«Далі 10 дзён на тое, каб з’ехаць». З Турцыі выдвараюць беларусаў, якія прыехалі пасля пачатку вайны?

Айцішнік з Беларусі Арцём Русаў расказаў, што яму не працягнулі ВНЖ у Турцыі. Ëн жыў там з моманту, як ва Украіне пачалася вайна. З Беларусі ж з’ехаў у 2021-м. Цяпер ён зноў быў вымушаны пакаваць валізкі і ехаць у Грузію. 

Арцём Русаў

Арцём Русаў

«Наша Ніва» распытала Арцёма пра дэталі.

«Далі 10 дзён на тое, каб з’ехаць»

Арцём амаль два гады пражыў у турэцкім горадзе Кушадасы, працаваў на сябе і на фізічных асоб, не ў найме.

Кажа, што вельмі прызвычаіўся да краіны. Да красавіка 2024 года ў яго не было праблем з дакументамі: так званы турыстычны ВНЖ па даручальніцтве (з рэкамендацыяй мясцовага турка) яму працягвалі тры разы запар — адзін раз на год і два — на паўгода.

«У гэты раз мы падалі заяву на падаўжэнне як звычайна, за тыдзень да сканчэння ВНЖ. Дакументы ўзялі, мы аплацілі пошліну (60 даляраў за яе + 30 даляраў страхоўка). Звычайна ў нашым горадзе гэты быў знак, што ўсё павінна быць добра. Аднак праз тыдзень нас папрасілі прыйсці ў мясцовую міграцыйную службу, азнаёмілі з адмовай, вярнулі грошы і далі 10 дзён на тое, каб выехаць».

Па словах суразмоўцы, у міграцыйнай службе ім сказалі, што адмаўляюць усім па турыстычным ВНЖ, хто першы раз афармляў дакумент пазней за люты-сакавік 2022-га.

«У саміх паперах напісана, што мы не адпавядаем патрабаванням закона 6458 (Закон аб замежніках і міжнароднай абароне — НН), але якім канкрэтна — у дакуменце не згадваецца. Трэба разумець, што ў краіне існуе такое паняцце як «турэцкі рандом». Шмат якія моманты заканадаўства трактуюцца органамі кіравання гарадоў і правінцый па-рознаму».

У міграцыйнай службы Арцёму паведамілі, што пасля адмовы ён мае права падавацца на ВНЖ зноў праз тры месяцы.

«Можна спрабаваць атрымліваць студэнцкі ці працоўны ВНЖ, але яны патрабуюць абавязковай візы перад гэтым, якую трэба атрымаць у іншай краіне», — каментуе Арцём.

Суразмоўца кажа, што ў яго горадзе — «суцэльныя адмовы» па падобных прычынах. Праблема закранула беларусаў і ў іншых гарадах.

«Наша Ніва» звязалася з яшчэ двума беларусамі, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі ў Турцыі. Фармулёўка адмовы ў працягу ВНЖ — такая ж, як у Арцёма.

«Я ведаю, што нехта спрабуе перападацца ў іншых гарадах. Нехта падае апеляцыю, чакае судоў, але гэта не мой варыянт: трэба рухацца далей».

На думку Арцёма, такія несправядлівыя рашэнні маюць палітычнае адценне:

«У Турцыі цяпер крызіс. І той жа рост цэнаў на арэнду, напрыклад, спрабуюць павесіць на замежнікаў, але не на вар'яцкую інфляцыю».

Журналісты звярнуліся па каментар у міграцыйныя турэцкія органы і арганізацыі, якія дапамагаюць замежнікам з легалізацыяй.

Глядзіце таксама

«З сакавіка 2022 года для турыстычнага ВНЖ патрэбна больш доказаў»

У Кансультацыйным цэнтры для замежных грамадзян (Foreign Citizens Advice Centre) расказалі, што з сакавіка 2022 года тыя, хто падае заяўку на атрыманне дазволу на жыхарства на падставе турызму, павінны падаваць больш доказаў сваёй турыстычнай дзейнасці — напрыклад, квіткі на самалёт і бронь гасцініц.

«Гэтыя правілы распаўсюджваюцца на ўсіх, і ніякія канкрэтныя нацыянальнасці тут не выдзяляюцца. У гэтым выпадку адмова на ВНЖ азначае, што заяўнік не адпавядае патрабаванням да канкрэтнага дазволу на жыхарства», — расказалі ў арганізацыі, не адказаўшы, чаму раней гэты самы чалавек з такім жа пакетам дакументаў ВНЖ атрымліваў, а цяпер яму адмовілі. «Замежнік можа падаць апеляцыю на рашэнне па адмове, але не можа заставацца ў Турцыі, пакуль апеляцыя разглядаецца».

У Кансультацыйным цэнтры таксама адзначылі, што ў Турцыі існуюць і іншыя шляхі атрымання ВНЖ: «Чалавек можа купіць нерухомасць, або атрымліваць дзяржаўную пенсію, або інвеставаць у Турцыю, а таксама скарыстацца некаторымі іншымі магчымасцямі, уключаючы падачу заявы на атрыманне дазволу на працу».

З гэтага спісу апошняя опцыя тэарэтычна магла пасаваць Арцёму, але ён зноў падкрэслівае: «Праблема ў тым, што той жа працоўны ВНЖ робіцца праз працоўную візу ў іншай краіне, а ў Беларусь вяртацца я не планую для гэтага па зразумелых прычынах. А працы для айцішнікаў у самой Турцыі няма, асабліва для замежных».

Таксама нядаўна стала вядома, што Турцыя запусціла сваю праграму віз для «лічбавых качэўнікаў». З абавязковых патрабаванняў: пацверджанне аддаленай працы і штомесячны заробак ад трох тысяч даляраў ЗША.

«Думаю, рухацца ў бок ЕС ці ЗША»

Арцёма засмучае становішча беларусаў у сённяшнім свеце: «Мы і не рускія, і не ўкраінцы. Шмат якія праграмы падтрымкі для нас недаступныя (у краінах Азіі — тым больш), а нехта лічыць нас памагатымі тэрору. У Турцыі, напрыклад, шмат хто нас не ўспрымае як асобную краіну, а па змоўчанні лічыць Расіяй.

У сакавіку 2022-га мяне не пусцілі ў Польшчу з Украіны, сказаўшы, што я магу вяртацца ў Беларусь, там вайны няма. Пазней я хацеў атрымаць візу па праграме PBH, але як толькі пачаў прапрацоўваць пытанне, яе зачынілі.

Цяпер я паехаў у Грузію. Але разумею, што гэта не краіна для ПМЖ, а часовае сховішча. Думаю рухацца ў бок ЕС ці ЗША ў будучыні».