Хронікі рэпрэсій за 23 снежня: сілавікі заявілі пра «хапун» за рассылку ад «Сумленных людзей»

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.

12_122.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1502 дні, Дзяніс — 1382

***

Пасля падзей 2020 года беларусы рознымі спосабамі выказваюць пратэст супраць дзеянняў уладаў, піша «Вясна». Некаторыя выяўляюць нязгоду з дапамогай дзяржаўнай сімволікі: зрываюць чырвона-зялёныя сцягі з будынкаў і ламаюць дрэўкі або пакідаюць публічныя каментары пра дзяржаўны сцяг. Падобныя дзеянні ўлады кваліфікуюць, як «здзек з дзяржаўных сімвалаў». За апошнія чатыры гады паводле арт.370 Крымінальнага кодэкса асудзілі як мінімум 211 чалавек на 285 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Па гэтым артыкуле пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. 

***

Фігуранта «справы Ціханоўскага» Уладзіміра Кнігу абвінавачваюць у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі» (арт. 411 КК), піша фонд «Краіна для Жыцця».

Судзіць Кнігу пачнуць у студзені 2025 года. Гэта ўжо другі суд над актывістам за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». У 2023 годзе мужчыну дадалі год да тэрміну, абвінаваціўшы ў з«лосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі».

Праваабаронцам вядома, што Кнігу часта адпраўляюць у ПКТ. Акрамя таго, паводле інфармацыі праваабаронцаў, ён пазбаўлены спатканняў, званкоў і перадач.

Ужо больш за год Уладзіміра ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада, пра яго стан нічога не вядома.

Уладзімір Кніга — былы сілавік, валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 4 чэрвеня 2020 года пасля пікету Святланы Ціханоўскай у Гродне. Пазней яго судзілі па артыкулах аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК), «гвалце альбо пагрозе гвалтам у дачыненні да супрацоўніка органа ўнутраных спраў» (арт.364 КК) і прысудзілі да 4 гадоў калоніі.

Уладзімір жанаты, мае двух непаўнагадовых дзяцей.

***

Брэсцкі абласны суд прысудзіў арт-менеджара і блогера Аляксандра Чахоўскага да 7 гадоў калоніі, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Суд вынес вырак 13 снежня, але вынікі сталі вядомыя толькі сёння. Таксама блогера абавязалі выплаціць штраф у памеры 800 базавых велічынь.

У верасні Вярхоўны суд адмяніў справу супраць блогера і накіраваў яе на новы разгляд. Прысуд у дачыненні да Андрэя Павука, Вольгі Павук, Маргарыты Ляўчук, Іллі Салянкова і Уладзіслава Наважылава пакінулі без змены.

Аляксандра Чахоўскага судзяць у межах справы супраць «экстрэмісцкага фарміравання» «Рудабельская паказуха». У кастрычніку на блогера завялі новую крымінальную справу. Яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (чч.1 і 2 арт.361-4 КК) і «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (ч.1 арт.361-1 КК).

У чэрвені Брэсцкі абласны суд завочна прысудзіў блогера Андрэя Павука і яго жонку Вольгу да 12 гадоў і 8 гадоў калоніі адпаведна. Па гэтай жа справе асудзілі Маргарыту Ляўчук, Іллю Салянкова, Уладзіслава Наважылава за ўдзел у «экстрэмісцкім фарміраванні». Іх прысудзілі да тэрмінаў ад 6 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Аляксандр Чахоўскі асуджаны па артыкулах аб «абразе прадстаўніка ўлады» і «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» (арт.370 КК). Яму прызначаны арышт на тры месяцы.

***

20 снежня 2024 года ў Бярозе пачаўся суд над Марыяй Васілеўскай, Уладзіславам Чыжом, Андрэем Філютам і Дзянісам Дэмасюком. Усіх іх абвінавачваюць паводле ч.1 арт.342 КК («Групавое парушэнне грамадскага парадку»).

Як паведамляе «Брэсцкая Вясна», Дэмасюк да арышту з'яўляўся намеснікам дырэктара па ідэалогіі ТАА «Белінвестторг-сплаў», размешчанага ў Белаазёрску.

Праваабаронцы нагадваюць, што некалькі месяцаў таму ў Бярозе пачалі судзіць мясцовых жыхароў, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах. Іх падзялілі на групы. Суд, які пачаўся 20 снежня, чацвёрты па ліку.

***

Былую палітзняволеную актывістку з Паставаў Ірыну Паляніну абвінавачваюць па артыкуле аб парушэнні Дэкрэта №7 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе», піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю»Яе пачалі судзіць сёння, 23 снежня, у судзе Пастаўскага раёна.

У лістападзе Паляніну арыштавалі на сем сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП). Яе прызналі вінаватай у рэпостах публікацый «Белсата», «Хартыі-97», каналаў «Nexta» і «Рэальная Беларусь» у «Аднакласніках». .

Ірына Паляніна — былая палітзняволеная. У красавіку 2021 года актывістку асудзілі на два гады калоніі па артыкулах аб «абразе прадстаўніка ўлады» і «незаконных дзеяннях у дачыненні да зброі» (арт.арт.369 і 295 КК).

13 лістапада суд парацягнуў Палянінай прэвентыўны нагляд яшчэ на два гады.

***

У судзе Лепельскага раёна 23 снежня пачалі судзіць Аляксея Маладыка. Яго вінавацяць паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»), пішуць праваабаронцы.

Верагодна, гаворка ідзе пра 41-гадовага жыхара Віцебшчыны, які знік з сацсетак 23 кастрычніка гэтага года. Справу супраць яго разглядае Міхаіл Юрчанка.

Агулам у Беларусі паводле арт.370 КК асудзілі мінімум 211 чалавек.

***

У Оршы за «распаўсюд экстрэмізму» (ч.2 арт.19.11 КаАП) асудзілі дэпутата Бараньскага гарсавета Юрыя Аністраткіна, заўважыў тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».

Справу ў дачыненні да Аністраткіна разглядалі 20 снежня ў судзе Аршанскага раёна. Вынікі судовага працэсу невядомыя.

Юрый Аністраткін працуе слесарам-рамонтнікам водазабораў у Барані і Балбасава. Ён быў дэпутатам мясцовага гарсавета 28 склікання і сёлета быў пераабраны ў 29-е скліканне.

***

Блізкі да сілавікоў ТГ-канал напісаў пра затрыманне «больш за дзясятак асоб» праз рассылку, якая прыйшла ім ад ініцыятывы «Сумленныя людзі», паведамляе «Медыязона».

Аўтары канала пішуць, што рассылка прыйшла ім праз бот «Сумленны выбар», запушчаны камандай ініцыятывы. Яны таксама сцвярджаюць, што Новы год затрыманыя «правядуць у ізалятары».

Выданне «Наша Ніва» звярнулася па каментар да лідаркі ініцыятывы Алены Жываглод. Тая пацвердзіла рассылку, але дадала, што паведамленні адпраўляліся не ў працоўны час, як пішуць праўладныя каналы, а «пасля 18-й вечара». Рассылка была адпраўлена 16 снежня тым, хто раней узаемадзейнічаў з ботам (ён быў створаны перад рэферэндумам 2022 года).

«Што тычыцца нашай адказнасці за камунікацыю ў "экстрэмісцкіх каналах", то для нас гэта сапраўды этычна няпростае рашэнне. Паміж тым, каб камунікаваць у такіх умовах ці не камунікаваць наогул, мы выбралі першае. Так, за падпіску на бот "Сумленны выбар", тэлеграм-канал і ютуб-канал "Сумленныя людзі" можа наступіць адказнасць па версіі лукашэнаўскага заканадаўства. Але роўна як за падпіску на любое іншае незалежнае выданне ці арганізацыю. Мы хочам верыць, што людзі прымаюць рашэнне падпісвацца ці не, свядома, а таксама клапоцяцца пра сваю бяспеку», — сказала Алена Жываглод.

Лідарка «Сумленных людзей» таксама выказала ў каментары выданню думку пра тое, што допісы ў праўладных каналах могуць не адпавядаць рэчаіснасці, а быць часткай прапаганды.

Бот «Сумленны выбар» быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў 2024 годзе, а саму ініцыятыву «Сумленныя людзі» ўлады лічаць «экстрэмісцкім фарміраваннем».

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Максіма Знака — 691 дзень, Мікалая Статкевіча — 685 дзён, Ігара Лосіка — 676 дзён, Віктара Бабарыкі — 614 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 544 дні, Уладзіміра Гундара — 507 дзён, Аляксандра Арановіча — 202 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1294 чалавекі.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1411 чалавек. Сярод іх — 172 жанчыны і 3 непаўнагадовых. 24 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.