Парламент Грузіі канчаткова зацвердзіў закон аб «замежных агентах»

Парламент Грузіі не ўлічыў матываваныя заўвагі Саламэ Зурабішвілі. Парламенцкая большасць ад летась «Грузінскай мары» пераадолела вета прэзідэнта і канчаткова зацвердзіла так званы закон аб «замежных агентах» («Аб празрыстасці замежнага ўплыву»).

Акцыя каля будынку парламента, 28 мая

Акцыя каля будынку парламента, 28 мая

Цяпер, згодна з законапраектам, СМІ і няўрадавыя арганізацыі, якія атрымліваюць фінансаванне ад краін-партнёраў Грузіі, павінны будуць зарэгістравацца як «арганізацыі, якія прадстаўляюць інтарэсы замежнай дзяржавы».

Супраць матываваных заўваг прэзідэнткі выступілі 66 дэпутатаў; за пераадоленне вета прагаласавалі 84 дэпутаты, супраць – 4.

Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, цяпер закон у 3-дзённы тэрмін перадаецца прэзідэнту Грузіі. Саламэ Зурабішвілі ў 5-дзённы тэрмін можа падпісаць і апублікаваць яго. Калі яна адмовіцца ад падпісання, закон у 5-дзённы тэрмін падпіша і апублікуе старшыня парламента, Шалва Папуашвілі.

Глядзіце таксама

Такім чынам, дакумент можа быць апублікаваны ўжо ў першых днях чэрвеня. Згодна з Законам, на працягу двух месяцаў (да пачатку жніўня) адпаведныя органы / службовыя асобы павінны прыняць / апублікаваць падзаконныя акты, а Міністэрства юстыцыі Грузіі і Нацыянальнае агенцтва публічнага рэестра павінны правесці «папярэднія матэрыяльна-тэхнічныя і іншыя мерапрыемствы для выканання дадзенага закона».

Паводле папярэдняй інфармацыі, ужо са жніўня СМІ і НДА, якія па дадзеных 2023 года атрымлівалі больш за 20% даходу з-за мяжы, на працягу месяца павінны праз Дом юстыцыі ўнесці заяву аб рэгістрацыі ў якасці арганізацый, якія праводзяць інтарэсы замежнай сілы. У адваротным выпадку на іх будуць накладзеныя штрафы. Для выяўлення арганізацый, якія «праводзяць інтарэсы замежнай сілы», і праверкі выканання патрабаванняў закона Міністэрства юстыцыі ў любы час можа правесці маніторынг, а ўпаўнаважаны чыноўнік – атрымаць неабходную інфармацыю, у тым ліку персанальныя даныя.

Глядзіце таксама

Якім застанецца 28 мая ў найноўшай гісторыі Грузіі?

Учора, 27 мая, камітэт па прававых пытаннях парламента Грузіі падтрымаў пераадоленне вета прэзідэнта на так званы «закон аб агентах». Большасць сябраў камісіі — сябры кіруючай партыі «Грузінская мара».

Больш за 40 дзён у Грузіі праходзяць акцыі пратэсту супраць «прарасійскага закону», у тым ліку не спыняюцца шматтысячныя маршы пратэсту.

Сённяшняе галасаванне прайшло на фоне маштабнай акцыі праціўнікаў закона. 

Глядзіце таксама

Мітынгоўцы сабраліся ля будынка парламента з боку цэнтральнага і верхняга ўваходаў. Бакавы ўваход у заканадаўчы орган з боку вуліцы 9 красавіка перакрыты. Парламентарыі пачынаюць пакідаць парламент пад выкрыкі пратэстоўцаў «Рабы».

Кіроўная партыя прыняла закон з другой спробы — летась «Грузінская мара» адклікала дакумент пасля двух дзён масавых пратэстаў і сутыкненняў дэманстрантаў з сілавікамі. Адметна, што ў “дапрацаваным” праз год законапраекце парламенцкая большасць змяніла толькі назву рэгістрацыйнага спісу арганізацыяў.

У гэтым годзе ўлады не адмовіліся ад ініцыятывы, нягледзячы на пратэст дзясяткаў тысяч грамадзян краіны, пазіцыю міжнародных партнёраў Грузіі, у тым ліку Еўрасаюза. 

Партыя ўлады «Грузінская мара» падтрымала законапраект у трэцім чытанні 14 мая, нягледзячы на вялікую колькасць мітынгаў.

Глядзіце таксама

Глядзіце таксама

У Бруселі і іншых заходніх сталіцах наўпрост заяўлялі, што закон, які падобны да расійскага заканадаўства аб «замежных агентах», будзе перашкодай на шляху краіны ў ЕС. 

Стратэгічны партнёр Грузіі, ЗША, абвясціў аб візавых санкцыях для прадстаўнікоў грузінскіх уладаў. 

Так, 23 мая дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен абвясціў рашэнне: «Абвяшчэнне палітыкі візавых абмежаванняў для падрыву дэмакратыі ў Грузіі і ўсебаковага перагляду амерыкана-грузінскага супрацоўніцтва».

Вашынгтон вырашыў увесці візавыя абмежаванні ў дачыненні да прадстаўнікоў урада «Грузінскай мары», якія падрываюць дэмакратыю, і членаў іх сем'яў, апроч таго, ЗША перагледзяць супрацоўніцтва з Грузіяй. І гэта ўсё — з-за закону аб «празрыстасці замежнага ўплыву» і звязаных з ім падзеяў, у тым ліку «рэпрэсіўнай тактыкі падаўлення пратэстаў». 

Паводле www.ekhokavkaza.comwww.radiotavisupleba.ge