свой двор малюнкамі і кветкамі», але выказаў здзіўленне такім тлумачэннем.
Пры гэтым дакументальна ва ўездзе адмоўлена з фармулёўкай «іншыя прычыны».
Па дадзеных Кісляка, з восені мінулага года гэта першы выпадак, калі грамадзян Беларусі не ўпускаюць у Грузію.
Глядзіце таксама
![Новыя законы ва Украіне і Грузіі ўскладняць жыццё беларускім эмігрантам Беларусам у замежжы і так нясоладка, але давядзецца напружыцца яшчэ больш](/img/v1/images/img_5201.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Лічу, тут груба парушаная Канвэнцыя аб статусе ўцекача. Мы арганізуем заўтра пікет з патрабаваннем да дэпартамента міграцыі МУС і ўрада Грузіі вярнуцца ў прававое поле. Павінна быць забяспечана магчымасць уваходжання ў працэдуру ўсім, хто просіць прытулку», — падкрэсліў праваабаронца.
У пікеце, акрамя яго, будзе ўдзельнічаць спартсменка, чэмпіёнка свету па тайскім боксе і палітэмігрантка Марына Зялёная. Раней і ён, і яна звярнуліся да ўладаў Грузіі з хадайніцтвам аб атрыманні прытулку.
Кісляк заклікае далучыцца да акцыі актывістаў беларускай дыяспары.
Акрамя гэтага, ён мае намер апратэставаць такія дзеянні памежнікаў у дэпартаменце міграцыі, а таксама звярнуцца да грузінскіх праваабаронцаў.
На думку Кісляка, адмова ўпусціць беларуску ў Грузію можа быць звязана з прыняццем у гэтай краіне закона «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» і масавымі пратэстамі, якія працягваюцца ўжо паўтара месяца.
Глядзіце таксама
![Грузія: парламентская большасць усё ж зацвердзіла закон аб «замежных агентах» Парламент Грузіі канчаткова зацвердзіў закон аб «замежных агентах»](/img/v1/images/akcyja_lja_parlamenta_hruzii_29_05_2024.avif?f=c&h=360&o=0&u=1716913142&w=660)
У красавіку 2023 года грузінскія памежнікі не ўпусцілі ў краіну актывіста «Беларускай дыяспары Аджарыі» Яўгена Гацака. Ён быў вымушаны з сям'ёй з'ехаць у Польшчу.
У СМІ паведамлялася і пра іншыя падобныя выпадкі, хаця іх колькасць у цэлым невялікая.
Некамерцыйная юрыдычная асоба “Беларуская дыяспара Аджарыі” зарэгістравана ў Батумі (Аджарыя, Грузія) у 2021 годзе.
Грузія стала адной з краін, куды выязджаюць беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсій. Там можна знаходзіцца 364 дні ў годзе, віза не патрэбная. Паводле звестак Нацыянальнай адміністрацыі турызму, у студзені — сакавіку 2024 года Грузію наведала 17.236 грамадзян Беларусі — на 6,3% менш, чым у першым квартале 2023-га (18.400).
У пачатку 2024 года паведамлялася, што за мінулы год колькасць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Грузіі, зменшылася на 1.999, або на 15% (на 1 студзеня 2023 года ў Грузіі пражываў 13.361 беларускі грамадзянін).
У першым квартале 2024 года 9 грамадзян Беларусі папрасілі ў Грузіі прытулку.
Раней Кісляк паведаміў «Позірку», што ў 2019–2024 гадах беларусы «50 разоў звярталіся» па адпаведны статус у гэтай краіне. «За гэты час ніводнага статусу беларусам не прадстаўлена: ні статусу бежанца, ні гуманітарнага статусу», — падкрэсліў праваабаронца.