У Польшчы загінуў беларус, яго знайшлі ў порце. Што вядома?

У польскім порце знайшлі цела грамадзяніна Беларусі. Ён перастаў выходзіць на сувязь яшчэ ў лютым. У Польшчу з’ехаў праз палітычны пераслед.

Фота паліцыі Польшчы

Фота паліцыі Польшчы

36-гадовы беларус, якога знайшлі загінулым у порце на Памор'і, хутчэй за ўсё, знік яшчэ ў лютым, стала вядома MOST. Яго пакуль не ўдалося апазнаць з-за моцнай змены цела: верагодна, яно доўга праляжала ў вадзе. Але знаёмы мужчыны апазнаў яго рэчы. Выданне пагаварыла з крыніцай, знаёмай з сітуацыяй.

Нагадаем, беларуса знайшлі ў акваторыі рыбнага порта ў Ястарне 9 красавіка. Дрэйфуючае цела заўважыў экіпаж катэра, які праходзіў міма. Пра інцыдэнт аператыўна паведамілі паліцыі і ратавальнікам. У порце тэрмінова пачалі выратавальную аперацыю, але мужчына быў ужо мёртвы.

Паводле наяўнай інфармацыі, загінулым можа быць Павел Б. Ён перастаў выходзіць на сувязь яшчэ 21 лютага. Тады знаёмыя падалі ў паліцыю заяву аб знікненні чалавека, а затым сваякі здалі ўзоры ДНК. Але дагэтуль пошукі не прыносілі выніку.

Апазнаць мужчыну пакуль не ўдалося: у вадзе цела раздзьмулася. Але знаёмы Паўла апазнаў яго абутак — ён насіў туфлі на незвычайнай падэшве, падобнай на сланцы. 16 красавіка апазнанне павінна быць праведзенае паўторна: сваякі перадалі спіс асаблівых прыкмет мужчыны, у тым ліку радзімак.


Глядзіце таксама

З'ехаў праз палітыку, стараўся ўсім дапамагаць

Паводле слоў знаёмых Паўла, ён прыехаў у Польшчу ў канцы 2020 або пачатку 2021 года з-за палітычнага пераследу. Крыніца сцвярджае, што мужчына не быў асабліва палітычна актыўным і на акцыю пратэсту ў 2020 годзе пайшоў хутчэй за кампанію. Але там яго затрымалі, а пазней Павел даведаўся, што супраць яго распачатая крымінальная справа. Пакуль не наклалі абмежаванне на выезд, ён з'ехаў у Польшчу, дзе нейкі час жыў у цэнтры для замежнікаў.

З часам Павел легалізаваўся ў Польшчы: атрымаў карту пабыта і праязны дакумент замежніка. Мяркуецца, што гэтыя дакументы маглі быць пры ім, калі ён знік.

Суразмоўца мяркуе, што Павел мог паехаць як раз у цэнтр для замежнікаў у вёсцы Група пад Грудзёнцам. Там у яго былі знаёмыя. Гэты горад знаходзіцца ў нізоўях Віслы. Калі мужчына трапіў у ваду там, то цячэннем яго магло вынесці ў Балтыйскае мора.

Незадоўга да знікнення ён паведаміў, у каго яшчэ да паездкі-пакінуў свае рэчы. Там жа былі грошы і беларускія дакументы.

Знаёмыя характарызуюць Паўла як лагоднага, спагадлівага, спакойнага, сарамлівага чалавека. Ён усім стараўся дапамагчы. Мужчына вельмі сумаваў па бацьках, таму вымушаная эміграцыя давалася яму нялёгка.

Наколькі вядома, калі яго ўдасца апазнаць, родныя хацелі б забраць яго дадому ў Беларусь.