«Ну ўсё, ты цяпер у нас "палітычны"». Гісторыя былога палітвязня

Шмат каго сілавікі забіраюць за каментары ў закрытых суполках і чатах. Менавіта так — за «абразу» Лукашэнкі — давялося адседзець герою гэтай гісторыі.

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»

Ілля (імя зменена ў мэтах бяспекі) жыў у адным з раённых гарадоў, працаваў на буйным прадпрыемстве, меў высокі заробак і ўваходзіў у склад рабочага тэлеграм-чата. За што і адбыў тры з паловай гады калоніі паводле дыфамацыйных артыкулаў. Цяпер ужо былы палітвязень расказаў «Вясне» пра тое, які шлях яму давялося прайсці.

Мы ў чаце пачалі дзяліцца думкамі

Я вызваліўся на пачатку чэрвеня 2024 года. Першыя пару дзён пасля вызвалення было дзіка — напрыклад, адзін раз мяне напалохаў сіні «бусік». Падумаў: «Зноў сустракаюц»ь. Мне трошкі прасцей было, таму што праз сваю прафесію я быў пастаянна ў камандзіроўках, так што маё зняволенне — як «зацягнуты ад'езд». Асіміляваўся пасля вызвалення хутка. Бо, паўтаруся, праз працу я па паўгода за год з перапынкамі быў у раз'ездах, то-бок прывык быць не дома. Адпаведна, калі мяне не было тры месяцы, то цяпер, падчас зняволення, мяне не было тры гады. І, паводле адчуванняў, розніца была невялікая — літаральна за пару дзён яна нівелявалася. Бо арганізм псіхалагічна прывыкае да розных умоў.

Дыфамацыйных артыкулаў у мяне было тры, сярод іншага  і «абраза» Лукашэнкі. У нас быў закрыты чат сярод калег, і мы там размаўлялі спачатку на вытворчыя тэмы, вырашалі без начальства больш аператыўна нейкія пытанні. І абмяркоўвалі розныя моманты. І калі пачалася ўся гэтая дзвіжуха ў 2020 годзе, натуральна, тэма стала актуальнай, і мы ў чаце пачалі дзяліцца думкамі. І за некаторыя такія меркаванні... Да гэтага часу не ведаю, як да іх трапіў гэты чат, бо ён быў закрыты, толькі сярод нашых калег. І вось там яны паглядзелі ўсе гэтыя каментары, і з 17 чалавек семярых пасадзілі.

Проста ваенізаваныя дзядзькі

Вясной 2021 года мяне затрымалі. Спачатку пасадзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а на дзявятыя суткі далі першы артыкул 368 [«Абраза» Лукашэнкі], а потым восенню зверху накінулі артыкулы 130 [«Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»] і 369 [«Абраза прадстаўніка ўлады»].

Затрымлівалі мяне дома. Я прачнуўся праз тое, што мяне ласкава тузае па плячы супрацоўнік АМАПа. Я спаў у ложку з сынам пасля працы. Было спакойна, без крыкаў  можа, таму што дзеці спалі. Так што нешта чалавечнае месцамі праскоквае ў іх. Сказалі: «Збірайс»я. Нічога толкам не патлумачылі, жонцы таксама нічога не сказалі, куды мяне забіраюць. Толькі таму, што ў аднаго на бронекамізэльцы было напісана «АМАП» і адзін быў у форме (напэўна, участковы), можна было зразумець, што гэта міліцыя. А так наогул нейкія проста ваенізаваныя дзядзькі.

І павезлі у «бусіку». І ўжо калі мы ехалі, яны пыталіся: «Ну што, ты здагадваешся, за што мы цябе?» Я кажу: «Я нікога не забіваў, нічога не краў, значыць, па палітыцы». Яны кажуць: «Правільна».

Цэлая спецаперацыя

Адвезлі ў мясцовае РУУС. І нас туды звезлі ўсю банду з чата. Цэлая спецаперацыя ў іх была: і з працы забіралі людзей, і з дамоў — усіх, хто быў у гэтым чаце. Нават чалавека прывезлі, які жыў у суседнім горадзе. Мяне спачатку дапыталі, потым павезлі на агляд (яны шукалі прычыну, па якой мяне «закрыць», думалі, што можа нейкі рэшткавы алкаголь у мяне ёсць). Пасля абеду прывезлі чалавека з суседняга горада. Ён быў, дарэчы, стваральнікам гэтай тэлеграм-суполкі.

Увогуле, на ІЧУ засталося дзесьці чатыры чалавекі з нас. Астатніх адразу адпусцілі, але потым некаторых зноў забралі. Сярод гэтых чатырох быў і я. Нам спачатку ўсім па 10 сутак далі. У ІЧУ быў спецыяльны пакойчык, туды прыехаў суддзя, нас выпусцілі з камеры. Суддзя нібыта нават нейкія пытанні задаваў... Ну і ,натуральна: «У нас няма прычын не верыць супрацоўнікам унутраных органаў, ідзіце сядзіце далей за непадпарадкаванне законным патрабаванням». Нібыта я не падпарадкаваўся законным патрабаванням, калі мяне папрасілі прайсці з імі.

«Ну ўсё, цяпер ты ў нас "палітычны"»

Пакуль былі гэтыя 10 сутак, яны, мабыць, шарсцілі наш чат і шукалі, каго за што пасадзіць. Наконт каго былі адразу пытанні – у чацвярых – нас адразу «закрылі». А ў астатніх шукалі, каму і што прад'явіць. Яны ж глядзелі тэлефоны ў тых, каго забралі. У мяне гэты чат быў выдалены і пачышчаны, а ў двух чалавек — не.

На дзявятыя суткі ўвечары, амаль а пятай гадзіне, мы думалі: «Ну ўсё, пранесла, зараз 10 сутак пройдзе – і звальваем, і будзем куды-небудзь уцякаць з краіны». Толькі расслабіліся – нас клічуць уніз, там сядзяць аператыўнікі і даюць паперкі: «Вось, распішыцеся, на вас узбуджаны 368-vs артыкул» («Абраза» Лукашэнкі). І ўсё  вярнулі ў камеру, на наступную раніцу перавялі з камеры для адміністрацыйна асуджаных ужо да крымінальнікаў. І адразу ж забралі матрацы. Сам паставы міліцыянт сказаў: «Ну ўсё, ты цяпер у нас "палітычны", таму трэба забраць матрацы».

З канца ліпеня – пачатку жніўня справу перадалі ў вобласць, калі з'явіўся 130-ты артыкул. Мабыць, летам нешта знайшлі, правялі экспертызы. Я так зразумеў, экспертаў мала па такіх справах, і таму вялікая чарга была. І таму я чакаў з лета амаль да кастрычніка вынікаў гэтых каментароў.

Што азначае смайл

Два пасяджэнні суду яны разбіралі, што азначае смайл (там былі проста дужачкі). Кшталту, ці можна дзякуючы смайлу расцаніць каментар як жарт, а не як заклік да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў.

Суд працягваўся нядоўга  мяне даволі хутка, за два тыдні, разгледзелі. Увесь гэты час я знаходзіўся ў абласным СІЗА, а суд таксама быў абласным – праз 130-ты артыкул. Бо гэта «вельмі сур'ёзнае злачынства». Нароўні з генацыдам і экацыдам. Нават смешна месцамі.

Суд быў закрытым. Не ведаю, чаму. Хутчэй за ўсё, таму, што там фігуруюць асобы – і каб не падарваць іх аўтарытэт. Ён пачаўся ў лютым.

Мне прысудзілі тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Яшчэ быў тры месяцы ў чаканні апеляцыі. Яна была ў Вярхоўным судзе. Туды я не ездзіў, але прыйшла паперка: нейкі пракурор нават падаў пратэст, што мне занадта шмат далі. Але суд пакінуў усё без змен.

Мы там — асобная група

У калонію № 15 я прыехаў 9 траўня. Вясёлага там мала, але жыць можна. Мабыць, мой сталы досвед адбіваўся, напрыклад, жыцця пасярод Венесуэлы ў намёце, і мне не такімі падаюцца гэтыя ўмовы жорсткімі... Прыемнага, натуральна, мала, камфорту асаблівага няма. Але гэта яшчэ ад атрада залежыць. Ёсць атрады, дзе рамонт больш ці менш свежы. Я быў у такім.

Я адчуваў іншае стаўленне, бо «палітычны». Мы там — асобная група. Там калі абагульняць, то ёсць тры катэгорыі: звычайныя «бандзюжкі», «нізкі статус» і мы.

У нас быў момант: адзін з «палітычных» пераключыў у тэлевізары на футбол. Камусьці гэта не спадабалася, пайшоў паскардзіўся атрадніку  і мы тыдзень слухалі гімн праз гэта. Гэта значыць, начальнік атрада нас сабраў і сказаў: «Вас аб'яднаў 20-ты год, і таму за "касякі" кожнага будзеце адказваць калегіяльна». І вось так: раніцай, калі ён прыходзіў на працу, ён уключаў гімн на тэлевізары  і мы стаялі, слухалі яго, і ўвечары (калі ў яго вячэрняя змена) перад адбоем ён сыходзіў і уключаў гімн. Але даволі хутка ён гэта спыніў: спачатку сказаў, што такое будзе два тыдні  але дні чатыры сам пратрымаўся. Таму што зразумеў: нам пофіг. Магчыма, гэта было для таго, каб паміж намі разлад пасеяць. Але ў нас быў больш ці менш згуртаваны калектыў, і мы ўсе разумелі, што гэта лухта поўная. Да таго хлопца (які пераключыў на футбол) у нас ніякіх прэтэнзій не было.

Увесь атрад наш быў каля ста чалавек, і сярод іх чалавек 12-15 было «палітычных». Паводле якіх артыкулаў? Большасць – гэта «абраза», 130-х некалькі штук. Артыкулы разнастайныя, але ў асноўным большасць каментатараў. Ну і яшчэ рэшткі за мітынгі (342, 293). Быў адзін, які перавёў данат у 15 рублёў кудысьці. Калі разбірацца, там смешныя нагоды, за што людзей садзяць. Калі з боку глядзець.

Цалкам прачытаць гісторыю былога палітвязня можна тут.