«Ніколі не сустракала столькі добрых людзей». Для спявачкі-эмігранткі сабралі грошы за тры дні

Пра тэрміновы ад’езд з Беларусі былой салісткі Брэсцкай філармоніі Аляксандры Момінавай нядаўна пісалі незалежныя медыя. Яна з трыма дзецьмі аказалася за мяжой у складанай жыццёвай сітуацыі, але неабыякавыя беларусы хутка дапамаглі сям'і.

Фота з асабістага архіва Аляксандры Момінавай

Фота з асабістага архіва Аляксандры Момінавай

Былая салістка Брэсцкай філармоніі і выкладчыца Брэсцкага музычнага каледжа Аляксандра Момінава ў пачатку сакавіка пакінула Беларусь з трыма дзецьмі і 500 доларамі ў кішэні. Сям’я дагэтуль шукае жыллё: гэта стала галоўнай праблемай.

Праз BYSOL для Аляксандры і яе сям’і сабралі 3000 еўра ўсяго за тры дні. Спачатку берасцейка не хацела прасіць пра дапамогу: разлічвала справіцца сваімі сіламі. Але адначасова зарабляць на жыццё, уладкоўваць дакументальныя пытанні і шукаць кватэру выявілася немагчымым.

Журналісты BGmedia паразмаўлялі з зямлячкай пра яе сённяшнія абставіны і перадгісторыю ўцёкаў.

«Магу сказаць, што мне вельмі шмат дапамагаюць, — распавядае спявачка. — Дзесьці парадай, дзесьці падказаць, дзесьці матэрыяльна. Я ніколі не сустракала такую колькасць добрых людзей. Людзі, якія не свецяцца ў медыя і так далей, проста валанцёры, хлопцы маладыя прыязджаюць, прадукты прывозяць для дзяцей».

Зараз Аляксандра з дзецьмі жыве ў знаёмай у Вроцлаве. Учатырох змяшчаюцца ў адным пакоі. Грошы ад BYSOL ужо атрымалі, таму настрой больш пазітыўны.

«Нейкі час будзем у нармальным, спакойным настроі. Усё добра ў нас, ніхто нас не кінуў. Ніколі яшчэ не атрымлівала я ад адносін з людзьмі такой добрай энергетыкі».

Аляксандра атрымала больш за 50 адмоў у здачы кватэры. Многія адмаўлялі адразу, калі чулі пра траіх дзяцей. Але асноўная праблема — патрэбная працоўная дамова. Напрыклад, па адным варыянце быў папярэдні досвед здачы кватэры ўкраінцам, якія нейкі час не маглі плаціць, але гаспадары пакінулі іх жыць. Цяпер у саміх гаспадароў змяніліся абставіны да горшага, і яны разлічваюць на кватэру як крыніцу даходу. Таму не дапамагла нават прапанова заплаціць наперад за пяць месяцаў.

Пасля хадзьбы самастойна па ўсіх справах, адкрыцця рахункаў, атрымання нумароў PESEL, уладкавання дзяцей у школу і г.д. Аляксандра на дастатковым узроўні размаўляе па-польску. Дапамагае тое, што ў 2021 годзе прайшла экстрым-курс польскай мовы.

Спачатку сям’я спрабавала ўладкавацца ў Варшаве. Аляксандра працавала прыбіральшчыцай у грумерскім салоне, амаль знайшла іншую працу. Але скончыліся грошы, а заробкі не пакрывалі выдаткаў на жыццё. Урэшце лёс прывёў у Вроцлаў, дзе ёсць гуманітарнае жыллё для палітычных уцекачоў з Беларусі. Там можна было пажыць месяц, але за гэты час не ўдалося знайсці працу і новае жыллё. Тады берасцейка і звярнулася за дапамогай.


Глядзіце таксама

Чаканне перамен

Прыхільніцай дзеючай улады Аляксандра Момінава не была і да 2020 года.

«Яшчэ мае бацькі калісьці шапталіся на кухні, што яны незадаволеныя Лукашэнкам. Горад маленькі (Аляксандра вырасла ў Кобрыне), яны людзі інтэлігентныя. У нас былі знаёмыя, сябры з міліцыі, таму ўслых гэта не гаварылася, — распавядае Аляксандра. — Ніхто з нас ужо тады не галасаваў за Лукашэнку. Калі я вучылася ў Акадэміі музыкі, я памятаю, што таксама за Лукашэнку не галасавала. Здаецца, за Шушкевіча. Але я не выходзіла на дэманстрацыі».

Яшчэ ў 2019 годзе было чаканне, што на наступных выбарах штосьці зменіцца. Аляксандра назірала, што большасць людзей вакол яе супраць Лукашэнкі. Перамены здаваліся непазбежнымі.

«Я пайшла галасаваць (9 жніўня 2020 года) у святочнай сукенцы, макіяж зрабіла. Калі я прыйшла, гляджу — наш валанцёр-назіральнік сядзіць на вуліцы, яго выставілі. Я яму сэрца паказала рукамі. Ён кіўнуў. Але я бачыла, што не вельмі ён шчаслівы».

Участак Аляксандры размяшчаўся ў Музычным каледжы, і туды хадзіў галасаваць увесь аблвыканкам, гарвыканкам, усё кіраўніцтва горада. А атрымалася так, што на ўчастку перамагла Ціханоўская. Гэта выклікала шмат шуму. Галавой камісіі быў былы дырэктар каледжа, якому потым параілі звольніцца «па ўзаемным жаданні». Ён хутка з’ехаў за мяжу.

Хоць спявачка ўдзельнічала ў маршах і іншых акцыях, у 2020 годзе сілавікі яе не заўважылі.

«Мы былі смелыя і ўпэўненыя ў тым, што ўсё адбудзецца хутка. А зараз у людзей жах канкрэтны. Усе маўчаць. Вельмі запужаныя».

Паводле слоў Аляксандры, да пачатку вайны ва Украіне людзі маральна трымаліся, а потым стала менш надзеі. Тады накрыла другой хваляй. Яна па-ранейшаму верыць, што Беларусь будзе вольнай, і не можа быць іначай. Але цяпер стала зразумела, што не так хутка, як хацелася б.


Глядзіце таксама

«Лепей для дзяцей»

У гэты перыяд давялося змагацца з дэпрэсіяй, з якой Аляксандра сябе выцягвала дзеля дзяцей.

«Калісьці ў 2015 годзе мяне было анкалагічнае захворванне. Мае дзеці маглі застацца без маці. Зараз для мяне самае галоўнае — каб мае дзеці выраслі людзьмі. Мая дачка прыходзіла са школы (у Беларусі), дзе ім пастаянна ўлівалі ў вушы «красно-зеленую плесень». А яна ў мяне займаецца гісторыяй і грамадазнаўствам. І для яе было вельмі цяжка, калі ў вочы і вушы настаўніца лье адно, а яна ведае, як яно адбываецца на самай справе. Такі дысананс для дзіцяці — вельмі страшна».

Магчыма, тое, што эміграцыя ўсё ж здарылася, — лепей для дзяцей, лічыць суразмоўца.

Калі пачалася вайна ва Украіне, Аляксандра звольнілася з філармоніі з-за сваіх поглядаў. Усю вясну ішлі канцэрты «Песні перамогі», і берасцейка зразумела, што проста не можа спяваць.

«Мяне ніхто не зразумеў, а я тлумачыла: маю камяк у горле, калі сазвоньваюся са сваёй сяброўкай ва Украіне, яна сядзіць у падвале і я чую, як вакол яе ляцяць снарады. Мы з сяброўкай проста разам плакалі ў трубку. Украіна — адна з самых прыгожых краін, адзіная, куды я магла дазволіць сабе па грошах звазіць дзяцей на мора. І калі я бачыла, як бамбяць нашу любімую Затоку, у мяне сэрца крывёй аблівалася», — распавядала Аляксандра «Нашай Ніве».

Непасрэдным штуршком для выезду стала тое, што восенню 2023 года Аляксандру выклікалі ў міліцыю, бо на яе была заведзеная адміністрацыйная справа. У жанчыны было два акаўнты ў інстаграме, і сілавікі знайшлі той, якім яна не карысталася. Сярод соцень падпісак там засталіся падпіскі на «Белсат» і «Люстэрка», да іх і былі прэтэнзіі ў міліцыі. І яшчэ да суда ў каледж, дзе жанчына працавала 21 год, прыйшла папера пра заведзеную адміністратыўку, з-за якой яе мусілі звольніць.

Аляксандру судзілі — вынікам стаў штраф у 15 базавых велічынь (555 рублёў). А праз некалькі дзён з працы выклікалі ў пракуратуру і правялі размову — маўляў, калі ў яе знойдуць нешта яшчэ, ёй будзе горш.

Усёй сям’і хутка выдалі польскія гуманітарныя візы. А 28 лютага Аляксандры зноў пазванілі з пракуратуры — папрасілі прыйсці «для высвятлення нейкіх абставінаў». Тады і саспела рашэнне тэрмінова з’язджаць.

«Тут, калі прыехала, у мяне было такое захапленне ад людзей! Людзі, які самі ледзьве-ледзьве на ногі сталі, сваё апошняе аддаюць. Грошы, якія ім на картку даслалі, вось як і нам, яны дасылаюць іншым, калі хтосьці ў чаце піша, што нават няма чаго паесці. Калі чалавек добры, ён не загіне. Ён будзе на падхопе ўсюды і з усімі. Дапамогуць па-любому. Хоць ежай, хоць капейкай. Яшчэ магу сказаць, што многа хто крычыць, канешне. Але другая палова людзей — гэта людзі, якія не крычаць, а проста бяруць і робяць».


Фота з асабістага архіву Аляксандры Момінавай

Фота з асабістага архіву Аляксандры Момінавай

«Ні аб чым не шкадую»

Аляксандра будзе намагацца далей рабіць справу свайго жыцця — спяваць. Хоча застацца ў прафесіі і мае шмат задумак. Але зараз яшчэ не да спеваў. «Амаль два месяцы я «не адкрывала рот». Ну нічога, адкрыецца».

Разам з беларускай арганісткай Аляксандра хоча зрабіць праект у касцёле: арган з вакалам. З ёй таксама звязаўся оперны тэатр у Вроцлаве, дзе параіў прайсці праслухоўванне оперны спявак Ілля Сільчукоў. Але пакуль проста няма часу туды дайсці.

«Калі трэба ўладкаваць дзяцей у школы, аформіць усе дакументы, гэта патрабуе вельмі шмат часу. Я гэта ўсё раблю сама. Я не прасіла дапамогі, бо спадзявалася на свае сілы. Я і прыехала сюды жвавая. Калі спачатку прыехалі ў Варшаву, я па 15 кіламетраў у дзень нагамі выходжвала. Бегала па фундацыях, бегала ў пошуках працы, хапалася за ўсё. Першым пытаннем было, што жылля няма. Урэшце мы апыніліся у Вроцлаве. І я ні аб чым не шкадую, шчыра кажучы. Мабыць, мяне сюды Бог прывёў».

«У мяне ніколі не было ў жыцці столькі сяброў. Гэтых людзей я магу канкрэтна назваць сябрамі. Гэта не знаёмыя, не прыяцелі. І я ўсімі сіламі буду іншым дапамагаць. Я ўжо вучуся ў гэтых людзей гэта рабіць. Я ведаю, што калі стану на ногі, я ў першую чаргу пачну дапамагаць такім жа беларусам».