«Толькі ў Лідзе 1000 жадаючых». Чаму дае збоі новая сістэма рэгістрацыі на польскую візу

Новыя правілы рэгістрацыі на атрыманне візы ў Польшчу ўсур’ёз турбуюць беларусаў, бо гэтая краіна — галоўны кірунак міграцыі жыхароў лукашэнкаўскага «кавалачка зямлі». Адпаведна сваякі хочуць сустрэцца з імі, таму і вырашаюць візавае пытанне. Як гэта зараз адбываецца, можна пачытаць тут, але выданне MOST таксама вывучыла тэму.

Фота up-study.ua

Фота up-study.ua

4 красавіка візавыя цэнтры VFS Global змянілі сістэму рэгістрацыі на падачу дакументаў. Цяпер рэгістравацца трэба індывідуальна, а для пацверджання асобы заяўніка неабходны арыгінал пашпарта і прылада з камерай. Пры рэгістрацыі сям'і верыфікацыю дастаткова прайсці аднаму паўналетняму члену. Але тады пры асабістым наведванні візавага цэнтра трэба падаць дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва.

З дапамогай такой меры візавыя цэнтры хацелі ліквідаваць перапродаж месцаў пасярэднікамі. Але многім яна дадала цяжкасцяў.

«У мамы няма нават «Тэлеграма». Як яна гэта зробіць?»

Максім жыве ў Польшчы. Ён некалькі месяцаў збіраў дакументы, каб зрабіць маме гасцявое запрашэнне для афармлення візы. Калі яно было гатова, заставалася запісаць жанчыну ў візавы цэнтр на падачу дакументаў. Для гэтага Максім звярнуўся да пасярэдніка.

— Заплаціў прыкладна 600 рублёў і чакаў, калі прыйдзе доўгачаканае паведамленне з датай і часам на падачу, — распавядае мужчына. — Праз некалькі тыдняў чакання я нагадаў пра сябе. Мне сказалі, што пакуль няма свабодных слотаў на травень, трэба чакаць, калі з'явяцца.

5 красавіка Максім атрымаў паведамленне ад пасярэдніка. Ад яго ён даведаўся, што правілы змяніліся і пакуль запісаць маму на падачу дакументаў немагчыма.

— Ён даслаў мне інструкцыю, як цяпер трэба дзейнічаць. Аказалася, маёй маме трэба праходзіць толькі фотаверыфікацыю, бо яна старэйшая за 60 гадоў. Але для яе гэта ўсё роўна вельмі складана. Паводле інструкцыі, у яе заўсёды з сабой павінен быць тэлефон або кампутар з камерай. Пасля рэгістрацыі ў спецыяльным тэлеграм-боце трэба чакаць спасылку для праходжання фотаверыфікацыі. Але на гэта даецца ўсяго пяць хвілін. А ў маёй мамы нават «Тэлеграма» няма. Як яна гэта зробіць?

Пакуль Максім не знайшоў выйсця з сітуацыі. Ён спадзяецца, што ў бліжэйшы час зможа знайсці чалавека, які дапаможа яго маме справіцца з верыфікацыяй.


Глядзіце таксама

«Сістэма проста не вытрымлівае»

Аб збоях паведамляюць і тыя, хто з новымі тэхналогіямі на ты. Візавы спецыяліст Кірыл тлумачыць гэта тым, што сістэма яшчэ не адладжаная, а нагрузка на яе высокая.

— Сістэма працуе дрэнна, бо яна новая. Трэба час для адаптацыі сайта візавага цэнтра і сістэмы МС. Да таго ж цяпер многія заходзяць на сайт толькі з цікаўнасці і такім чынам яго перагружаюць. Людзям нарэшце далі магчымасць самім запісацца на падачу, таму яны не хочуць губляць момант і заходзяць на сайт кожныя 5-10 хвілін. У момант, калі выкідваюцца даты, усе кідаюцца на сайт для верыфікацыі-і сістэма проста не вытрымлівае.

Напрыклад, 11 красавіка пры раздачы новых слотаў у Мінску, Магілёве і Гомелі «сістэма верыфікацыі зламалася і ўвесь дзень не працавала».

Акрамя таго, суразмоўца адзначае, што цяпер візавыя цэнтры даюць вельмі мала месцаў на падачу дакументаў. Паводле яго інфармацыі, на працоўную візу ў Лідзе нядаўна выдалі толькі 12 месцаў на дзень, хоць жадаючых каля 1000.


Глядзіце таксама

«Памочнікі застаюцца за бортам»

Кірыл прызнае, што распрацоўнікам удалося прыбраць з сістэмы рэгістрацыі нядобрасумленных пасярэднікаў.

— Так званыя «памагатары» застаюцца за бортам, і наогул фірмы больш не змогуць рэгістраваць людзей.

Але ў гэтага ёсць і мінусы. Кірыл кажа, што новыя правілы вельмі ўскладняюць рэгістрацыю перш за ўсё людзям ва ўзросце.

— Я лічу, што для пенсіянераў трэба прыбраць верыфікацыю. Многія з іх дагэтуль карыстаюцца кнопкавымі тэлефонамі без камер. Але гэта не перашкаджае ім ездзіць да сваякоў або проста падарожнічаць. Цяпер атрымліваецца, пенсіянерам трэба купіць новыя тэлефоны і на ўзроўні маладых людзей умець імі карыстацца. Хоць нават гэта не гарантуе поспех у запісе.

Прайсці верыфікацыю складана з-за змены знешнасці

Таксама Кірыл незадаволены працай колл-цэнтраў. Да спецыялістаў па дапамогу можна звярнуцца, толькі калі не ўдалося прайсці верыфікацыю з пятага разу. У гэтым выпадку на сайце з'яўляецца спасылка, пасля націску на якую заяўніка павінны злучыць са спецыялістам. Але яму таксама ў рэжыме рэальнага часу трэба паказаць спачатку свой твар, затым пашпарт — і толькі потым ён дапаможа прайсці верыфікацыю. Спасылка, паводле інфармацыі Кірыла, часта не спрацоўвае. А дапамога патрэбная вялікай колькасці людзей.

Часта прайсці верыфікацыю складана і з-за змены знешнасці.

— Напрыклад, дзяўчына атрымала пашпарт у 2018 годзе, а падаецца на візу ў 2024 годзе. За шэсць гадоў яна змяніла прычоску, пафарбавала валасы ў іншы колер і трохі паправілася. Усё, сістэме гэтага хопіць, каб яна не прайшла верыфікацыю.